Бульбаш-хол прытармазілі

Будаўніцтва забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» каля пахавання ў Курапатах часткова прыпынілі.



Нагадаем, увагу да будаўніцтва прыцягнула грамадскасць, быў праведзены нават адмысловы круглы стол «Абаронім Курапаты», дзе гаварылі аб недапушчальнасці будаўніцтва «Бульбаш-хола». На зварот удзельнікаў круглага стала адрэагавала Міністэрства культуры Беларусі. Ліст за подпісам намесніка міністра культуры Віктара Кураша атрымала арганізатар грамадскай ініцыятывы за ўратаванне Курапатаў Ганна Шапуцька.

 «У часе выезду на месца ўстаноўлена, што працы праводзяцца часткова ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым іх выкананне ажыццяўляецца без дазволу Міністэрства культуры», — сказана ў гэтым афіцыйным лісце. Мінкультуры выдала прадпісанне заказчыку работ прадпрыемству «Белрестинвест» і Мінаблвыканкаму аб спыненні работ у зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці. «Аднаўленне работ будзе магчыма пасля забеспячэння адпаведнасці праектнай дакументацыі прававым нормам».

Арганізатар ініцыятывы за ўратаванне мемарыялу Курапаты Ганна Шапуцька кажа, што грамадскасць выйграла час, але да поўнага спынення будаўніцтва забаўляльнага комплексу яшчэ далёка.

«Я ўпэўненая, што на прыпыненне будаўніцтва забаўляльнай установы ў Курапатах падзейнічала тое, што грамадскасць так актыўна выступіла супраць гэтай забудовы, актыўна пратэставала і падпісвала зварот у Генпракуратуру», — гаворыць актывістка.

Цікава, што Міністэрства культуры ведала пра будаўніцтва. У 2003, 2005 і 2006 гадах гэты праект быў узгоднены, яно дало дазвол на будаўніцтва. Калі прадстаўнікі Мінрайвыканкама і Мінкульта выехалі на месца забудовы, яны зрабілі замеры і выявілі, што будаўнікі выйшлі за тэрыторыю, якую ім прапаноўвалі для забудовы. І забудоўшчык вымушаны былі спыніць будаўніцтва на гэтай зоне. Як толькі забудоўшчык прывядзе дакументы ў парадак, ён зможа працягнуць работы ў ахоўнай зоне, адзначыла Ганна Шапуцька.

Удзельнікі круглага стала «Абаронім Курапаты» пагаджаюцца, што прыпыненне будаўніцтва забаўляльнага комплексу побач з пахаваннем рэпрэсаваных ёсць толькі першым крокам. Ганна Шапуцька паведаміла, што на чарговай сустрэчы ўдзельнікі ініцыятывы прынялі рашэнне патрабаваць скасавання гэтай забудовы ўвогуле. Адпаведны зварот будзе бліжэйшым часам накіраваны ў Савет Міністраў. «Таксама будзе зварот у Следчы камітэт і пракуратуру, каб там высветлілі, як такое магло стацца, што ажно да гэтага года Мінкульт не ведаў, хто і што там будуе, чаму дакументацыя не была ўзгодненая», — распавяла ініцыятарка ініцыятывы па абароне Курапатаў. Пазней будзе зварот да кіраўніцтва краіны з прапановай стварыць побач з Курапатамі музей ахвяраў рэпрэсій.

Нядаўна у інтэрнэце з’явіўся сюжэт з апытаннем мінакоў на тэму, што такое Курапаты? Узровень неабазнанасці беларусаў у тэме, канешне, уражвае. Магчыма, гэта падштурхнула абаронцаў Курапатаў да рашэння правесці маштабную інфармацыйна-асветніцкую кампанію, у тым ліку ў ёй абяцалі ўзяць актыўны ўдзел прадстаўнікі грамадскай кампаніі «Гавары праўду».

Грамадская ініцыятыва за ўратаванне мемарыялу Курапаты мае інтэрнэт-сайт, дзе можна знайсці апошнюю інфармацыю па тэме: http://kurapaty.by.

Ганна Шапуцька падкрэслівае, што яна і аднадумцы пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб побач з месцам расстрэлаў людзей паўстаў не забаўляльны комплекс, а мемарыял.

Яна заклікае ўсіх неабыякавых людзей падпісваць звароты і распавядаць сваім знаёмым пра Курапаты.

Петыцыю можна падпісаць у інтэрнэце. А лепш прыехаць на офіс БНФ (працуе з 10:00 да 20:00 па буднях) па адрасе Чарнышэўскага, 3–39: там знаходзіцца зварот у Генпракуратуру, пад якім можна паставіць свой подпіс.


Даведка:

Курапаты — лясны масіў на паўночным ускрайку Мінска, дзе былі пахаваныя людзі, расстраляныя ў 1937–1941 гадах. Колькасць пахаваных ахвяраў дакладна не вядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць ад 7 тысяч чалавек (паводле генеральнага пракурора Беларусі А. Бажэлкі) да 250 тысяч чалавек (паводле прафесара Вроцлаўскага ўніверсітэта Здзіслава Вінніцкага).

З 1993 года ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. З’яўляюцца найбольш вядомым сярод прынамсі васьмі месцаў масавых расстрэлаў, якія здзяйсняў НКУС на тэрыторыі Мінска.

Каментаваць