Паранены палкоўнік супраць міліцыі

Фота гэтага чалавека з «Чарнобыльскага шляху–1996» паказалі ўсе вядучыя СМІ свету. Праз 17 гадоў палкоўнік Іосіф Антонавіч Шор распавёў «Салідарнасці», пра тыя падзеі і пра тое, што ў гэтым годзе таксама пойдзе на акцыю.

 

 



Фота Георгія Ліхтаровіча vytoki.net


Нарадзіўся я ў Шчучынскім раене. Служыў у паветрана-дэсантных войсках, затым у інжынерных войсках. У 1987 годзе вярнуўся з Далекага Усходу ў Беларусь — у Мінск.

 

Тут якраз пачалоўся ажыўленне. Я кінуўся купляць і чытаць кнігі — нічога ж пра гісторыю не ведаў. Пачаў хадзіць на мітынгі, ні аднаго не прапускаў. Уступіў у «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», прыняў прысягу на вернасць Беларусі падчас урачыстай цырымоніі на плошчы Незалежнасці. У 1993 -м на марш на праспекце Скарыны вывеў чалавек 50 са сваей суполкі ў Серабранцы.

 

На момант вясны 1996 года я ўжо некалькі год як звольніўся з войска і працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» загадчыкам гаспадаркі. Хадзіў на Дзень Волі і на акцыю 2 красавіка. Прыйшоў і на «Чарнобыльскі шлях». А як не пойдзеш — выйшаў з працы ля Акадэміі навук і адразу трапіў на збор маніфестантаў.

 

Як пачалося шэсце па праспекце Скарыны, я рухаўся па правым баку і назіраў за ім. Напрыканцы плошчы Якуба Коласа міліцыя перакрыла праспект, выставіла кардон. Хлопцы перакулілі машыны ДАІ.

 

Я неяк абышоў кардон і апынуўся на другім баку. І тут гляджу: міліцыянер у касцы нападае на жанчыну з бел-чырвона-белым сцягам. Узяў яе за каўнер. Я вырашыў заступіцца. Быў жа тады амаль на 20 год маладзейшы (сення Іосіфу Антонавічу 66 годР.Г.).

 

Узяліся мы з міліцыянерам за грудкі. Гляджу: на дапамогу таварышу спяшаецца яшчэ адзін. Я адпіхнуў свайго суперніка і пабег у бок плошчы Перамогі. Але той другі мяне дагнаў і як даў дубінай па патыліцы...

 

Я адразу і не зразумеў, якой моцы быў удар. Ужо як падышоў да трамвайнай лініі ля «Вячэрняга Мінска» мне ля галавы цепла стала. Падымаю правую руку — елкі-палкі, у мяне крывішча цячэ! Падбеглі жанчыны, кажуць: давай перавяжам. Ну, давайце.

 

Тым часам шэсце на плошчы Якуба Коласа прарвала кардон. Міліцыя выставіла наступны заслон на праспекце за цыркам на перыкрыжаванні з вуліцай Янкі Купалы.

 

Я тады падумаў: «Ах так, калі галаву разбілі, я маўчаць не буду!». Зняў кашулю, падыйшоў да іх і стаў казаць: «Што ж вы робіце?!! Я палкоўнік у адстаўцы!!!». А што яны мне адкажуць — глядзяць як бараны. У гэты момант фатографы мяне і знялі.

 

Пасля шэсце завярнула на вуліцу Янкі Купалы і дайшло да Палаца спорту. Там на мітынгу мне стала дрэнна. Дапамаглі хлопцы з Фронта (я не быў сябрам БНФ, але ведаў усіх там). На машыне яны завезлі плакаты і іншую атрыбутыку да ўправы БНФ, а затым і мяне дадому. Галаву зашываць у бальніцу я не пайшоў.

 

Пасля «Чарнобыльскага шляха» пачаліся арышты. Праз некалькі дзён я зайшоў ва ўправу БНФ папытацца пра навіны, а там якраз адбываўся ператрус. Следчы па асабліва важных справах Уладзімір Чумачэнка пабачыў мяне: «А-а-а, дык гэта ты па ўсіх тэлевізійных каналах прайшоўся! Ты, напэўна, спецыяльна сваю кашулю пафарбаваў!» Выпісаў мне позву ў пракуратуру на 1 мая.

 

Я прышоў, ён паглядзеў маю галаву, упэўніўся што яна сапраўды разбітая. Спытаў: «Будзем узбуджаць крымінальную справу за збіццё?» Я адмовіўся, не хацелася вазіцца.

 

Акрываўленыя піджак і майку я памыў, а кашулю пакінуў як ёсць. Захоўваю яе дагэтуль некранутай.

 

Калі мяне не будзе, дзеці і ўнукі будуць бачыць, што бацька і дзед стаяў за Беларусь. Мяне не назавеш нацыяналістам, сам я паляк. Але Беларусь — гэта мая зямля, усе мае продкі тут пахаваныя.

 

На мітынгі хаджу дагэтуль. Быў і на Плошчы 19 снежня 2010 года. Мне як ваеннаму цікава, як дзейнічае міліцыя. Звычайна загадзя абыходжу іх пазіцыі, многіх ведаю ў твар. Аднаму, што маскіруецца, нядаўна сказаў: о, старэеш ты. Ён мяне не пазнаў.

 

На гэты «Чарнобыльскі шлях» таксама абавязкова пайду.

gazetaby.com

Каментаваць