Будучыню парламенту разгледзяць на сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць

Чарговая сесія Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць пад назвай “Якім павінен быць беларускі парламент?” адбудзецца 27 сакавіка а 12.00. Такое рашэнне было прынята на чарговым пасяджэнні рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.



Нагадаем, што згодна прапанове сябраў рады пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы “Беларускую мову — у беларускі парламент!”, патрыёты Беларусі незалежна ад нацыянальнасці, палітычных і рэлігійных перакананняў аб’ядноўваюцца для актыўнага ўдзелу ў парламенцкіх выбарах у верасні бягучага году. Прычым вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты можа адбывацца як ад зарэгістраваных палітычных партый, так і шляхам збору подпісаў грамадзян.

Мяркуецца, што ініцыятыва аб’яднае кандыдатаў у дэпутаты па ўсіх 110 выбарчых акругах краіны, сябраў ініцыятыўных груп па зборы подпісаў і назіральнікаў, прычым кожны кандыдат будзе праводзіць сваю выбарчую кампанію выключна па-беларуску і будзе змагацца за тое, каб новы склад айчыннага парламенту працаваў выключна па-беларуску, прымаў на дзяржаўнай беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, унёс неабходныя змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і прыняў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”.

Акрамя беларускай мовы, дзейнасць ініцыятывы будзе абапірацца на прынцып справядлівых выбараў і каштоўнасці еўрапейскай дэмакратыі дзеля стварэння аднапалатнага парламенту з традыцыйнай беларускай назвай Сойм, заробак дэпутатаў якога не будзе перавышаць сярэдні заробак па краіне.

Для падрыхтоўкі сесіі ўтворана працоўная група пад старшынствам вядомай грамадскай дзяячкі,   першага намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, мовазнаўцы Алены Анісім.

Асноўным дакладчыкам на сесіі зацверджаны вядомы беларускі праваабаронца, былы суддзя Канстытуцыйнага суду, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў. Мяркуецца запрасіць да ўдзелу ў абмеркаванні пытання будучыні айчыннага парламенту дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XII і XIII скліканняў, прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў, юрыстаў, праваабаронцаў і журналістаў недзяржаўных СМІ, а таксама прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.

Акрамя таго, да ўдзелу у сесіі будуць запрошаныя грамадзяне, якія вырашаць балатавацца ў якасці кандыдатаў у парламентарыі.

На пасяджэнні рады было адзначана, што ініцыятыва “Беларускую мову — у беларускі парламент!” можа кансалідаваць нацыю, паколькі адзіным фактарам, здольным аб’яднаць беларусаў, з’яўляецца беларуская мова. Разам з тым, сябры рады звярнулі ўвагу на тое, што каб беларускі парламент сапраўды стаў голасам народа, трэба сутнасна змяніць ягоны склад — замест дэпутатаў, якія ідуць у вышэйшы заканадаўчы орган краіны дзеля таго, каб атрымаць добры заробак і вялікую пенсію, туды павінны прыйсці людзі, якія найперш дбаюць пра лёс вольнай нацыі, незалежнай дзяржавы, дэмакратычнай і квітнеючай Бацькаўшчыны.

На думку вядомага беларускага гісторыка. палітыка і грамадскага дзеяча, старшыні ТБМ Алега Трусава, усё роўна некалі адбудуцца справядлівыя парламенцкія выбары, да якіх трэба рыхтавацца загадзя. “Так што ў самым горшым выпадку мы можам разлічваць на рэпетыцыю такіх сапраўдных выбараў, а ў лепшым выпадку — спадзявацца на тое, што ў новы склад парламенту пройдуць беларускамоўныя дэпутаты з дэмакратычнымі каштоўнасцямі”, — сказаў Алег Трусаў.

Каментаваць