Чаму “Белкніга” адмовілася ад кніжнай серыі “Невядомая гісторыя”?

Днямі кнігарні ААТ “Белкніга” па ўсёй краіне адмовіліся распаўсюджваць папулярную кніжную серыю “Невядомая гісторыя”, паведаміў карэспандэнту НЧ ініцыятар і рэдактар серыі, а таксама аўтар шэрагу яе выданняў, вядомы папулярызатар айчыннага мінулага, прафесар Анатоль Тарас. 



На здымку — асобныя выданні з серыі “Невядомая гісторыя”.


Паводле ягоных словаў, на сённяшні дзень невядомы лёс выданняў гэтай серыі, якія засталіся нерэалізаванымі ў кнігарнях адкрытага акцыянернага таварыства. “Калі ўлічыць, што з лета мінулага году продаж друкаваных выданняў ва ўсіх кнігарнях Беларусі незалежна ад іх формаў ўласнасці рэзка скараціўся, я мяркую, што ў сістэме “Белкнігі” засталося шмат кніжак серыі і па назвах і па колькасці”, — сказаў спадар Анатоль. Пры гэтым ён дадаў, што адкрытае акцыянернае таварыства, якое кантралюе больш за палову кніжнага рынку ў большасці рэгіёнаў краіны, з’яўляецца структурным падраздзяленнем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 
 
 
Па звестках Анатоля Тараса, адмова “Белкнігі” распаўсюджваць выданні з серыі “Невядомая гісторыя” выклікана ціскам Масквы на беларускія ўлады. “Справа ў тым, што падзеі ва Ўкраіне настолькі напужалі кіраўніцтва Расіі, што яно паўсюдна вакол сябе шукае ворагаў сярод тых грамадзянаў постсавецкіх краінаў, якія аддаюць перавагу не “рускому миру”, а роднай мове сваіх продкаў, айчыннай гісторыі і нацыянальнай культуры. Вось чаму вялікарускія шавіністы паўсюль насаджаюць структуры гэтага “рускому мира”. Так, нядаўна ў Беларусі без усякіх праблемаў была зарэгістраванае пракрэмлёўскае грамадскае аб’яднанне “Наша история” у сітуацыі, калі ўлады адмаўляюцца рэгістраваць Мінскае гарадское таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага”, — падкрэсліў Анатоль Тарас. 
 
 
Ён распавёў, што нядаўна ў Маскве на грант ураду Расійскай Федэрацыі выйшла кніга Кірылы Авер’янава-Мінскага і Уладзіслава Мальцава “Белоруский национализм против русского мира”. “У гэтым выданні, між іншым, напісана, што любы грамадзянін Беларусі, які размаўляе па-беларуску і носіць вышыванку, з’яўляецца лютым ворагам рускага міру. На думку аўтараў выдання, галоўнае, чым яны павінны займацца, — гэта даводзіць да жыхароў Беларусі, што аніякай незалежнай краіны Беларусь няма, а есць гістарычна-геаграфічная недарэчнасць — заходняя частка рускага міру. Такім чынам, аўтары трымаюцца традыцыйнай расійскай імперскай ідэалогіі і палітыкі — экспансія заходнерусізма і прыбіранне ўсіх, хто выступае супраць яго. Так што пад ціскам Крамля  “Белкніга” можа спыніць распаўсюд не толькі нашае серыі, але і ўсіх іншых выданняў, прысвечаных айчыннаму мінуламу, што ў некаторых кнігарнях адкрытага акцыянернага таварыства ўжо адбылося”, — сказаў спадар Анатоль.
 
 
Ён нагадаў, што серыя “Невядомая гісторыя” выходзіла ў розных выдавецтвах з 2006 па  2014 год. За 8 гадоў свет убачыла 38 добра ілюстраваных кніг агульным накладам прыкладна ў 200 тысяч паасобнікаў, з іх 14 выданняў — па-беларуску. Прычым, першая кніжка серыі “Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV-XVII веках” Анатоля Тараса вытрымала пяць выданняў агульным накладам у 15 тысяч паасобнікаў. 
 
 
Як мяркуе Анатоль Тарас, нягледзячы на тое, што мажлівасці распаўсюду навукова-папулярных выданняў па айчыннай гісторыі скараціліся амаль удвая, выдаўцы гэтых кніг будуць выкарыстоўваць прыватныя кнігарні, а таксама любыя іншыя магчымасці. 
 
 
ААТ “Белкніга” заснавана 15 жніўня 1945 года пастановай Саўнаркама БССР як Упраўленне па гандлю кнігамі і культтаварамі “Белкніжкультгандаль” пры Народным камісарыяце гандлю БССР. Зараз “Белкніга” — найбуйнейшае рэспубліканскае  кнігагандлёвае аптова-рознічнае прадпрыемства,  у якое ўваходзяць 76 кнігарняў і сетка кніжных кіёскаў ў Мінску, Берасцейскай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. "Белкніга” гандлюе кнігамі і іншай друкаванай прадукцыяй, што выпускаецца ў Беларус і па-за яе межамі на беларускай, рускай і іншых мовах народаў свету, канцылярскімі і офіснымі прыладамі, аказвае паслугі па захаванню і экспедзіраванню кніг і іншай друкаванай прадукцыі па тэрыторыі Беларусі, супрацоўнічае з кнігагандлёвымі фірмамі па рэалізацыі выданняў за межамі краіны, а таксама па продажу замежнай літаратуры на айчынным кніжным рынку. 

Каментаваць