Бывай, цудоўны чалавек і сябра

Адышоў у лепшы свет выдатны публіцыст, палітолаг, гісторык, журналіст, які цаніў свабоду, незалежнасць, дэмакратыю  і за гэта шчыра змагаўся, — Аляксей Сцяпанавіч Кароль.



Беларусь-Літва засталася без сапраўднага адраджэнца, асірацела на аднаго з яе выбітных сыноў — Аляксея Караля.

З Аляксеем Каралём, кандыдатам гістарычных навук, я пазнаёміўся ў 1975 годзе — сорак гадоў таму. У той час ён працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП Беларусі, а я — загадчыкам  рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР.

Аляксею Сцяпанавічу я дасылаў на рэцэнзаванне рукапісы па гісторыі Беларусі ў асноўным партыйнай тэматыкі, патрыятычнага падполля, партызанскага руху гісторыкаў Інстытута гісторыі АН БССР. Ягоныя рэцэнзіі адрозніваліся глыбокім аналізам, слушнымі заўвагамі па тэксце, дакладнымі і зразумелымі высновамі. Сваімі заўвагамі ён дапамагаў аўтарам дапрацоўваць рукапісы.

Усё Аляксей Кароль рабіў з душою, натхнёна.Такое нашае супрацоўніцтва доўжылася шмат гадоў. Многія "падапечныя" з падзякаю ціснулі яму руку за ягоны ўклад у іхныя поспехі.

У 1998 годзе Аляксей Сцяпанавіч працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы і выдаваў газету "Згода". У гэтым Інстытуце ў той час  працаваў і я. Спадар Кароль прапанаваў дырэкцыі Інстытута выдаць кнігу "Хто ёсць хто ў Рэспубліцы  Беларусь". Гэты даведнік выйшаў у свет у 1999 годзе. І гэта было першае энцыклапедычнае выданне такога кшталту ў Беларусі. У падрыхтоўку і выхад гэтай кнігі вялікі ўклад унёс  Аляксей Сцяпанавіч.

Мы з ім часта сустракаліся, абменьваліся думкамі па тых ці іншых пытаннях, удзельнічалі ў навуковых канферэнцыях.

Аляксей Кароль  быў чалавекам з адкрытай душой і палымяным сэрцам. Ён быў сапраўдным светачам у цёмнай прасторы аўтарытарызму нашай краіны. Ён пакінуў свой прыкметны след у гісторыі нашай Бацькаўшчыны як журналіст і  выдавец газет "Згода" і "Новы Час", як аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі, паліталогіі і інтэрв'ю з нашымі сучаснікамі.

Цікавыя ідэі спадара Караля могуць служыць беларускаму народу ў адраджэнні нашай Краіны.

Выказваю шчырае спачуванне сям'і, родным, блізкім, сябрам, калегам
і супрацоўнікам газеты "Новы Час".

Бывай, цудоўны чалавек сябра. Хай будзе Табе пухам родная зямля.

Надрукаваў і даслаў у рэдакцыю айцец Леанід Акаловіч

Каментаваць