Было б на што скардзіцца…

Заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць скардзіцца абы на што, нават калі яны ў раю. Улады ў дошку разбіваліся, каб правесці Чэмпіянат свету па хакеі на належным узроўні. І ўсё роўна камусьці чагосьці не хапае.



На тыдні Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы ад паслоў замежных дзяржаў, выказаў меркаванне, што Чэмпіянат свету па хакеі дазволіць замежнікам скласці пра Беларусь уласнае неперадузятае меркаванне. «Для нас было важна, каб тыя людзі, якія ў нас не былі, а фанаты, аматары хакея — гэта актыўныя людзі, прыехалі сюды і на свае вочы паглядзелі нашу краіну», — сказаў Лукашэнка. Па яго словах, пра Беларусь напісана «вельмі шмат дрэннага». А таму была задача, «каб вы самі аб’ектыўна паглядзелі нашу краіну».

«Ужо поўная дэмакратыя: што хочуць (хакейныя заўзятары падчас ЧС у Мінску), тое і п’юць, дзе хочуць, там і п’юць. Міліцыя ўжо іх дадому адвозіць, калі трэба», — сказаў беларускі правадыр.

Канешне, наконт «што хочуць» Лукашэнка пажартаваў — на час ЧС па хакеі з мінскіх крамаў выдалена ўсё імпартнае піва. Мы пісалі ў пазамінулым нумары, што з 1 мая ўводзіцца паўгадовае ліцэнзаванне на імпарт пеннага напою з краінаў па-за межамі Мытнага саюза, але ж выдалены ўвесь імпарт — нават «мытнасаюзаўская» расійская «Балтыка»! Прычым, журналісты так і не здолелі ўцямна разабрацца, хто ж аддаў такі загад: у Мінгарвыканкаме кажуць, што нічога падобнага ніякім гандлёвым кропкам не казалі. У Міністэрстве гандлю таксама адзначаюць: загада прыбіраць імпартнае піва з паліцаў крамаў не было, была толькі «рэкамендацыя рэкламаваць айчыннае піва». І ўсё.

Самае смешнае, што ў Чэмпіянату па хакеі ў афіцыйных спонсарах два піўных брэнда: лакальны айчынны «Рэчыцкае» і міжнародны спонсар — расійская «Охота». Хоць абодва і належаць адной кампаніі — «Хайнекен», усё адно: спонсарская «Охота» ў мінскіх крамах не прадаецца!

Затое, як мы і прадбачылі, у афігенным плюсе апынулася «Лідскае». Няп’ючы аўтар гэтых радкоў, «прашарсціўшы» мінскія крамы, пабачыў поўную адсутнасць «нулёвай Балтыкі» і безалкагольнай «Абалоні». «Лідская нулёвачка» стала фактычна манапалістам у гэтым сегменце рынка.

Але хай з ім, з півам. Пэўна, яго трэба ўвогуле забараніць. На тыдні была апрылюднена чарговая справаздача Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, і мы даведаліся, што беларуская нацыя не співаецца — яна ўжо спілася. Беларусь лідзіруе ў рэйтынгу краін па ўзроўні спажывання алкаголю.

Паводле дадзеных СААЗ, кожны жыхар краіны ва ўзросце 15 гадоў і старэй штогод выпівае ў сярэднім 17,5 літра чыстага спірту. Пры гэтым на кожнага сярэднестатыстычнага мужчыну прыходзіцца 27,5 літра, на жанчыну — 9,1 літра. У гэтым сумным рэйтынгу мы апярэдзілі малдаван (16,8 літра ў год), літоўцаў (15,4 літра) і нават рускіх, дзе кожны жыхар, старэйшы за 15 гадоў, выпівае ў сярэднім 15,1 літра чыстага спірту штогод.

Між тым, тая ж СААЗ вызначае крытычны ўзровень ужывання алкаголю — 8 літраў спірту ў пераліку на кожнага жыхара краіны ва ўзросце ад 15 гадоў. У выпадку перавышэння дадзенай рысы адбываецца паступовая дэградацыя нацыі. Мы перавысілі гэты паказчык больш чым удвая!

Падчас чэмпіянату сорамна за некаторых калегаў. Напрыклад, журналіст Ігар Брагін у інтэрнэце «граміць» арганізатараў: усё яму не так. Складаная працэдура дагляду — пропуску на матчы, прэс-цэнтр размешчаны далёка ад арэны, няма скрыняў для захоўвання фотатэхнікі журналістаў, марудны і нестабільны інтэрнэт. І гэта яшчэ не ўсё. «Рэпрэсіі ўнутры арэны — вось самы балючы ўдар па прафесіяналах», — піша Брагін.

І што ж ён называе рэпрэсіямі? Першае: служба бяспекі забараніла вешаць камеры пад дах палацаў, дзе праходзяць гульні, і другое: для здымак Лукашэнкі фотакораў «сагналі ў адну кропку, на якой, па-добраму, цесна будзе і семярым».

Я ўяўляю, як рагоча, чытаючы пра такія «рэпрэсіі», напрыклад, журналіст Андрэй Пачобут, які тры месяцы адсядзеў у гарадзенскай турме, пакуль чакаў суда за «паклёп на прэзідэнта». Альбо журналісткі Ірына Халіп і Наталля Радзіна, якія прайшлі праз «амерыканку» — турму КДБ. Ці той жа фатограф Антон Сурапін, якога ў той жа «амерыканцы» трымалі ні за што — крымінальная справа ў яго адносінах так і не разглядалася. Ці Мікола Маркевіч, узгадваючы сваю «хімію»… Вось гэта рэпрэсіі, а тое, пра што піша Брагін, — так, дробныя хібы, нават не непрыемнасці.

А тое, што «інтэрнэт марудны», ды «складаная працэдура дагляду», дык гэта ўвогуле недарэчна. Паспрабаваў бы ён патрапіць у звычайны беларускі суд на якую-небудзь «гучную справу», дзе няма не тое што інтэрнэту — мабільная сувязь адсутнічае, дык працэдура дагляду на хакеі яму б паказалася драбязой.

Трэба не толькі на хакей хадзіць — трэба хоць крышачку даведацца аб краіне, у якую ты едзеш. Тады б асэнсоўваў, што Беларусь у рэйтынгу свабоды прэсы знаходзіцца на 157-м месцы сярод існуючых 180-ці.

Што прапанаваны журналістам інтэрнэт ад «Белтэлекама» ў Беларусі называюць па-руску «Елетелеком». Што ў любой кропцы мабільнай сувязі па прад’яўленні пашпарту можна набыць больш стабільную 3G-картку нават з мадэмам, і не залежаць ад ласкі арганізатараў. І ўвогуле, гледзячы па фотцы, спадар Брагін — даволі сталы чалавек. Мог бы і ўзгадаць, як працавалі журналісты, калі такой штукі, як «інтэрнэт», увогуле не было.

Ну і, канешне, на фоне расійска-ўкраінскага канфлікту нас працягваюць радаваць родныя парламентары. Яны працягваюць шукаць альтэрнатыву адпачынку ў Крыме, і ў іх гэта няблага атрымліваецца. Раней мы паведамлялі, што з 1 чэрвеня можна без віз ездзіць у Турцыю, а зараз Ніжняя палата беларускага парламента ратыфікавала пагадненне паміж Беларуссю і Казахстанам аб парадку знаходжання грамадзян дзвюх краін. Дакумент дазваляе грамадзянам Беларусі знаходзіцца на тэрыторыі Казахстану без рэгістрацыі на працягу 30 дзён.

Кумыс у даёнцы, скокі на вярблюдах, бойкі баявых бараноў, бешбармак у медным тазіку, прыгажуні з нязвыклымі рысамі твару — усё гэта зараз і без рэгістрацыі!

Каментаваць