«Будзьма беларусамі!»: май — час квітнець культурніцкім ідэям!

Культура паляпшае жыццё! Гэтую невідавочную аксіёму актыўна прасоўвае ў грамадстве культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”. А дзеля таго, каб гэта не засталося выключна ў полі тэарэтычным, кампанія заклікае ўсіх зацікаўленых у развіцці культурніцкага жыцця свайго рэгіёна ці агулам краіны прапаноўваць ідэі на адмысловы конкурс. Аўтарам найлепшых праектаў будзе аказаная рознабаковая падтрымка ў рэалізацыі іх задумаў.

 



Конкурс ідэй


Як гэта ўсё будзе адбывацца, расказвае каардынатар кампаніі, старшыня Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская:

— Тое, што культура паляпшае жыццё для нас, тых, хто працуе дзеля папулярызацыі беларускай культуры, гэта бясспрэчна. Аднак якім менавіта чынам і хто гэта здольны рабіць? Мы лічым, што любы ініцыятыўны чалавек здольны паўплываць на культурніцкае жыццё калі не ў глабальным маштабе, то ў лакальным дакладна. Таму ў гэтым годзе мы абвесцілі конкурс грамадска-культурніцкіх ідэяў, рэалізацыя якіх дала б магчымасць жыхарам горада/рэгіёна/краіны адчуць, як палепшылася іх культурніцкае жыццё. З гэтай мэтай мы шукаем актыўных, ініцыятыўных людзей, гатовых прадставіць і рэалізоўваць свае прапановы для паляпшэння культуры ў самых розных яе праявах — ад высокамастацкай да побытавай.

Мы зладзілі ўжо некалькі “Кірмашоў праектаў” у розных гарадах Беларусі, на якіх людзі і грамадскія ініцыятывы прадстаўлялі свае праекты для публічнай ацэнкі, карысных парад, пошуку аднадумцаў і партнёраў “тут і цяпер”. Нам было радасна бачыць, што большасць праектаў сапраўды актуальныя і запатрабаваныя з боку мясцовай грамадскасці, людзі вельмі добра разумеюць што трэба зрабіць, каб палепшыць жыццё свайго гораду, рэгіёну. Няма недахопу арыгінальных і цікавых ідэй, і гэта вельмі добра.  Таму мы вырашылі дапамагчы гэтым ініцыятывам рэалізавацца праз пошук партнёраў, праз інфармацыйную і арганізацыйную падтрымку абвясціўшы агульнарэспубліканскі конкурс.

Узгаданыя суразмоўцай “Кірмашы праектаў” ужо прайшлі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, і ў кожным з рэгіёнаў сабралі больш за дзесятак разнастайных задумаў: ад забаўляльных і відовішчных — да больш маштабных і канцэптуальных. Тыя, хто не меў магчымасці паўдзельнічаць у “Кірмашы праектаў”, зараз могуць праз конкурс знайсці падтрымку сваім ідэям.

Прыярытэт для праектаў на “Конкурс ідэй” — цікавыя рашэнні, якія дапамогуць культурніцкаму жыццю ў вялікіх і маленькіх гарадах Беларусі выйсці на вышэйшы ўзровень, стаць заўважнымі для грамадства.

Калі ў Вас ёсць ідэя, якая спрыяе развіццю культуры ў самых розных яе праявах, а таксама спрыяе культурнай разнастайнасці вашага рэгіёна/горада,  кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашае дасылаць прэзентацыю такога праекта, а таксама інфармацыю пра ініцыятара на скрыню razam@budzma.org з пазнакай “На конкурс праектаў”. Ідэі прымаюцца да 15 мая 2013 г. уключна. Больш інфармацыі на сайце budzma.org.

— Асабліва чакаем на праекты, у ходзе падрыхтоўкі і рэалізацыі якіх будзе відавочнае пашырэнне камунікацыі розных “групаў” паміж сабой — ініцыятараў і дзяржаўных установаў, ініцыятараў і бізнэсу і інш. На маю думку, менавіта людзі, іх патэнцыял і разуменне важнасці сваёй працы вызначае якасць культуры, якую мы маем і можам мець, — кажа Ніна Шыдлоўская.

Інфармацыя пра конкурс ТУТ

 www.budzma.org

Каментаваць