Ці будзе АГП судзіцца з АНТ?

У нядзелю, 8 красавіка, у праграме “Контуры беларускага тэлеканалу АНТ быў працытаваны артыкул з сайта “Товарищ.online “З’езд АГП завяршыўся гучным скандалам. Гэты артыкул утрымліваў сцвярджэнні, што Анатоль Лябедзька быў незаконна названы новым старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі на апошнім з’ездзе арганізацыі 31 сакавіка.



У нядзелю, 8 красавіка, у праграме “Контуры беларускага тэлеканалу АНТ быў працытаваны артыкул з сайта “Товарищ.online “З’езд АГП завяршыўся гучным скандалам. Гэты артыкул утрымліваў сцвярджэнні, што Анатоль Лябедзька быў незаконна названы новым старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі на апошнім з’ездзе арганізацыі 31 сакавіка.

Маўляў, кіраўнікі партыяў “Справядлівы свет Сяргей Калякін і БНФ Аляксей Янукевіч, а таксама прадстаўнік аргкамітэту па стварэнню партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Дзяніс Садоўскі правялі экзіт-полы пасля галасавання па выбарах лідара АГП сярод дэлегатаў з’езду і высветлілі, што за Лябедзьку нібыта прагаласавалі толькі 15,5% удзельнікаў партыйнага форума. Аднак, прапагандысты з АНТ не звярнулі ўвагі (а мо ўсё ж звярнулі?) на тое, што артыкул быў апублікаваны 1 красавіка — у Дзень дурня. Пры гэтым, на сайце “Товарищ.online была размешчана спасылка, што ўсё напісанае ў артыкуле ёсць жарт. Тым не менш, дзяржаўны тэлеканал у сваёй нядзельнай праграме (праз тыдзень пасля публікацыі!) падаў гэта ўсё як праўду.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі (насамрэч на з’ездзе з 132 дэлегатаў падчас таемнага галасавання за яго выказаўся 101 чалавек, супраць – 23; 2 бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі і яшчэ 6 чалавек не прагаласавалі), зараз абмяркоўваецца пытанне, як партыя будзе рэагаваць на сюжэт у праграме “Контуры. Не выключаецца  магчымасць і звароту ў суд.

Сваё стаўленне да ўсяго гэтага ў інтэрв’ю “Новаму часу выказаў намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

— Тут нават цяжка нешта каментаваць. 1 красавіка многія сайты, многія сродкі масавай інфармацыі па традыцыі ставяць матэрыялы, якія ўмоўна можна аднесці да разраду “хочаце — верце, хочаце — не. Такія ж матэрыялы былі пастаўленыя і гэтым разам 1 красавіка. Прычым, улічваючы, што з’езд АГП адбыўся 31 сакавіка, то проста напрошвалася пажартаваць на гэты конт. Адпаведныя матэрыялы размясцілі і сайт газеты “Товарищ, дзе было сказана пра экзіт-пол, які нібыта ладзілі Калякін, Янукевіч і Садоўскі, а яшчэ адзін сайт, па-мойму, “Салідарнасць, напісаў наконт брата-блізнюка Лябедзькі. Нармальныя людзі пачыталі і пасмяяліся. А вось для беларускага тэлебачання “любое лыка ў радок. Ага, інфармацыя ёсць, вось тут мы яе і агучым. І няхай хто-небудзь да нас потым дачэпіцца — мы ж не самі, мы з сайта ўзялі! Такое ўражанне, што для нашага беларускага тэлебачання 1 красавіка доўжыцца круглы год. Альбо ў іх наогул адсутнічае пачуццё гумару.

Леў Марголін не лічыць, што паказанае па АНТ неяк нашкодзіла іміджу Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

— Мала хто глядзіць наша беларускае тэлебачанне, і яшчэ менш тых, хто яму верыць. А калі яшчэ засталіся ў нас наіўныя людзі, якія могуць паверыць, што ў нашай краіне ў нейкай апазіцыйнай партыі могуць прайсці нячэсныя выбары і нячэснае галасаванне, то, як кажуць, сцяг ім у рукі. Што тычыцца судовых перспектыў, то я, шчыра кажучы, нават не ўяўляю, ці ёсць яны. Нават тэарэтычна, я ўжо не кажу практычна. Таму што аэнтэшнікі насамрэч скажуць, што ўзялі інфармацыю з такога і такога сайта, а там нідзе не было сказана, што гэта першакрасавіцкі жарт: вось няма ў нас пачуцця гумару, так што мы не вінаватыя. 


 

Каментаваць