Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

#ButtonSOS: выратаваць жыццё адной кнопкай на смартфоне

Каманда маладога беларускага IT-стартапа «Multitracking SOS» з Мінска стварыла «аварыйную» кнопку — мабільную праграму «#ButtonSOS» для смартфонаў.

У экстранай сітуацыі яна апавесціць аб здарэнні абраных вамі людзей са спіса кантактаў, навакольных карыстальнікаў у радыусе аднаго кіламетра, а таксама прафесійных ратавальнікаў. Сам працэс падачы сігналу займае ўсяго некалькі секунд, паведамляе прэс-служба Multitracking Security.

У жыцці мы не можам прадбачыць, калі нам тэрмінова спатрэбіцца дапамога. Пры гэтым часта ў крытычны момант няма не толькі лішняй секунды на выклік службы выратавання ці званок блізкім, але і магчымасці гучна клікаць на дапамогу. Калі ў вас усё ж атрымалася  выклікаць ратавальнікаў, то час іх прыезду ў лепшым выпадку складзе каля 10 хвілін. А калі вы апынуліся ў аддаленай мясцовасці або вашу сітуацыю службы не аднясуць да экстраных, то чакаць можна нават да 2 гадзін. У гэтым выпадку неадкладна вам зможа дапамагчы толькі той, хто знаходзіцца паблізу, аднак і ён павінен ведаць, што здарылася.

Стваральнікі праекта «#ButtonSOS», які стаў нядаўна адным з пераможцаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі», сцвярджаюць, што іх распрацоўка здольная вырашыць праблему.

Пры націсканні кнопкі, выведзенай на экран блакавання смартфона, праграма разашле вашыя геаграфічныя каардынаты і падрыхтаванае загадзя кароткае паведамленне з просьбай аб дапамозе ўсім абраным кантактам, навакольным карыстальнікам праграмы ў радыусе аднаго кіламетра і службам выратавання ў 3 этапы. Працэс пачнецца з пяцісекунднай вібрацыі тэлефона. Калі кнопка была націснутая выпадкова, у вас будзе час адмяніць адпраўку сігналу. На нулявой секундзе запыт будзе разасланы па спісе давераных кантактаў. Праз 4 секунды вашы каардынаты і кароткае паведамленне, што падрыхтавана загадзя, будуць дасланыя ўсім карыстальнікам прыкладання, якія знаходзяцца ў радыусе 1 кіламетра. Яшчэ праз 3 секунды аўтаматычна запусціцца званок у экстраную службу. Усяго некалькі секунд — і пра праблему ўжо ведаюць і спяшаюцца на дапамогу.


«Мы кіраваліся тым, што кнопкай SOS трэба скарыстацца хутка, яна павінна быць зручнай. Таму мы прааналізавалі карыстальніцкі вопыт і дадалі кнопку прама на экран блакавання мабільнага тэлефона», — тлумачыць аўтар праекту Сяргей Косік.

«#ButtonSOS» можа стаць дапаможніцай і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У тым выпадку, калі неабходна дапамагчы вазочніку з перасоўваннем у бар'ерным асяроддзі або неадкладна аказаць медыцынскую дапамогу, адно націсканне кнопкі — і блізкія ці звычайны мінак ужо спяшаюцца да яго.

Акрамя асноўнай функцыі, праграма можа быць выкарыстана як GPS-трэкер для дзяцей і пажылых людзей. Лакацыя чалавека вызначаецца з дапамогай маяка, усталяванага ў праграмным модулі, а праз web-браўзер можна ўбачыць на мапе дакладныя каардынаты зніклага. Пры гэтым усе дадзеныя захоўваюцца на надзейным серверы, абароненым ад узлому.

Сама ж праграма зручна карыстальнікам любога ўзросту дзякуючы інтуітыўнаму інтэрфейсу.

Стваральнікі пастаянна ўдасканальваюць сваю мабільную праграму. На пачатку гэтага лета выйшла яе абноўленая версія, а ў планах распрацоўшчыкаў ўвядзенне новай функцыі: магчымасці адпраўкі паведамлення аб дапамозе не толькі карыстальнікам «#ButtonSOS », але і тым, у каго «трывожная кнопка» яшчэ не ўсталявана. Такім чынам, праграма дае магчымасць не толькі павялічыць шанцы на атрыманне хуткай дапамогі, але і выратаваць бліжняга ў крытычнай сітуацыі.

Праграма даступна для ўсталявання на Android-прылады ў Google Play.


Каментаваць