Будзем жыць па сродках

Беларусі вельмі патрэбныя грошы. Нарэшце іх вырашылі пашукаць у сябе. Нацыянальны банк прыняў знешне радыкальны план рэформаў эканомікі, скіраваны на скарачэнне выдаткаў.



На паперы адмыслоўцы Нацбанка гатовыя змірыцца з замаруджваннем росту ВУП і перайсці да жорсткай эканоміі. Але наўрад ці гэтыя мары і разлікі спраўдзяцца.

План прадугледжвае некалькі незвычайных жорсткіх крокаў. Найперш, гэта скарачэнне крэдытавання беларускай эканомікі. Да канца года прадпрыемствы мусяць атрымліваць не больш за 30 трыльёнаў рублёў у месяц (1% прыросту патрабаванняў банкаў да эканомікі ў месяц), а за ўвесь наступны год прырост патрабаванняў банкаў павінен скласці не больш чым 52 трыльёны рублёў. То бок, беларускія прадпрыемствы атрымаюць менш крэдытаў, чым ім хацелася б.

Дарэчы, ва ўрадзе таксама задумаліся над тым, каб завярнуць мадэрнізацыю тых прадпрыемстваў, якія не падпадаюць пад першую хвалю гэтай праграмы.

Другі крок: гэта пошук унутраных грошай. Да канца года краіна мае намер прадаць на ўнутраным рынку аблігацый на 500 мільёнаў долараў. Можа, гэта і рэальна: папярэднія гадавыя валютныя аблігацыі карысталіся попытам у насельніцтва. Да таго ж, улада плануе раскансерваваць праграму IPO — размяшчэнне акцый высокаліквідных ААТ Беларусі на айчынных і замежных біржах. Можа, знойдзецца небарака, які захоча іх прыдбаць, нягледзячы на нашу практыку «залатой акцыі».

Улада таксама шукае грошы ў бюджэт, каб ён атрымаўся бездэфіцытным. Для гэтага частку прыбытку папросяць не толькі ў высокарэнтабельных прадпрыемстваў, але і ў банкаў.

Падатковая рэформа адкладаецца на лета наступнага года. Плануецца разглядзець пытанне аб увядзенні адзінага падатку на маёмасць, перайсці да выплаты падатку на нерухомасць у залежнасці ад рэальнага кошту аб’екта, а таксама скараціць некаторыя льготы па падатках.

Ёсць у плане Нацбанка і яшчэ некалькі прапановаў, кшталту павышэння пенсійнага ўзросту, продажу ўчасткаў пад катэджы на 50 мільёнаў долараў ды іншыя.

А яшчэ ёсць цікавая сумесная пастанова ўрада і Нацбанка пра тое, каб у 2014 годзе атрымаць да 4,5 мільярда долараў ад прыватызацыі аб'ектаў дзяржуласнасці стратэгічнымі інвестарамі.

Калі разбіраць гэты план па костках, то, насамрэч, мы ўбачым, што тут, па-першае, няма нічога новага, а па-другое, на вялікі жаль, па сродках мы жыць не будзем. Бо план складзены для «знешняга карыстальніка» — з гэтым планам урад і Нацбанк маюць намер пачаць перамовы аб выдзяленні новага крэдыту МВФ. І падаецца, што мы гэта ўжо праходзілі не далей, як у 2010 годзе.

Выконваць план можна лёгка. Узяць хаця б такі момант, як дзяржаўнае скарачэнне крэдытавання эканомікі. Яго можна згарнуць хоць зараз, і да нуля, але ад гэтага нічога не зменіцца. Бо ў 2011 годзе быў заснаваны Банк развіцця: фармальна адкрытае акцыянернае таварыства, якое створана ў адпаведнасці з указам прэзідэнта Беларусі. Асноўнай функцыяй гэтага банка з’яўляецца фінансаванне інвестыцыйных праектаў, а таксама крэдытаванне дзяржаўных праграм. То бок, калі банк развіцця і крэдытуе праграму мадэрнізацыі і сельскую гаспадарку, то фармальна дзяржава не мае да гэтага дачынення. Гэта ААТ «Банк развіцця» закопвае грошы, а не ўрад.

Пра аблігацыі і ІРО шмат ужо казалі. З першымі ўсё зразумела, што ж тычыцца ІРО, то мы праводзім такую падрыхтоўку з 2010 года, і ўсё дарэмна. Вядома, чаму дарэмна, бо першы крок да ІРО — гэта правядзенне незалежнай і празрыстай праверкі прадпрыемства са справаздачай па міжнародных стандартах. Другі крок — увядзенне незалежнага Назіральнага савета і Савета дырэктараў. Ужо на гэтых двух этапах місію можна лічыць праваленай.

Папрасіць грошы ў суб’ектаў гаспадаркі на бездэфіцытны бюджэт, зноўку падаіць прадпрымальнікаў, адкласці падатковую рэформу — з гэтым праблемаў не будзе. Але з прадпрымальнікаў шмат ужо не выціснеш, а ў банкаў і без бюджэту крызіс ліквіднасці — стаўка па аднадзённых рублёвых міжбанкаўскіх крэдытах скача з 40 да 80%. Так што багата грошай наўрад ці набярэцца. А калі і набярэцца, то ў шкоду той жа эканоміцы.

І асаблівая песня — гэта прыватызацыя. Ужо год пяць у нас планы пра тое, што ад прыватызацыі мы павінны атрымаць ад 2,5 мільярда да 5 мільярдаў долараў штогод. А атрымліваем — кату па пяту.

Да таго ж Аляксандр Лукашэнка ў мінулую пятніцу на сустрэчы з расійскімі журналістамі ясна сказаў: распродажу прадпрыемстваў не будзе. Не будзе нават стварэння даўно замоўленых холдынгаў кшталту «МАЗ — КамАЗ». Пра якую прыватызацыю можна казаць?

Уся гэтая гульня з праграмамі эканоміі скіравана толькі на МВФ — ім можна паабяцаць усё, што заўгодна для атрымання чарговага крэдыту. І, па прынцыпе фінансавай піраміды, новым крэдытам разлічыцца за старыя запазычанасці. А заадно і падтрымаць «беларускую стабільнасць», якая ўсім ужо надакучыла, у 2014 — пачатку 2015 года.

Трэба памятаць, што казаў Аляксандр Лукашэнка ў 2010 годзе. А тады ён казаў, што не Расія выратавала Беларусь. Беларусь пасля дэвальвацыі 2009 года выратаваў МВФ, прадаставіўшы крэдыт, які нам зараз і трэба аддаваць. За кошт гэтага — падкрэслім, заходняга, — крэдыту і быў забяспечаны подкуп выбаршчыкаў заробкам у 500 долараў, ростам тарыфаў ЖКГ толькі ў 5% і іншымі рэчамі, якія называюць «сацыяльным кантрактам». Пусціўшы крэдыт МВФ на праяданне замест мадэрнізацыі эканомікі, улада забяспечыла абранне ў 2010 годзе Аляксандра Лукашэнкі на чарговы прэзідэнцкі тэрмін, і, адпаведна, дэвальвацыю 2011 года.

Так што новы план эканоміі і беражлівасці — зусім не новы. Гэта проста адзін у адзін паўтарэнне сцэнару 2010 года. Мы просім грошы ў МВФ ізноў на эканамічныя рэформы, а пойдуць яны ў 2014 годзе зноў на тое, каб забяспечыць пераабранне Аляксандра Лукашэнкі ў 2015-м.

Цікава, ці падзякуе за гэта МВФ Аляксандр Рыгоравіч у 2015 годзе, як ён дзякаваў у 2010-м? І ці будуць у нас наступствы гэтага ў 2016-м, як былі ў 2011-м?

Каментаваць