Будзем жыць у паралелі

Стаўленне да ўлады ў Беларусі наўпрост залежыць ад узроўню матэрыяльнага дабрабыту. Праблемы

з палітычнымі свабодамі, наяўнасць у краіне палітвязняў хвалююць беларусаў мала.

У сакавіку Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс) правёў апытанне грамадскай думкі (метадам face-to-face interview апытана 1509 рэспандэнтаў ва ўзросце 18 гадоў і старэй).

Стаўленне да ўлады ў Беларусі наўпрост залежыць ад узроўню матэрыяльнага дабрабыту. Праблемы

з палітычнымі свабодамі, наяўнасць у краіне палітвязняў хвалююць беларусаў мала.

У сакавіку Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс) правёў апытанне грамадскай думкі (метадам face-to-face interview апытана 1509 рэспандэнтаў ва ўзросце 18 гадоў і старэй).

Аналітыкі НІСЭПД канстатуюць: «эканамічнае самаадчуванне беларусаў працягвае стабілізавацца. Хоць колькасць тых, чыё матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы палепшылася, усё яшчэ нашмат менш колькасці тых, чыё становішча пагоршылася, суадносіны гэтых паказчыкаў (15,3% супраць 40,4%). Паменшылася і колькасць тых, хто лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, з 87,6% у верасні да 77,2% у сакавіку.

Гэтая стабілізацыя прыво­дзіць да прыкметнага павышэння «сацыяльна-эканамічнага аптымізму»: калі ў верасні суадносіны тых, хто чакаў пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў бліжэйшыя гады, і тых, хто чакаў яе паляпшэння, складала 52,7% супраць 12,9%, то цяпер 22,5% супраць 32,7%. У той жа час гэты аптымізм носіць вельмі асцярожны характар — толькі 34,7% апытаных вераць лютаўскаму абяцанню Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «дакрызісны ўзровень заработнай платы працоўных будзе адноўлены на працягу года-паўтара», а 57,2% гэтаму не вераць.

«Што такое сярэдняя зарплата ў 500 долараў? Гэта зусім нізкі ўзровень, які мы павінны пераадолець. І гэта задача ўсіх. Я гэта вам кажу таму, што мы зверху пачынаем мацней, кажучы па-народнаму, ціснуць на мясцовыя органы ўлады», — заяўляў Аляксандр Лукашэнка ў лютым.

Гэта абяцанне росту заробкаў носіць характар дэжавю, бо напрыканцы 2009 года (за два гады да прэзідэнцкіх выбараў) абяцанне сярэдняга заробку ў эквіваленце 500 долараў было фактычна асноўным пунктам, з якім дзейсны кіраўнік дзяржавы «ішоў у народ».

«У пачатку года ў нас выбары ў мясцовыя саветы. А потым канец года, гэта прэзідэнцкая валтузня, праз год прэзідэнцкія выбары. Таму мы вымушаны бегчы хутчэй, чым беглі раней», — настаўляў сваіх падначаленых Лукашэнка. У выніку прыбеглі хутка, атрымалі маўклівую згоду беларусаў на бясчынства сілавікоў і эканамічны абвал у 2011 годзе. Вось такая яна, «шкварачная» Беларусь. Безумоўна, ніхто не гаворыць, што беларусы мусяць жыць у галечы, але ж апроч патрэбаў першай ступені мусяць быць і больш высокія. Толькі хвалююць яны невялікую колькасць людзей, якія разумеюць, што займаць зранку чаргу за таннейшым малаком — не ёсць лячэнне хваробы, на якую пакутуе Беларусь.

Стабілізацыя эканамічнага самаадчування пацягнула за сабой і стабілізацыю іх адносінаў да кіраўніка дзяржавы. Колькасць тых, хто лічыць яго галоўным вінаватым у цяперашнім крызісе ў краіне, знізілася з 61,2% у верасні да 48,6% сёння (адпаведна, віна ўрада ўзрасла з 41,3% у верасні да 46,6%, парламента — з 11,9% да 17,4%, Еўропы — з 12% да 16%). Менавіта з Лукашэнкам цяпер звязвае надзеі на выхад з крызісу найбольшая колькасць рэспандэнтаў — 35,9%. Павялічылася і колькасць тых, хто давярае Лукашэнку: з 24,5% у верасні да 42,2% сёння, а тых, хто не давярае, скарацілася, адпаведна, з 62 да 48,5%.

Вяртаючыся да метадаў вырашэння праблем ва ўладзе. Сацыёлагі сцвярджаюць, што патэнцыял пратэсту ў беларускім грамадстве, нягледзячы на крызісы і скачкі рэйтынгу, на працягу многіх гадоў застаецца практычна нязменным (прыкладна чвэрць насельніцтва), а ў апошні час хутчэй зніжаецца, чым павышаецца. Так, калі ў верасні лічылі сябе ў апазіцыі да цяперашняй улады 28,3%, то ў сакавіку — 23,4%.

Паказальныя і адносіны рэспандэнтаў да людзей, якія ўсё ж абіраюць шлях не быць у маўклівай калоне. На пытанне аб адносінах да таго, што ў сту­дзені-лютым на шэрагу беларускіх прадпрыемстваў работнікі выйшлі з афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў і ўступілі ў незалежныя прафсаюзы, 27,6% адказалі, што «гэта правільнае рашэнне, толькі незалежныя прафсаюзы могуць абараніць правы працоўных», 35,7% сказалі: «гэта нічога не дае, незалежныя прафсаюзы не могуць абараніць правы працоўных», а 17% — «гэта няправільнае рашэнне, незалежныя прафсаюзы — «пятая калона», агентура замежных дзяржаў». Сумныя перспектывы для тых, хто ўсё яшчэ спадзяецца на беларускую салідарнасць.

Сацыёлагі, праўда, падфарбоўваюць карціну беларускай рэчаіснасці, агучваючы вынікі адказаў, што ілюструюць крыўду на органы ўлады. Звыш 21% апытаных зведалі незаконны гвалт з боку праваахоўных органаў, на думку народа, кіраўнік дзяржавы абапіраецца больш на сілавыя структуры, чым на простых людзей і інш. Цяпер не абароненымі ад магчымага самавольства з боку ўладаў, міліцыі, ДАІ, падатковай службы, судоў, іншых дзяржаўных структур адчуваюць сябе 51,1% . І ў той жа час 27,2% рэспандэнтаў не бачаць сэнсу абараняцца, дзяржава ўсё роўна выйграе. Ці не гэтае бяспраўе і бязвер’е ў магчымасць адстаяць сваю праўду пасяляюць у вочы людзей шэрую тугу, пра якую гавораць ці не ўсе замежнікі, што прыязджаюць у нашу краіну?

Але з любой сітуацыі ёсць выйсце, пытанне, які выбар зробіць канкрэтны чалавек. Пра любоў беларусаў да канструявання паралельнай рэчаіснасці гаворыць статыстыка па продажу алкаголю ў краіне. У студзені-лютым 2012 года рэалізацыя гарэлкі павялічылася на 11,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Доля гарэлкі ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 51,4% (у студзені-лютым 2011 года — 44,2%), паведамляе Белстат. Летась жа (нагадаем, краіна перажывала шок ад эканамічных узрушэнняў) аб’ёмы продажу алкаголю ўвогуле павялічыліся ў 2,1 разу.
 

Каментаваць