Чаму грузіны любяць «папашу беларусаў»

Пасля 25-гадовага перапынку карэспандэнту "Салідарнасці" зноў пашчасціла наведаць Грузію. Як змянілася краіна і яе жыхары за гэты час? На гэта пытанне ён і спрабуе даць адказ.



У жніўні 1990-га ў грузінскім горадзе Цхалтуба, куды я з братам і мамай трапілі на адпачынак з групай землякоў, першым моцным уражаннем былі мясцовыя кіроўцы. Яны ездзілі так, нібы правілы дарожнага руху існавалі ў паралельным вымярэнні. Наш аднавясковец, вялікі аматар паганяць на сваіх «Жыгулях», амаль усю дарогу ад вакзала да санаторыя праехаў з заплюшчанымі вачыма і збялелым тварам.

За чвэрць стагоддзя грузінскія кіроўцы ніколькі не змяніліся. У Тбілісі я бачыў усяго некалькі выпадкаў, калі аўто спыняліся не толькі на чырвонае святло: калі дарогу пераходзіла мама з маленькім сынам на руках і перад старэнькай бабуляй.

Перад ад’ездам злавіў сябе на думцы; толькі навучыўся дарогу перабягаць у Грузіі, як трэба ехаць.

Начны Тбілісі

У 1990-м у Цхалтуба самым папуляным беларусам быў наш зямляк, які прывёз з сабой некалькі пляшак дэфіцытнай гарэлкі. У Грузіі, краіне віна і чачы, сухі закон зрабіў папулярнымі шклоачышчальнік і адэкалон, тара ад якіх траплялася пад паркавымі лаўкамі ды ў пад’ездах дамоў, як сёння пляшкі ад піва.

Асалавелыя ад дэнатуртаў грузіны — яшчэ адно моцнае уражанне ад познесавецкай Грузіі.

Тым больш дзіўна было адзначыць для сябе ў сучасным Тбілісі, пры сённяшняй разнастайнасці напояў і бараў-рэстаранаў, зусім нязначную колькасць нецвярозых на вуліцах.

— Міша шмат накасячыў, але сённяшнія ўлады зусім нічога не робяць. Толькі паразітуюць на даробку Саакашвілі, — гэта абагуленае меркаванне грузінаў, з якімі давялося пагутарыць пра палітыку.

Прэтэнзіі да былога прэзідэнта Грузіі ва ўсіх розныя: звольненым міліцыянтам крыўдна працаваць таксоўшчыкамі, абаронцы архітэктурнай спадчыны Тбілісі не могуць прабачыць яму новабуды ў цэнтры горада: шкляны мост праз Куру і недабудаваны пакуль канцэртны комплекс, які па чутках можа ператварыцца ў ганлёвы цэнтр.

Некаторым грузінам не падабаюцца новыя архітэктурныя аб’екты іх сталіцы. Напрыклад, шкляны мост

Мяне ж найбольш уразілі паліцэйскія «форды», якія ў любы час сутак патрулююць вуліцы горада з уключанымі мігалкамі.

Мясцовыя кажуць, што пасля паліцэйскай рэформы ў горадзе перасталі рабаваць турыстаў.

Магчыма, тыдня жыцця ў Тбілісі мала для таго, каб спраўдзіць гэта, але ў гэтыя дні я адчуваў сябе тут абсалютна камфортна.

У 1990-м беларусаў пераважна шкадавалі. Як, зрэшты, і ўкраінцаў. А прычынай быў Чарнобыль, памяць пра які была зусім свежай. Цяпер жа беларусаў паважаюць.

— З якой вы краіны? — на прыстойнай англійскай мове запытаў нас, беларускіх журналістаў, сталага веку дзядзька на гарадскім рынку.

Пачуўшы слова «Беларусь», ён зрабіў стратэгічную памылку:

— Беларусія?! Так вы рускія?

На наша суровае «не» ён амаль не адрэгаваў і эмацыйна адзначыў:

— Лукашэнка — мужык! Папаша беларусаў! Усё захаваў, нічога не разваліў, як нашыя п***ы! Вось якая ў вас пенсія?...

Грузія ніяк не можа развітацца з мроямі пра савецкае мінулае. Новае і сучаснае тут часта суседнічае з учорашнім днём

Іншы грузін, у якога я набываў на кніжным развале зборнік казак для сына, таксама ў захапленні ад беларускага кіраўніка:

— Не даў разваліць усё лешае, што было. Не тое, што іншыя…

У справе ўхвалення дасягненняў Лукашэнкі грузінаў пераконваць амаль бессэнсоўна. Многія проста не ўспрымаюць банальныя аргументы пра высокія цэны, падзенне заробкаў і бясконцыя дэвальвацыі. Але якой бы гарачай ні была дыскусія, фінал амаль заўсёды адзін:

— Давай вып’ем віна!

— Грузія ў СССР жыла за кошт бясконцых уліванняў з цэнтру. І гэтая плынь рэсурсаў, як правіла, была аднабаковай. Мы бралі ўсё і фактычна нічога не вярталі. Мне дагэтуль незразумела, навошта нас трымалі ў саюзе, — усміхаецца адзін з грузінскіх калегаў-журналістаў.

Гэтай настальгіяй па халяве ён тлумачыць замілаванне многіх сваіх суайчыннікаў Лукашэнкам і ягонай манерай кіравання. Не таму, што той вярнуў калгасы і савецкую сімволіку, а тым, што здолеў пасадзіць цэлую краіну на плечы Расіі.

Гэта адначасова і адзін з адказаў на пытанне, чаму многія ў Грузіі не любяць Саакашвілі — бо пры ім для вялікай часткі грузінаў скончылася халява.

Вобраз Сталіна камерцыялізаваўся

У кожнай наведанай мной тбіліскай сувенірнай краме быў Сталін. Ці на магніціку, ці на кубку. Часцей за ўсё такія сувеніры размяшчаліся не навідавоку, а дзе-небудзь у куце.

— Сталіна у нас па-сапраўднаму любяць толькі ў Горы, на яго малой радзіме. А сувеніры з яго выявай добра прадаюцца. Найперш, рускія турысты бяруць. Гэта ўсяго толькі бізнес, нічога асабістага, — патлумачыў адзін з маіх суразмоўцаў.

Я ўзгадваю адпачынак у Цхалтуба. Мы здымалі пакой у грузінскай сям’і. у адным з памяшканяў пабачылі партрэт Сталіна. У нашай сям’і да яго не адчувалі сантыментаў.

— Галоўнае не сам партрэт, а дзе ён вісіць, — хітра прыжмурыўся гаспадар дома.

Той партрэт у яго вісеў у прыбіральні.

Шумныя грузіны робяцца ціхмянымі ў цэрквах. За выключэннем хіба вяселляў

Грузіны любяць пашумець. Неяк выдаўся дзень, калі пад вокнамі гатэля ехалі бясконцыя вясельныя картэжы, а увечары, недзе а дзясятай на скрыжаванні раптам з’явіліся рабочыя з абсталяваннем, якія пачалі рэзаць асфальт. Скончылася ўсё грандыёзным салютам на паўнеба.

Пасля прагулак па начным Тбілісі прыйшоў да высновы, што ў цэнтры Мінска і па вялікіх святах у такі час няма гэтулькі людзей, колькі тут бывае па звычайных буднях.

Зрэшты, ладную частку начных гулякаў складаюць турысты, якіх тут непараўнальна больш, чым у нас.

У часе кароткіх размоваў з прадаўцамі, таксістамі ці выпадковымі мінакамі нярэдка высвятлялася, што суразмоўцы маюць сувязь з Беларуссю. Аднойчы я выбіраў сувеніры, а калега выйшаў на вуліцу да гандляра садавіной. Вярнуўся назад з порцыяй віна ў пластыкавым стакане. Расказаў, што гандляр звярнуў увагу на яго славанскае аблічча і запытаў адкуль ён. І тут жа прапанаваў віна, бо быў у Брэсце на вяселлі колькі тыдняў таму.

Гандляр садавіной пачаставаў калегу віном, калі даведаўся, што той з Беларусі

Перад ад’ездам сустрэў на вуліцы дзядзьку ў гадах, які запрашаў турыстаў на экскурсіі.

— Беларус? Я ў Гродна служыў. Даўно, праўда, 42 гады таму. Як там у вас? А ў нас спадабалася? Будзеш ізноў тут, тэлефануй — пакатаю па горадзе, вып’ем лепшага віна.

Я зусім не ўпэўнены, што калісьці яшчэ сустрэну гэтага чалавека. Але веру, што і праўда вярнуся сюды яшчэ. А мо і неаднойчы.

gazetaby.com

Каментаваць