Cайт «Тваё заўтра» і відэакансультацыі ад Камітэта «Салідарнасьць»

Сайт «Тваё заўтра» yoto.by закліканы стаць дапаможнікам для выпускнікоў ВНУ ў пошуках працы, а інтэрнэт-відэакансультацыі дапамогуць рэпрэсаваным адстойваць свае правы. Так сцвярджаюць аўтары гэтых праектаў.

Арыентаваны сайт «Тваё заўтра» найперш на тых, хто атрымаў адукацыю за мяжой, але ім могуць скарыстацца і выпускнікі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. У сваю чаргу працадаўцы могуць пасля нескладанай рэгістрацыі азнаёміцца з базай рэзюмэ і прапанаваць свае вакансіі.


Каардынатарка праекта Наталля Літвіненка кажа, што сёння больш за 18 000 беларусаў атрымалі або атрымліваюць адукацыю за мяжой. У гэтую лічбу ўваходзяць выпускнікі не толькі еўрапейскіх, але і азіяцкіх ВНУ.

Наталля Літвіненка і юрыст Тамара Сідарэнка

Наталля Літвіненка і юрыст Тамара Сідарэнка

Паводле экспертаў, у сувязі з тым што летась Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, колькасць студэнтаў і аспірантаў, якія будуць атрымліваць адукацыю за мяжой, працягне расці. Адпаведна попыт на паслугу, якую прапануе сайт yourtomorrow.by, будзе павялічвацца. Ці здолее сайт задаволіць гэты попыт, пакажа час.
«Апытанні паказваюць, што больш за 50% цяперашніх выпускнікоў хацелі б вярнуцца на радзіму. У часткі з іх ёсць жаданне пачаць сваю справу, іншыя мараць зрабіць кар'еру на паспяховым прадпрыемстве. Але выпускнікі разумеюць, што нягледзячы на ​​навыкі і досвед, яны доўгі час былі адарваныя ад беларускіх рэалій і ня ведаюць, якія магчымасці ёсць для іх на Радзіме»,
 — адзначаюць аўтары новага інтэрнэт-рэсурса.

Сайт «Тваё заўтра» накіраваны на стварэнне супольнасці маладых спецыялістаў гатовых працаваць для Беларусі. Аўтары yourtomorrow.by адзначаюць, што яны імкнуцца наладзіць навуковыя, экспертныя, культурныя і арганізацыйныя сувязі паміж беларускай акадэмічнай дыяспарай і Беларуссю.

У той жа дзень Камітэт «Салідарнасць» прэзентаваў праект «Відэакансультацыі для грамадскіх актывістаў».

Па словах каардынатара праекта Людмілы Ісакавай, людзі, якія падпадаюць пад яўныя ці прыхаваныя рэпрэсіі, часта не маюць дакладнага ўяўлення аб механізмах абароны сваіх правоў. Праект відэакансультацый мае на мэце наблізіць міжнародныя стандарты і адпаведныя механізмы іх абароны да рэальных праблем беларускіх грамадзян, садзейнічаць фармаванню прававой свядомасці грамадскіх актывістаў.

Старшыня Камітэта "Салідарнасьць" Іна Кулей

Старшыня Камітэта "Салідарнасьць" Іна Кулей



Калі коратка, відэакансультацыі складаюцца з трох частак: відэасведчанне парушэння правоў на прыкладзе канкрэтнага чалавека, уласна відэкансультацыя з удзелам юрыстаў і экспертаў і пакет дапаможных дакументаў. Першыя тры відэакансультацыі на тэму парушэння працоўных адносінаў, прымусовага размеркавання, узаемадзеяння з прафсаюзамі ўжо размешчаныя на сайце http://salidarnasc.org/toknow, а таксама на старонцы арганізацыі ў Facebook.


Відэакансультацыі ў дапамогу грамадскім актывістам да канца года ахопяць наступныя тэмы:

паўсюдныя парушэнні працоўных адносін (эксперты А.Еськова і С. Антусевіч — Кангрэс незалежных дэмакратычных прафсаюзаў);

абмежаванні акадэмічных свабод студэнтаў і выкладчыкаў(эксперты У. Дунаеў, А. Граблеўскі — Грамадскі Балонскі камітэт, К. Мурашова  — Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання , І. Мурашка  — Студэнцкая Рада );

парушэнні правоў грамадзян на рэгістрацыю ініцыятыўных груп і аб’яднанняў (эксперты В. Смалянка – Офіс прававой трансфармацыі і Ю.Чавусаў — Асамблея няўрадавых арганізацый );

ігнараванне правоў працоўных, якія атрымалі траўму на вытворчасці (эксперты Г. Федыніч і Л. Судаленка – прафсаюз РЭП);

адміністрацыйны пераслед журналістаў незалежных СМІ (эксперты Б. Гарэцкі і М. Янчук — БАЖ);
вяртанне да практыкі «палітычнага прызыву» ў войска (эксперты П. Сапелка  — ПЦ «Вясна» і В. Каратыш);

перашкоды ў стварэнні беларускамоўных класаў у сярэдніх школах (эксперты І. Кузмініч, А. Астроўскі, В. Вячорка, Т. Мацкевіч — ТБШ).


Каментаваць