Бульбу зааралі

Калі 23 кастрычніка мне на хатні тэлефон пазваніў сталы чытач газеты “Паходня, мой даўні знаёмы Сяргей, і паведаміў, што каля вёскі Вольніца Бялыніцкага раёна трактары заворваюць поле з нявыкапанай бульбай, прызнацца, я адразу не паверыў і вырашыў, што ён штосьці наблытаў.

Калі 23 кастрычніка мне на хатні тэлефон пазваніў сталы чытач газеты “Паходня, мой даўні знаёмы Сяргей, і паведаміў, што каля вёскі Вольніца Бялыніцкага раёна трактары заворваюць поле з нявыкапанай бульбай, прызнацца, я адразу не паверыў і вырашыў, што ён штосьці наблытаў.

Як гэта можа быць, каб у гэтым годзе, калі бульба паўсюдна не ўрадзіла і кошты на яе выраслі амаль у два разы, хтосьці мог дадумацца да таго, каб закапаць нядрэнны ўраджай у зямлю. Таму адразу вырашыў праверыць гэту інфармацыю, запрог каня і паехаў на бульбяное поле каля вёскі Вольніца.

Там я сваімі вачамі змог пераканацца, што чытач нашай газеты сапраўды сказаў чыстую праўду. Магутныя трактары МТЗ заворвалі поле з нявыкапанай бульбай, з другога боку працаваў трактар з культыватарам, які таксама хадзіў па бульбяному полю і пасля яго бульбу збіралі людзі. Як высветлілася пазней, гэта была так званая “біржа (людзі, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці насельніцтва). Удалечыні збіралі бульбу на той тэрыторыі, дзе раней прайшлі бульбаўборачныя камбайны, каля дзесятка жыхароў навакольных вёсак: Вольніцы, Сякеркі, Машчаніцы. У хуткім часе супрацоўнікі цэнтра занятасці скончылі загружаць трактарны прычэп з бульбай і з’ехалі дадому ў Бялынічы.

Трактары з плугамі працягвалі працаваць на ўчастку з некранутымі барознамі, закопваючы ў зямлю вырашчаны ўраджай.

Жыхары навакольных вёсак былі літаральна шакіраваны такім развіццём падзей. Па словах Аляксандра, жыхара вёскі Вольніца, бульбу пасля бульбаўборачных камбайнаў дазволілі збіраць літаральна за тры дні да гэтага, а так служба аховы ААТ “Новая Друць адразу ж праганяла з поля. У яго дома ў гэтым годзе ўраджай цалкам прапаў з-за дажджоў, таму ён вырашыў назбіраць хоць крыху бульбы для насення і асабістага харчавання, як і іншыя прысутныя на полі мясцовыя жыхары.

Пенсіі і заробкі ва ўсіх месцічаў нізкія, у крамах набыць бульбу па высокіх коштах яны магчымасці не маюць, таму дазволу сабраць тое, што засталося пасля ўборкі, людзі былі вельмі рады. Калі ж трактары пайшлі заворваць цалкам некранутае бульбяное поле, ніхто з людзей гэтага зразумець не мог. Па іх словах, калі гаспадарцы бульба непатрэбная, яны б яе выкапалі ўласнымі сіламі за некалькі дзён. Адміністрацыя ААТ “Новая Друць вырашыла, што лепш закапаць ураджай у зямлю.

Жыхар вёскі Машчаніца Рыгор выказаў думку, што гэта зроблена мэтанакіравана для таго, каб мясцовыя жыхары лепш куплялі бульбу ў краме гаспадаркі “Мара і каб кошт яе заставаўся высокім.

Па словах трактарыстаў, якія працавалі на полі каля вёскі Вольніца, загад заараць нявыкапаную бульбу далі пасля таго, як з-за дажджоў на гэтым участку не змаглі працаваць бульбаўборачныя камбайны. Па іх меркаванню, гэта было зроблена дзеля таго, каб даць справаздачу аб заканчэнні ўборкі бульбы ў ААТ “Новая Друць.

У наступныя дні 24 і 25 кастрычніка поле каля Вольніцы было цалкам пераворана. Ураджай бульбы быў закапаны ў зямлю. Тым часам кошт бульбы ў крамах Бялыніцкага раёна даўно пераваліў за тысячу рублёў за кілаграм.

Іван Барысаў

Каментаваць