Чаму Лукашэнка не баіцца скарачаць чыноўнікаў?

Кіраўнік Беларусі загадаў скараціць дзяржапарат на 25 працэнтаў. Што гэта — чарговы піяр ці вымушаны крок? Ці сапраўды чыноўнікаў стане менш? На пытанні Радыё "Сваюода" адказвае галоўны рэдактар НЧ Аляксей Кароль.



— Выглядае, што кіраўніцтва дзяржавы прыйшло да разумення неабходнасці скарачэння чынавенскага апарату. Але якія прычыны падштурхнулі да такога рашэння — эканамічныя, арганізацыйныя, прапагандысцкія?

— Тут шэраг складнікаў, і эканамічны выглядае самай відавочнай прычынай. Другая прычына — скарачэннем апарату Лукашэнка працуе на свой імідж, у падтрымку сацыяльнай дамовы з насельніцтвам. Даецца яўны сігнал, мэта якога — вяртанне даверу электарату.

Трэці складнік — скарачэнне апарату як выйсце з эканамічнага тупіку адбываецца паводле лякалаў савецкай бюракратычнай цэнтралізаванай сістэмы. Аднак Лукашэнка іншай ня ведае, і працуе па адпрацаванай гадамі схеме. Але тыя савецкія скарачэнні эфекту не давалі, пасля кожнага апарат зноў вяртаўся ды тых самых памераў і нават вырастаў.

— Магчыма, варта скарачаць функцыі, а не людзей?

— Трэба мадэрнізаваць сістэму, каб яна была самарэгулюемай. А такой сістэмай у палітыцы з’яўляецца дэмакратыя, а ў эканоміцы — свабодная эканоміка.

— Палітолагі адзначаюць, што сваімі дзеяннямі апошнія месяцы Лукашэнка сапраўды хоча выклікаць любоў большасці электарату — паездкі на заводы, пасадкі чыноўнікаў. Аднак ці не баіцца ён такімі дзеяннямі выклікаць незадавальненне чыноўнікаў? Ці ён гэтага ўжо не баіцца?

— Я думаю, што скарачэнне закране ў асноўным сярэднія ці ніжнія звёны і не закране верхатуру. А сістэма самазахавання ўлады замкнёна на вяршыні піраміды, а там калі і будзе бізун, то будзе і пернік. І гэтая сістэма ў гэтым сэнсе дастаткова ўстойлівая. Наменклатурныя перавароты арганізуюцца зверху, а там у Лукашэнкі поўны кантроль.

http://www.svaboda.org/content/article/24956302.html

Каментаваць