«Буду галадаць да магілы». Жанчына ў Гомелі патрабуе ІІ групу інваліднасці

43-гадовая Наталля Васіленка трэцяга траўня пачала бестэрміновую галадоўку. Зрэшты, яе пенсіі і так не хапае нават на ежу, паведамляе "Радыё Свабода".

Жанчына ў адчаі: яе не бяруць на працу з-за абмежаванняў праз трэцюю працоўную групу інваліднасці, а пенсіі, якую плаціць дзяржава, не хапае нават на ежу.

Наталля мае трэцюю працоўную групу інваліднасці. Яе пенсія — каля 130 рублёў. «На рукі» Наталля атрымлівае каля 90 рублёў (бо мусіць плаціць за крэдыты.

Наталля знайсці працу не можа з прычыны мноства абмежаванняў, якія прапісала ў сваіх дакументах Міністэрства аховы здароўя.

«Як нам жыць? За што набываць ежу, лекі — якія вельмі дарагія? Дзяржава нас кінула паміраць — выжывай як хочаш», — кажа Васіленка.

Разам з Наталляй пачынала галадаць яшчэ адна жанчына з трэцяй працоўнай групай інваліднасці — Алена Клімовіч. Праз тры дні яна спыніла галадоўку, таму што атрымала прапанову працы з заробкам, які яе задаволіў. Яна пачне працаваць з чэрвеня.



Наталля Васіленка працавала ўсё жыццё на будоўлі. Атрымлівала неблагія грошы. Але здарыўся прыступ эпілепсіі, далі інваліднасць — трэцюю групу, потым — інсульт. Пачаліся сур’ёзныя грашовыя праблемы. На дадатак да ўсяго камунальныя службы за даўгі падалі ў суд. Стаяла пытанне пра тое, каб выселіць жанчыну на вуліцу без прадстаўлення іншага жытла.

«Пасля інсульту я чатыры месяцы ляжала адна ў сваім пакоі, чакала смерці, ні ў каго не прасіла дапамогі. І мой лёс нікога не цікавіў. Нікога. Але калі прыйшла позва на суд, што мяне высяляюць... Гэта перайшло ўсе магчымыя і немагчымыя межы. Я звярнулася да журналістаў», — узгадвае Наталля.

Пасля шэрагу артыкулаў камунальныя службы адклікалі свой пазоў, неабыякавыя людзі дапамаглі Наталлі грашыма, прадуктамі, рэчамі. Потым у справу ўмяшалася Святлана Алексіевіч. Яна пачала апекавацца Наталляй — дапамагла выплаціць пазыку ў адным банку і штомесяц пералічвае пэўную суму на рахунак жанчыны з інваліднасцю.

«Многія людзі дапамагалі мне. Не перадаць, як я ўдзячная Святлане Аляксандраўне — без яе дапамогі я проста ўжо не жыла б. Але чаму я павінна сядзець на шыі ў вядомай пісьменніцы? Чаму дзяржава кінула нас, інвалідаў, паміраць і не выконвае свае непасрэдныя абавязкі?» — кажа Наталля.

Паводле www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць