Ці ёсць правы ў беларускіх пацыентаў

Нядаўна ў Мінску стартаваў праект «Развіццё правоў пацыентаў», ініцыяваны грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр сацыяльных інавацый». І ўпершыню, каб абмеркаваць гэту тэму, за «круглым сталом» сабраліся прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя, дактары, супрацоўнікі трэцяга сектару ў галіне абароны правоў чалавека. Удзельнікі дзеляцца сваімі развагамі ды ўражаннямі ад спробы знайсці шляхі вырашэння праблемы.

Закон мог бы быць лепшым

Нядаўна ў Мінску стартаваў праект «Развіццё правоў пацыентаў», ініцыяваны грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр сацыяльных інавацый». І ўпершыню, каб абмеркаваць гэту тэму, за «круглым сталом» сабраліся прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя, дактары, супрацоўнікі трэцяга сектару ў галіне абароны правоў чалавека. Удзельнікі дзеляцца сваімі развагамі ды ўражаннямі ад спробы знайсці шляхі вырашэння праблемы.

Закон мог бы быць лепшым

«У беларускім заканадаўстве ёсць шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць правы пацыентаў Рэспублікі Беларусь, — распавядае юрыст грамадскага аб’яднання «Абарона правоў спажыўцоў» Кацярына Арлоўская. — Ёсць Закон аб ахове здароўя, які рэгулюе і тлумачыць пэўныя моманты, новая яго рэдакцыя ўвайшла ў дзеянне ў студзені. Ёсць Закон аб абароне правоў спажыўца, які таксама рэгулюе правы пацыентаў, але ён датычыць выключна тых, хто атрымлівае медычную дапамогу на платнай аснове, а не на бясплатнай. Новая рэдакцыя гэтага закона таксама дзейнічае са студзеня. Даволі неблагія законы, але яны — не поўныя, не цэльныя, адчуваецца раскіданасць інфармацыі».

Апроч таго, сябра праўлення Асацыяцыі хворых на рассеяны склероз «Беларускае таварыства інвалідаў» Алена Тамашэўская лічыць, што пацыенту не так лёгка разабрацца ў «раскіданых па розных дакументах правах і тэорыях, а напісанае ў законах, далёка не заўсёды адпавядае практыцы». «Правы юрыдычна існуюць у кожнага пацыента, — адзначае яна, — але, на жаль, дабіцца пацыент нічога не можа. Льготы інвалідаў скарацілі да мінімуму, гармоны толькі можна выпісаць. А шпіталізацыі ў доктара дамагчыся амаль немагчыма, і доктар таксама ні пры чым — куды ён будзе шпіталізаваць, калі папросту катастрафічна не хапае месцаў у шпіталях. А тым часам хвароба рассеяны склероз — цяжкая, страшная… Людзі пакутуюць на адзіноту. Не сакрэт, што 90 працэнтаў жанчын, якія захварэлі на рассеяны склероз, застаюцца з хваробай сам насам — мужы іх пакідаюць. Хаця большасць мужчын, што ў нашай асацыяцыі, — маюць сям’ю. Жонкі іх не кінулі. Атрымліваецца, што чалавек застаецца сам насам з хваробай, з адсутнасцю сродкаў, з цяжкай інваліднасцю, з як быццам бы прапісанымі нейкімі правамі на дапамогу ў заканадаўстве — і цалкам бездапаможным у сваёй бядзе».

Правоў не ведаем, абавязкаў не шукаем


Калі праца над праектам пачыналася, высветлілася, што ніякіх адмысловых даследаванняў на тэму правоў пацыентаў не праводзілася. Таму «Цэнтр сацыяльных інавацый» правёў гэтую працу самастойна. Апытвалі экспертаў з чатырох сектараў: чыноўнікаў Мінздрава, прадстаўнікоў трэцяга сектару, якія займаюцца абаронай правоў пацыентаў, грамадскіх арганізацый па абароне правоў медыкаў і юрыстаў-праваабаронцаў. Вынікі даследавання былі несуцяшальныя.

«Людзі, якія жывуць у Беларусі, калі нешта і ведаюць пра правы пацыентаў, то, хутчэй за ўсё, уяўляюць іх сабе вельмі няправільна, а гэта нараджае значна больш праблем, чым чагосьці станоўчага, — лічыць кандыдат сацыялагічных навук, аналітык Аксана Шэлест. — Нават самі эксперты вельмі лёгка блытаюць паняцце рэалізацыі правоў пацыентаў і абароны гэтых правоў. Калі мы спрабавалі разабрацца, дык як у нас усё ж працуе заканадаўства па абароне правоў пацыента, то ў якасці працоўных механізмаў у большасці сваёй эксперты называлі працу са скаргамі».

На думку доктара судова-медыцынскай экспертызы Андрэя Фаменкі, Беларусі варта ўзяць на ўзбраенне прагрэсіўны замежны досвед: «У еўрапейскіх краінах існуюць і асобныя законы аб правах пацыентах, існуюць асобныя законы, якія рэгламентуюць правы пэўных сацыяльных груп пацыентаў, існуе і развітая сістэма грамадскіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у рэгуляванні гэтых праблем».

Спробы стварыць адмысловы закон, прысвечаны правам пацыентаў, былі і ў Беларусі, распавёў старэйшы навуковы супрацоўнік лабараторыі асноў стандартызацыі норм забеспячэння аховы здароўя Таццяна Дудзіна: «У нашым цэнтры па даручэнні Міністэрства па ахове здароўя быў падрыхтаваны праект Закона па правах пацыентаў. Ён прайшоў ужо пэўную апрабацыю, быў агульны «круглы стол», як быццам усё абмеркавалі, усіх усё задаволіла, але далей за гэта не пайшло. Абмежаваліся тым, што ўсе правы цудоўна прапісаны ў дзейным заканадаўстве і не патрэбны асобны адзіны дакумент, з якім было б вельмі лёгка працаваць менавіта пацыентам».

«А пакуль што разабрацца ва ўласных правах пацыентам далёка не лёгка, — заўважыла юрыст Кацярына Арлоўская. — З усіх званкоў, якія паступаюць асабіста мне ў грамадскім аб’яднанні — прыкладна 70 працэнтаў звязаны з тым, калі я тлумачу, на што пацыент мае права, а на што — не мае. Гэтага людзі проста не ведаюць. Ці не разумеюць… Адсутнасць прававых ведаў — гэта, у прынцыпе, адна з самых вялікіх праблем у галіне абароны правоў пацыентаў наогул».

«Скаргі як масавы метад высвятлення адносін з беларускай медыцынай не выглядаюць канструктыўнымі, — лічыць Аксана Шэлест. — Праблема ў тым, што гэты прынцып працуе хутчэй як рэпрэсіўны ў дачыненні да медыцынскіх супрацоўнікаў, чым як механізм абароны права пацыента і тым больш яго рэалізацыі. У выніку, пацыенты незадаволены тым, што не рэалізуюцца іх правы, а медыкі — тым, што яны аказваюцца ў сітуацыі неабароненасці, бо скаргі разглядаюцца незразумела як, бо сама сістэма разгляду скаргаў у Міністэрстве аховы здароўя закрытая.

Камунікацыі як спосаб узаемапаразумення

Ацэньваючы вынікі «круглага стала», Таццяна Дудзіна зазначыла, што плён сумеснай працы мог бы быць значна большым, калі б у Беларусі быў наладжаны кантакт паміж трэцім сектарам і ўладнымі структурамі. Замежны досвед супрацы недзяржаўных і дзяржаўных арганізацый працуе на карысць грамадства ў цэлым. У нас жа грамадскім арганізацыям нялёгка быць пачутымі ўладай. А правы пацыентаў — не ёсць самамэта. Гэта, па меркаванні Дудзінай, — паказнік эфектыўнасці працы сістэмы аховы здароўя. А менавіта жорсткай вертыкалі, нарматываў, заканадаўства. «У нашай краіне вельмі цяжка размаўляць пра правы, калі пагаварылі ды разбегліся. Калі ў нас будзе страхавая медыцына, абараняць будзе няма чаго. Правы будуць выконвацца. А цяпер мы ў нейкім такім падвешаным стане: як быццам усё добра, але самога паняцця, што ёсць правы, якімі можна карыстацца, пакуль няма», — лічыць Таццяна Дудзіна.

Летась на «гарачую лінію» Міністэрства аховы здароўя паступіла больш за 5 тысяч зваротаў ад грамадзян, незадаволеных якасцю аказання медычнай дапамогі. Пісьмовых скаргаў у Мінздраве атрымалі 5600. Атрымліваецца, штодня каля 40 грамадзян Беларусі скардзіцца на якасць медычнага абслугоўвання.

Каментаваць