Ці пусціць БРСМ у Моладзевую палату апазіцыянера?

Моладзевае жыццё Мінска віруе: у сталіцы пачаліся выбары ў Моладзевую палату пры Мінскай гарадской Радзе дэпутатаў.



Моладзевае жыццё Мінска віруе: у сталіцы пачаліся выбары ў Моладзевую палату пры Мінскай гарадской Радзе дэпутатаў.

Моладзевая палата выконвае ролю кансультанта па моладзевай палітыцы. Яна складаецца з навучэнцаў 9–11 класаў і студэнтаў 1–2 курсаў. У гэтым годзе выбары, якія манапольна праводзіць “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праходзяць у два этапы. Падчас першага этапу ўсе жадаючыя мусяць даслаць сваю біяграфію і праграму на адмысловы сайт www.mp2011.by. З 5 па 9 снежня праходзіць анлайн-галасаванне за кандыдатаў. З кожнай выбарчай акругі абіраецца па 3 пераможцы, якія змогуць правесці агітацыю ў школах. А ўжо 24 снежня пройдзе выніковае галасаванне (галасаваць могуць толькі вучні 9–11 класаў), якое і вызначыць 57 чальцоў Моладзевай палаты.

Палата абіраецца ўжо трэці раз. Відавочна, што ў гэтым годзе выбарчая кампанія не будзе сумнаю і непрыкметнаю, бо ў гонку за дэпутацкае месца ўпершыню за ўсю гісторыю ўключыўся прадстаўнік апазіцыі — сябра арганізацыі “Малады Фронт Раман Пратасевіч. Імя Рамана Пратасевіч знаёмае многім па гучным скандале — у ліпені пасля адной з “маўклівых акцый юнака — прэзідэнцкага лаўрэата адлічылі з Ліцэя БНТУ, а праз канфлікт з бацькам-ідэолагам Ваеннай акадэміі падлетак сышоў з дому. Пасля агучвання гісторыі ў СМІ, сямейныя разлады супыніліся, Раман Пратасевіч вярнуўся ў сям’ю, паступіў у звычайную школу і далучыўся да дзейнасці “Маладога Фронту. Зараз юнак балатуецца па Усходняй акрузе Першамайскага раёна Мінска з праграмаю, складзенай на аснове праекта Закона пра моладзевую палітыку. Гэты праект быў створаны сіламі беларускіх моладзевых дэмакратычных аб’яднанняў як альтэрнатыва дзяржаўнаму праекту. Беларускі парламент ухваліў прапанаваны незалежнай моладдзю тэкст і нават уключыў некалькі яго палажэнняў у выніковы дакумент. Ці ўхваляць яго выбарцы-школьнікі, будзе бачна падчас галасавання. Праўда, Раман Пратасевіч рызыкуе быць выкінутым з выбарчай гонкі — прынамсі так цяпер можна ацаніць паводзіны арганізатараў у дачыненні юнака.

“Галасаванне за кандыдатаў пачалося ў панядзелак, 5 снежня. На старонцы маёй выбарчай акругі вісяць анкеты двух кандыдатаў, за якіх ужо поўным ходам галасуюць. Маёй анкеты на сайце няма, хаця школа атрымала ад Міністэрства адукацыі пацверджанне таго, што анкета дайшла. У панядзелак я з цяжкасцямі дагрукаўся да адміністратара сайта, які пасля спрэчкі паведаміў, што ў аўторак выставіць маю анкету, а вынікі галасавання па маіх канкурэнтах абнуліць. Гэтага зроблена не было, — распавёў “Новаму Часу Раман Пратасевіч.

Зараз юнак спрабуе дамагчыся нейкай рэакцыі ад арганізатараў выбараў. Тым часам, з Міністэрства адукацыі ў школу ўжо прыйшоў запыт на праграму маладога кандыдата ў дэпутаты, а дырэктар школы ў сваю чаргу папрасіў маці юнака наведаць школу, таксама з праграмаю. Калі б на сайце “Моладзевай палаты ў час з’явілася анкета і праграма Рамана Пратасевіча, верагодна, у Міністэрства адукацыі і адміністрацыі школы паменела б галаўнога болю.

Каментаваць