«Чарнобыльскі шлях» адправіць чыноўнікаў у Нароўлю

Збольшага, сцэнар сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» ужо вядомы. Ён пройдзе амаль традыцыйным маршрутам, але, з досведу мінулых акцый арганізатары адмовіліся ад мітынгу. Замест гэтага прапануецца памінанне ахвяраў Чарнобыля ля капліцы на вуліцы Карастаянавай.



Заяўнікі "Чарнобыльскага шляха": ВітальРымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Дзмітрый Кучук і Ілля Дабратвор


Сёння была пададзеная заяўка на правядзенне «Чарнобыльскага шляху — 2015» у Мінгарвыканкам. Адпаведна, ўжо можна казаць, што плануюць рабіць 26-га красавіка, у нядзелю, ягоныя арганізатары. А плануюць яны наступнае: збор з 14 да 15 гадзінаў на пляцоўцы ля кінаіэатру «Кастрычнік», з 16 гадзінаў да 17 — шэсце па вуліцы Сурганава, часткова Арлоўскай да капліцы ахвярам Чарнобыля на вуліцы Карастаянавай, дзе ў добраахвотным парадку — ўскладанне кветак і памінанне ахвяраў Чарнобыля.

Як вядома, ад мітынгу арганізатары вырашылі адмовіцца. Як паведаміў адзін з заяўнікаў, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, па досведу апошніх акцый ніхто не ідзе «ў загон» праз металашукальнікі і праверку АМАПам на канцэртную пляцоўку ў парку Дружбы народаў. Да таго ж, гэтае мерапрыемства штораз зрываецца з-за недастаўкі туды гукаўзмацняльнай апаратуры. Таму мітынгу сёлета не будзе.

Аляксей Янукевіч: мітынгу сёлета не будзе

Але гэта не азначае, што не будзе прынятая традыцыйная «антыядзерная» рэзалюцыя «Чарнобяльскага шляху». Арганізатары мяркуюцьяе прыняць альбо пасля збору грамадзянаў і перад пачаткам шэсця, альбо пасля заканчэння ўшанавання ахвяраў Чарнобыля ля капліцы. З гэтым яны яшчэ разбяруцца.

Як і ў мінулым годзе, збольшага «ЧШ — 2015» будзе прысвечаны сучаснай ядзернай пагрозе. Як заявіў той жа Янукевіч, аснозўны лозунг акцыі — «Не!» расійскай ядзернай пагрозе». Звязана гэта з тым, што зараз Расія сапраўды нясе ядзерную небяспеку Беларусі.

Па-першае, расійскія сілавікі зараз «бразгаюць зброяй» і папярэджваюць сусветную супольнасць, што яны могуць распачаць ядзерную вайну. У гэтым выпадку першы ўдар наносіцца па сістэмам сувязі і ранняга папярэджання аб стартах ядзерных ракет. Такіх расійскіх базаў у Беларусі дзьве — ў Ганцавічах і Вілейцы. Таму «адзсядзецца ў бульбе» ў выпадку чаго беларусам не давядзецца.

Па-другое, Расія будуе ў Беларусі атамную станцыю. Як адзначыў таксама заяўнік акцыі, намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, «якасць будаўніцтва не выклікае даверу». Эканамічныя выгоды ад гэтага аб’екту сумніўныя: паліва для станцыі мы будзем набывацьу Расіі, туды ж будзем адпраўляць адпрацаваныя ТВЭЛы, а значыць, на 20% беларуская энергетыка будез залежыць ад малапрадказальнай усходняй суседкі. Пры гэтым ніхто не спрачаецца, што АЭС — экалагічна небяспечны аб’ект.

Дзмітрый Кучук: АЭС не пазбавіць краіну энерганезалежнасці ад Расіі

Па-трэцяе, Расія патэнцыйна можа размясціць у Беларусі знішчальнікі, здольныя несці ядзерную зброю — калі даб’ецца ад уладаў таго, што абяцаная расійская авіябаза ў сінявокай будзе «экстэрытарыяльнай», то бок непадкантрольнай Мінску.

Прычым чакаць, што Расія на нашай тэрыторыі будзе клапаціцца пра здароўе беларуских грамадзянаў, не выпадае. Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор прывёў прыклад гэтага клопату, калі па загадзе з Крамля радыёактыўныя хмары, якія шлі з Чарнобыля ў Расію, асадзілі над тэрыторыяй Беларусі. У выніку ледзьве не чвэрць краіны — забруджаная зона.

Ілля Дабратвор: Масква асадзіла радыёактыўныя хмары на Беларусь

Але не толькі Расія непакоіць арганізатараў «ЧШ —2015». У нас хапае і сваіх, застарэлых праблемаў. Гэта і вырошчванне на забруджаных тэрыторыях сельскагаспадарчай прадукцыі, якая потым разыходзіцца па ўсёй Беларусі, размеркаванне «маладых спецыялістаў» у Чарнобыльскую зону, адмененыя ільготы на лячэнне «ліквідатарам»… Удзельнікі акцыі, па меркаванні арганізатараў, павінны яшчэ раз нагадаць уладам пра гэтыя праблемы.

І вось тут скрэатывіла БХД. Як павеламіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ВітальРымашэўскі, ягоная арганізацыя выступіць з ініцыятывай перанесці ўрадавы пасёлак «Дразды» з Мінска ў маляўнічыя мясціны паміж Нароўляй і Брагіным. «Чыноўнікі нас увесь час запэўніваюць, што радыяцыі там ужо няма, што там можна нармальна жыць, вырошчваць нармальную незабруджаную прадукцыю, адпраўляюць туды па размеркаванні маладзёнаў. Калі там можна нармальна жыць, хай яны самі пакажуць прыклад, пераедуць туды, хай жывуць там з сем’ямі, гадуюць дзетак… Вось тады мы паверым, што там «чыста», — заявіў Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі адпраўляе чыноўнікаў на сталае жыхарства ў Нароўлю

Канешне, як заўсёды, адным шэсцем у Мінску апазіцыя не абмяжуецца. Як заўсёды, напярэдадні акцыі, 24 красавіка пройдзе канферэнцыя па чарнобыльскіх праблемах. Мясцовыя актывісты апазіцыйных структур на Гомельшчыне і Магілёўшчыне ушануюць памяць «ліквідатараў», наведаюць адселеныя вёскі і пацярпелую ад радыяцыі зону. Дзе-нідзе пададуць заяўкі на «чарнобыльскія» пікеты. Дзмітрый Кучук заўважыў, што ў Гомелі сярод актывістаў партыі «Зялёныя» ёсць «сталкер», які на сталай аснове водзіць экскурсіі ў забруджаныя радыяцыяй раёны — можна звязацца з «Зялёнымі» і на свае вочы пабачыць, чым павярнулася трагедыя ў Чарнобылі для шматлікіх беларусаў.

Увогуле, як адзначыў Кучук, «Чарнобыльскі шлях» апошнімі гадамі губляе сваю выразную «апазіцыйнасць». Гэта ўжо сапраўды шэсце памяці і жалобы, а не пратэстная акцыя супраць уладаў. Таму ён заклікаў усіх патэнцыйных удзельнікаў акцыі «крэатывіць» на атамную і эклагічную тэматыку — прыходзіць са сваімі лозунгамі, прыяжджаць на роварах і гэтак далей. А асабліва крэатыўных запрашаюць на чарговае пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні акцыі, якое адбудецца ў наступны аўторак, 14-га красавіка ў 16-й гадзіне ў офісе «Зялёных». Заяўнікі акцыі падкрэслілі — аргкамітэт адкрыты, далучыцца да яго можа любы зацікаўлены.

Як заўсёды, арганізатары параілі патэнцыйным удзельнікам шэсця не паддавацца на правакацыі, і заклікалі ўладу такія правакацыі не ствараць.

Адказ Мінгарвыканкама на сваю заяўку арганізатары павінны атрымаць за пяць дзён да 26-га красавіка.

Каментаваць