Чарнобыль роўны Курапатам?

Маршрут сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» зменены. Гэтае шэсце павінна скончыцца ў Курапатах. Адпаведная заяўка пададзеная у Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам, і зараз арганізатары мерапрыемства чакаюць выраку ўладаў.



Традыцыйна «Чарнобыльскі шлях» ішоў да капліцы ахвярам Чарнобылю, што стаіць у лесапаркавай зоне на вуліцы Карастаянава. Зараз жа шмат хто здзіўлены новым маршрутам, які прапануюць арганізатары. Некаторыя нават заўважалі, што ў Курапаты традыцыйна ходзяць на Дзяды, а чарнобыльскае мерапрыемства ў месцы масавых растрэлаў людзей выглядае недарэчным. Заяўнікі шляху — лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч і кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор паспрабавалі патлумачыць, чаму гэтым разам ставіцца знак роўнасці паміж Чарнобылем і Курапатамі.

Як паведаміў пасля падачы заяўкі на мерапрыемтва Аляксей Янукевіч, гэтым разам «Шлях» прысвечаны не толькі Чарнобыльскай трагедыі, але і шматлікім ядзерным небяспекам, якія, па меркаванні арганізатараў, актуальныя длля Беларусі. «Абедзьве гэтыя трагедыі — Курапаты і Чарнобыль, — маюць адныя карані. І карані гэтыя палягаюць у тым, што беларусы не былі гаспадарамі на сваёй зямлі. Не было сапраўднай незалежнасці і сапраўднай свабоды ў беларускай нацыі. З-за гэтага здарыліся Курапаы, з-за гэтага адбылася катастрофа на ЧАЭС. І мы лічым, што сёння Беларусь ізноўку апынаецца ў сітуацыі, калі фізічнае выжыванне беларускай нацыі пастаўленае пад пагрозу» — адзначыў Янукевіч.

Гэтая пагроза, па словах Янукевіча, выкліканая дзеяннямі Расіі. Менавіта расійцы будуюць у Беларусі новую атамную электрастанцыю, расійскія знішчальнікі, якія базуюцца ў Беларусі, па інфармацыі Янукевіча, могуць несці і тактычную ядзерную зброю, Расія ж развязала канфлікт ва Украіне. Калі, не дай Божа, Расія пачне паўнамасштабнае ўварванне на тэрыторыю нашай паўднёвай суседкі, то там знаходзіцца некалькі АЭС, якія ў выніку вайны могуць быць пашкоджаныя, што закране, безумоўна, не толькі насельніцтва Украіны, але і Беларусі.

Таму, адначасова з чарнобыльскімі і экалагічнымі лозунгамі, лозунгамі супраць будаўніцтва АЭС, тэматыкай акцыі будзе і захаванне незалежнасці Беларусі, а таксама крыху антываеннай тэматыкі супраць уварвання Расіі ва Украіну.

Марына Хоміч спадзяецца, што змена традыцыйнага маршрута і фармату акцыі дазволіць прыцягнуць да яе новых людзей. «Шэсце пойдзе новых вуліцах горада, звярнуць увагу жыхароў гэтых вуліц на праблему радыяцыі і Чарнобыля», — мяркуе яна. «І для новых людзей, і для ўдзельнікаў шэсця гэта новая магчымасць далучыцца да добраўпарадкавання тэрыторыі Курапатаў. Арганізатары створаць такія магчымасці», — зазначыла яна.

Ілля Дабратвор зазначыў, што «Чарнобыльскі Шлях» для яго — яішчэ адна магсчымасць прыцягнуць увагу ла Курапатаў. «Улада пакрысе, калі казаць слэнгам, «аджымае» тэрыторыю ў мемарыяла. Акрамя будаўніцтва забаўляльнага комплексу, так званага «Бульбаш-холу» злева ад Курапатаў, зараз плануецца забудова з правага боку — будаўніцтва гандлёвага цэнтру. Таму для мяне адная з мэтаў — прыцягнуць увагу і да праблемаў Курапатаў. І мы падтрымалі гэты маршрут», — адзначыў Дабратвор.

На «Чарнобыльскі Шлях» прыходзяць розныя людзі, з рознымі лозунгамі і памкненнямі. Праблема Чарнобылю закранула ўсіх грамадзянаў Беларусі без падзелу на ўзрост., полаваю і сэксуальную прыналежнасць. Таму апошнім часам шмат нараканняў было на тое, што прадстаўнікі сэкс-меншасцяў таксама прыходзяць на «Шлях» са сваімі лозунгамі і сцягамі. Забараніць гэта арганізатары не ў стане, ды й не хочуць. Як адзначыў Янукевіч, «мы не падзяляем людзей па розных прыкметах, мы ўшаноўваем памяць усіх беларусаў, загінулых і ў Курапатах, і ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы». Тым не менш, арганізатары просяць у лозунгах і плакатах прытрымлівацца асноўных мэтаў і прынцыпаў акцыі.

У тым, што «Шлях», у прынцыпе, будзе дазволены, Янукевіч, напрыклад, не сумняецца, бо ў апошнія часы не было выпадкаў, калі б «Шлях» забараняўся зусім. За Мінгарвыканкамам застаецца рашэнне толькі па маршруце акцыі, і цалкам можа быць, што Мінгарвыканкам, як звычайна, накіруе ўдзельнікаў шэсця на плошчу Бангалор. Прынамсі, варта адзначыць, што такі ж сцэнар быў рэалізаваны і пад час сёлетняга Дня Волі — заяўка падавалася на адзін маршрут шэсця, які быў не дазволены, і арганізатарам Дня Волі давялося падаваць новую заяўку. У гэтым плане Янукевіч адзначыў, што арганізатары будуць дзейнічаць «у сувязі з тым адказам, які атрымаюць ад Мінгарвыканкаму». Карацей — там паглядзім.

Ілля Дабратвор глядзіць на жыццё больш аптымістычна. «Вызначаны намі шлях шэсця — гэта не правакацыйны маршрут, ён нікому не перашкаджае, таму я лічу, што ніякіх падставаў для адмоваў дзяржава не мае», — заявіў Дабратвор.

А як ужо вырашаць Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам — гэта мы яшчэ пабачым. Праўда, часу на падачу новай заяўкі арганізатары сёлетняга “Шляху” ужо не маюць.

Каментаваць