Будзе яшчэ горш

З кожным днём краіна набліжаецца да дэфолту. І пакуль улада запэўнівае, што ўсё будзе добра, вінаваціць ва ўсім знешніх і ўнутраных ворагаў, насельніцтва скупляе валюту, нерухомасць, лядоўні і ўсё тое, што можна ў гэтыя лядоўні пакласці.



З кожным днём краіна набліжаецца да дэфолту. І пакуль улада запэўнівае, што ўсё будзе добра, вінаваціць ва ўсім знешніх і ўнутраных ворагаў, насельніцтва скупляе валюту, нерухомасць, лядоўні і ўсё тое, што можна ў гэтыя лядоўні пакласці.

Хтосьці кажа, што мы ўжо даўно скаціліся на дно эканамічнай яміны, хтосьці сцвярджае, што мы толькі на пачатку гэтага шляху. І чым далей, тым будзе горш. У любым выпадку, напэўна, толькі самы адданы прэзідэнцкі электарат яшчэ верыць у беларускі эканамічны цуд. Усе астатнія рыхтуюцца да горшага. Так, згодна апытанню на партале TUT.BY, 39 працэнтаў рэспандэнтаў прагназуюць, што за гэты год цэны вырастуць на 100–500%, 26 працэнтаў апытаных больш аптымістычныя і вераць, што цэны павялічацца толькі на 70–100%. Яшчэ 11 працэнтаў лічаць, што інфляцыя будзе вышэй за 500%. Такім чынам, 76% рэспандэнтаў не вераць у інфляцыйныя прагнозы ўлады (33–39%).

Валютны крызіс і неўтаймаванае падвышэнне коштаў на ўсё, што яшчэ карыстаецца попытам, — толькі пачатак праяўлення сістэмнага крызісу беларускай мадэлі.

Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі, прафесар Станіслаў Багданкевіч лічыць, што «некампетэнтнае аўтарытарнае кіраванне эканомікай прывяло напачатку 2011 года да абвальнага разбурэння цывілізаванага валютнага рынка — аднаго з нешматлікіх рэальных дасягненняў улады. Разбурэнне з’явілася следствам нізкай эканамічнай эфектыўнасці, жыцця краіны не па сродках у апошнія гады — за кошт продажу дзяржуласнасці і прыцягнення вонкавых пазык. Бачнасць дабрабыту, бачнасць росту эканомікі забяспечваліся велізарнай крэдытнай экспансіяй, «друкарскмім станком» Нацыянальнага банка. У рублёвай рэсурсавай базе банкаўскай сістэмы краіны доля друкарскага станка дасягнула 49%».

Сапраўды, 16 гадоў краіна жыла не па сродках. Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі, па дадзеных гандлёвага балансу, за студзень-люты 2011 года склала 1 мільярд 967,3 мільёна долараў. За сакавік гэта лічба павялічылася яшчэ амаль на 900 мільёнаў і склала 2,819 мільярда долараў. Такім чынам, штомесяц краіна марнуе амаль на 1 мільярд больш валюты, чым зарабляе. А гэта, па адзнаках Станіслава Багданкевіча, — амаль 25% ВУП (дарэчы, у 2003 годзе доля адмоўнага сальда ў ВУП складала толькі 3%).

Адкуль гэтыя грошы? Доўгія гады ўлады Беларусі вырашалі свае палітычныя праблемы, забяспечваючы сацыяльна-эканамічную стабільнасць за кошт мільярдаў прыбытку ад продажу нафтапрадуктаў. Па розных ацэнках, гэты прыбытак складаў 7–10 мільярдаў долараў у год.

Яшчэ адна крыніца прыбыткаў — знешнія пазыкі. На 1 студзеня 2011 года знешні доўг Беларусі склаў больш за 28 мільярдаў долараў. Гэта некрытычная лічба. Але пытанне ў тым, куды ідуць гэтыя грошы? А яны марнаваліся і марнуюцца на падтрыманне міфу пра сацыяльную стабільнасць. У той час, як асноўныя вытворчыя фонды працягваюць зношвацца (толькі па афіцыйных дадзеных, асноўныя фонды зношаны больш, чым на 80%).

Акрамя таго, валюта марнуецца на рост аб’ёмаў вытворчасці нікому не патрэбных тавараў — зноў жа для падтрымання міфу пра штогадовы эканамічны рост.

Красамоўным прыкладам бесталковага выкарыстання валютных рэсурсаў стала паведамленне старшыні Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці Васіля Максімава пра тое, што Чашнікская папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», якая выпускае папяровыя мяшкі, закупляла макулатуру ў Расіі за валюту, каб выключыць прастоі абсталявання і людзей.

Увесь гэты час мы праядалі грошы, якія павінны былі ісці на мадэрнізацыю. Вялікія заробкі чыноўнікаў і дэпутатаў, не забяспечаныя канкурэнтным таварам заробкі рабочых і калгаснікаў, лядовыя палацы, дажынкі, шматлікія дзяржпраграммы — аграгарадкі, агратурызм, БРСМ. І ў выніку — насельніцтва не ведае, куды дзець свае нічым не падмацаваныя мільёны, якія з кожным днём усё больш нагадваюць фанцікі ад карамелек.

Рэальныя прыбыткі насельніцтва за чатыры месяца гэтага года скараціліся амаль у два разы. «У снежні мая пенсія была 634 тысячы, — тлумачыць Таццяна П. з Мінска. (На пенсіі яна ўжо 5 гадоў, але па магчымасці знаходзіць розныя падзаробкі). — На гэту пенсію я магла купіць, напрыклад, 210 долараў, ці 80 кілаграмаў грэчкі, 200 кілаграмаў бульбачкі, 30 кілаграмаў мяса, прыкладна 125 бутэлек сланечнікавага алею. А сёння гэта ўжо 100 долараў, 30 кілаграмаў грэчкі, 100 кілаграмаў бульбы, 15 кілаграмаў мяса і 70 бутэлек алею. Так што, як ні круці, за тыя ж грошы я магу купіць усяго ў два разы менш. А кошты ў крамах растуць з кожным днём».

І ніякая пастанова Саўміна пра дадатковы пералік сацыяльна значных тавараў, кошты на якія будуць рэгулявацца дзяржавай (прынятая, дарэчы, 28 мая), сітуацыю з цэнамі не зменіць.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што «механізм гіперінфляцыі ўжо запушчаны, і самае галоўнае, што нас чакае, рэзкае зніжэнне спажывецкага попыту, таму што насельніцтва ўжо не ў стане на цяперашнім узроўні пенсій і зарплат плаціць па элементарных групах тавараў».

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў месяц таму запэўніў, што «да сярэдзіны года кошты збалансуюцца і знойдуць сваё раўнаважкае становішча».

З міністрам не згодны сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў: «Інфляцыя будзе расці прыкладна такімі ж тэмпамі, як і цяпер. Штомесяц рэальны рост коштаў складае 10%, калі не вышэй».

Тыя стабілізацыйныя крэдыты, якія ўлада спадзяецца атрымаць ад Расіі і МВФ, пры існуючым узроўні спажывання, сітуацыю не ўратуюць. Па падліках фінансавых аналітыкаў, толькі для таго, каб неяк выправіць сітуацыю, Беларусі патрэбна мінімум 1 мільярд долараў штомесяц. А каб далей развівацца, патрэбны яшчэ 1 мільярд інвестыцый штомесяц. Задача цяжкавыканальная, асабліва калі ўлічыць, што ніякай абяцанай лібералізацыі эканомікі няма. Сітуацыя, верагодна, будзе ўсё больш абвастрацца. Наперадзе — або зварот да незавершаных рынкавых рэформаў першай паловы 1990-х, або лагічнае завяршэнне беларускай мадэлі пераходам, напрыклад, да кубінскага ўзору, або прывязка да расійскага рубля і страта суверэнітэту, або нешта больш кардынальнае.
 

Каментаваць