Будзе паўторнае грамадскае абмеркаванне праекту забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў

Мінскі райвыканкам вырашыў правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекту дэталёвага планавання (ПДП) тэрыторыі вакол Курапатаў.



Старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч выступае на сустрэчы грамадскасці з архітэктарамі 17 красавіка ў Доме культуры аграгарадку Лясны


Пра гэта гаворыцца ў адказе начальніка аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Мінскага райвыканакаму Сяргея Ціткова на ліст старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антона Астаповіча.
 
 
Нагадаем, што 17 красавіка ў Доме культуры аграгарадку Лясны (Мінскі раён) у межах грамадскага абмеркавання (ГА) вышэйназванага праекту адбылася прэзентацыя ПДП тэрыторыі з захаду ад народнага мемарыялу ў Курапатах. На гэтай сустрэчы адбылася дыскусія, пад час якой былі выказаны шматлікія заўвагі да праекту і падтрыманыя наступныя прапановы нарады экспертаў па сітуацыі вакол Курапатаў:
 
 
1. Выканаць прадпісанне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году аб вынасе ТАА “БелРэстІнвест” 4-х дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў.
 
 
2. Міністэрству культуры надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці, бо часовых схемаў заканадаўства не прадугледжвае і адсутнасць нарматыўна-прававога акта аб зонах аховы ўжо прывяла і надалей прывядзе да перманентнага парушэння заканадаўства пры распрацоўцы ПДП забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў.
 
 
3. Да выпраўлення гэтага сур'ёзнага парушэння заканадаўства, да паўнацэннага зацвярджэння канчатковага праекту зонаў аховы Курапатаў усе дзеянні, звязаныя з праектаваннем і пагатоў забудоваю тэрыторыяў вакол каштоўнасці павінны быць спыненыя.
 
 
У лісце ў Мінскі аблвыканкам і Мінскі райвыканкам ад 28 мая Антон Астаповіч звярнуў увагу чынавенства на тое, што ў парушэнне заканадаўства да гэтага часу не склікана камісія для завяршэння працэдуры грамадскага абмеркавання ПДП тэрыторыі вакол Курапатаў -- падвядзення вынікаў ГА і афармлення адпаведнага пратаколу. Дарэчы, у склад камісіі па ГА ўключаны і прадстаўнікі грамадскасці – Антон Астаповіч і археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей.
 
 
У адказе на ліст Антона Астаповіча Сяргей Ціткоў паведаміў, што “у сувязі з шматлікімі зваротамі грамадзян, якія не звярнулі ўвагу на розніцу найменняў у эксплікацыі (легенды ці тлумачэння ў картах, схемах і планах – М.Г.), прынята рашэнне аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў зноўку з экспазіцыяй, у якой будуць падзеленыя эксплікацыі будынкаў і зямельных участкаў, таксама асобна будзе прадстаўлена частка зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, гісторыка-архітэктурны апорны план і план ландшафтнага аналізу”.
 
 
Прычым рашэнне аб правяденні паўторных ГА будзе прынята пасля таго, як праектныя арганізацыі здадуць экспазіцыйныя матэрыялы. Чыноўнік запэўніў грамадскасць, што склад каміссіі па ГА застанецца ранейшым і што пра перыяд правядзення грамадскага абмеркавання Антон Астаповіч будзе праінфармаваны дадаткова.
 
 
Старшыня БДТАПГК лічыць неправавым рашэнне мясцовых уладаў аб адмене адбыўшагася і прызначэнні паўторнага ГА, бо, на ягонае меркаванне, прадстаўленыя матывы такога рашэння не прадугледжаны нарматыўна-прававымі актамі. Разам з тым, Антон Астаповіч выказаў заклапочанасць пазіцыяй беларускай грамадскасці, якая пасля правядзення грамадскага абмеркавання не праявіла належнага інтарэсу да ягоных вынікаў.

Каментаваць