Чаму Данбас стаў урадлівай глебай для сепаратызму?

На думку ўкраінскіх інтэлектуалаў, дапамагчы ў адказе на гэта пытанне можа дакументальная стужка  нямецкага рэжысёра Якаба Пройса "Другі "Чэлсі": Гісторыя з з Данецка”, публічны паказ якой адбыўся ў Мінску на сядзібе ПБНФ 24 верасня.



Ганна Шапуцька перад паказам фільма


“Камітэт салідарнасці з Украінай далучыўся да фестываля-марафону “Два дня дзеля жыцця” вядомых украінскіх фільмаў, які праходзіць у Кіеве. Сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу параненым жаўнерам, уцекачам. Мы ў Мінску таксама сёння праглядаем стужку “Другі Чэлсі: гісторыя з Данецку”, якая ёсць у спісе фільмаў гэтага фестывалю”, — распавяла арганізатар імпрэзы Ганна Шапуцька.

Стужка перамагла на кінафэсце імя Макса Офюльса-2011 у намінацыі “Лепшы дакументальны фільм”, але аказалася як ніколі актуальнай для ўкраінскага гледача сёлета, у сувязі з трагічнымі падзеямі на Усходзе краіны.

Апошнія дзесяцігоддзі ўкраінскай незалежнасці Данбас жыў сваім адасобленым ад Кіеўскай улады жыццём. Людзі працавалі на шахтах на зношаным абсталяванні і зараблялі грашы, а мясцовыя алігархі дзялілі паміж сабой прыродную рэнту, даходы ад працы прамысловых гігантаў ды выбівалі датацыі з Кіева, культывуючы вобраз асаблівага рэгіёна і адмаўляючыся ўдзельнічаць у нацыянальным будаўніцтве краіны. Выкарыстоўваючы прыём паралельнага мантажу, рэжысёр паказвае з аднаго боку жыццё маладога алігарха, палітыка, гарадскога чыноўніка, з другога — тое, чым жывуць простыя гарнякі.

Пасля прагляду стужкі сярод удзельнікаў паказу разгарэлася гарачая дыскусія:

— Жыхары Данбаса замбаваныя. Яны гатовыя працаваць на раздалбанай шахце за капейку і жывуць адным вузкімі, прыземленымі інтарэсамі, жывуць, каб забыцца на сур’ёзныя сацыяльныя праблемы, бо лічаць, што іх вырашэнне ад простых людзей не залежыць. Людзі задавольваюцца хлебам і футболам і нават не спрабуюць вучыць мову краіны, у якой жывуць. Чарка і шкварка ды футбол — больш ім нічога не трэба”,

— Фільм пра што? Людзі якія ідуць ва ўладу, хочуць дарвацца да кармушкі. Калі б людзі бачылі, што палітыкі ідуць ва ўладу, каб дапамагчы людзям…

— Гэта фільм не пра Данбас, гэта фільм пра нас, беларусаў!

— Тысячы загінуць на фронце з двух бакоў, а алігархі плююць і ідуць рабаваць далей.

— Сапраўды трэба маліцца за гэты народ, дапамагаць гэтаму народу, які наважыўся зрынуць усю гэтую ганебную карумпаваную сістэму.

— А Парашэнка чым лепшы за алігархаў у стужцы? Ён дзеліцца сваймі грашыма з народам?  Калі б ён ахвяраваў нешта для людзей… Не трэба з Парашэнкі рабіць святога!

— Яны просяцца назад у Расію. Яны не хочуць вучыць украінскую мову, хоць усё жыццё там жывуць. Тое ж і ў Беларусі зараз адбываецца!

— Гэтыя кіраўнікі на крыві нашых дзядоў стварылі савецкую ўладу. Яны як ідэйнае ўвасабленне гэтых антычалавечых каштоўнасцяў. У героя стужкі ў кабінэце вісяць Ісус Хрыстос, святы Мікола, а побач Сталін і яго прыспешнікі. Такія ў яго дзве праўды.

— Гэты фільм трэба паказваць некалькі разоў. Арганізоўваць прагляды і абмеркаванні яшчэ і яшчэ. Бо ўзнятыя ў стужцы сацыяльныя і духоўныя праблемы вельмі актуальныя для беларусаў.

Сваімі ўражаннямі ад прагляду падзяліўся рэжысёр-дакументаліст Алег Дашкевіч:

“Гэта вельмі талковае кіно. Дае шмат інфармацыі, якая дапамагае зразумець канфлікт, які адбываецва ва Ўкраіне. І глеба для гэтага канфлікту была і ёсць. І не ведаю, як без Расіі ўсё было б. Ясна, што яна справакавала і скарыстала. Але тое, што сітуацыя развіваецца аб’ектыўна, нажаль у такім крывавым варыянце… Калі б не было ўмяшальніцтва Расіі, можна было б усё вырашаць менш жахлівымі спосабамі, але тое, што гэта не на пустым месцы, гэта факт. Рэжысёр зразумеў усю паўнату праблемы і падаў вельмі далікатна, без пафасу”.

Выказала сваё меркаванне таксама былая рэдактарака тэлебачання Ада Чалей:

“Я лічу, што неабходна, каб як мага больш людзей прагледзелі стужкі. Яна тлумачыць шмат якія працэсы і нашага жыцця. Пазнаёміўшыся з гэтымі героямі, мы пачынаем разумець, чаму склалася такая драматычная, нават трагічная сітуацыя на Данбасе. Фільм вельмі глыбокі, разумны, чалавечны. Простыя людзі, якія паказаны ў стужцы выклікаюць спачуванне, у іх у нейкай ступені мы можам пазнаць і сябе. Вельмі шкада, калі людзі абмяжоўваюць сябе прымітыўнымі мэтамі і не глядзяць далей за хлеб і футбол, а потым здзіўляюцца, што іх ніхто не ўспрымае і не прымае. Цікава было б даведацца, а што сталася з гэтымі героямі цяпер? Ці выжылі яны ў данецкай мясарубцы?”

Каментаваць