«Чарнобыльскі Шлях» не пойдзе ў Курапаты

«Чарнобыльскі Шлях» не пойдзе ў Курапаты. Мінгарвыканкам адхіліў заяўку на такое шэсце, узамен прадаставіўшы ягоным арганізатарам магчымасць традыцыйнага маршруту. Арганізатары ж вырашылі не сварыцца з уладамі.



На прэс-канферэнцыі, заяўленай арганізатарамі на 18 красавіка, павінны былі распавядаць пра планы, акрамя самога шэсця. Выйшла па-іншаму, бо літаральна за гадзіну да яе заяўнікаў мерапрыемства выклікалі ў Мінгарвыканкам. Сталічныя чыноўнікі ў сцэнару правядзення сёлетняга «Шляху» змянілі літаральна ўсё, паведаміў на прэс-канферэнцыі адзін з заяўнікаў акцыі Аляксей Янукевіч.

Па-першае, з складу арганізатараў мерапрыемства быў выкраслены Ілля Дабратвор. Яму паведамілі, што на яго быў складзены адміністратыўны пратакол за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якое ён нібыта правёў 23 сакавіка 2014 года. «Гэта нейкая лухта, бо 23 сакавіка ў мяне быў дзень народзінаў. Я што, сваіх гасцей павінен рэгістраваць, як удзельнікаў масавага мерапрыемства, а дзень народзінаў рэгістраваць у Мінгарвыканкаме?» — абурыўся Дабратвор. І дадаў, што незаконнае выключэнне яго са складу арганізатараў будзе абскарджваць ва ўстаноўленым законам парадку.

Аляксей Янукевіч, Дзяніс Садоўскі і "ўжо не арганізатар мерапрыемства" Ілля Дабратвор

Шлях у Курапаты па вуліцах Якуба Коласа і Лагойскім тракце забаронены — па меркаванні чыноўнікаў, на гэтым шляху ёсць установы, блізу якіх масавыя мерапрыемствы праводзіць нельга. Арганізатарам прапанаваны традыцыйны маршрут: кінатэатр «Кастрычнік», — вуліца Сурганава — плошча Бангалор.

Зменены і час правядзення мерапрыемства. Мінгарвыканкам сам вызначыў, што ягоныя ўдзельнікі павінны сабрацца каля «Кастрычніка» у 16 гадзінаў. Янукевіч на сустрэчы здзівіўся, чаму ў суботу людзі маюць збірацца ўвечары, а не ўдзень. Яму паведамілі, што ўдзень на плошчы Бангалор будуць іншыя афіцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Чарнобылю.

Такім чынам, Мінгарвыканкам дае маршрут: збор у 16 гадзінаў каля кінатэатра «Кастрычнік», потым шэсце ў парк Дружбы народаў да 17.30, там з 17.30 да 18.30 мітынг на канцэртнай пляцоўцы.

Такое рашэнне адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі назваў «зняважлівым, абуральным і неабгрунтаваным». Паводле яго словаў, у Курапаты па амаль аналагічным маршруце штогод ходзіць шэсце на Дзяды — і за апошнія гады не было забароны гэтага шэсця, а зараз раптам узніклі нейкія ўстановы, якім гэта перашкаджае.

Увогуле, законнасць рашэння Мінгарвыканкама выклікае сумневы. Адна справа — змяніць час яго правядзення, альбо маршрут. Іншае, калі Мінгарвыканкам мяняе ўсё: і маршрут, і час, і план акцыі. У гэтым выпадку можна сказаць, што арганізатарам шэсця выступае сам Мінгарвыканкам, а не грамадзяне, якія заяўлялі ўсё ж іншае мерапрыемства. У іншы час і ў іншым месцы. Бо ў такой сітуацыі да такога шэсця арганізатары, пагадзіцеся, маюць мала дачынення.

Але ўсё ж, сціснуўшы зубы, ініцыятары «Чарнобыльскага шляху» пагадзіліся і на такі варыянт. Па словах Садоўскага, «Чарнобыльскі шлях» — гэта «не тое месца і не той час, каб уступаць у канфлікт з уладамі». Гэта мерапрыемства, найперш, жалобнае, у памяць аб загінулых у выніку аварыі на ЧАЭС і ад яе наступстваў.

Між тым, падобнае рашэнне Мінгарвыканкаму стварае праблемы і іншым грамадзянам. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі эколаг Таццяна Новікава, яна асабіста падавала ў Мінгарвыканкам заяву на антыядзерны пікет «За бяз’ядзерны свет!» з 18 да 20 гадзінаў 26 красавіка у парку Дружбы народаў. Таму зараз невядомы лёс яе заяўкі: альбо яна будзе адхіленая ў сувязі з «Чарнобыльскім шляхам», альбо «Шлях» плаўна перацячэ ў гэтае пікетаванне.

А яшчэ Садоўскі зазначыў, што, калі Мінгарвыканкам вырашыў даць традыцыйны маршрут для шэсця, то яно і будзе традыцыйным. «Мы будзем заклікаць грамадзянаў пасля мітынгу, як гэта робіцца звычайна, у прыватным парадку пайсці да Чарнобыльскай капліцы па вуліцы Карастаянавай, каб там ускласці кветкі, паставіць свечкі і памаліцца. Хто пойдзе ў прыватным парадку, той пойдзе», — зазначыў ён.

Тыя ж, хто разлічваў на «талаку ў Курапатах», таксама не застануцца па-за ўвагай. Падчас шэсця і мітынгу ахвотныя змогуць запісацца на такое мерапрыемства, якое пройдзе ў траўні.

 «Чарнобыльскі шлях» — гэта не толькі традыцыйнае шэсце ў Мінску. Да даты гадавіны Чарнобыльскай катастрофы «прыкладаецца» яшчэ шэраг розных мерапрыемстваў. У мінулым годзе быў створаны экалагічны камітэт імя Івана Нікітчанкі, які таксама распрацоўваў і іншыя экалагічныя праблемы Беларусі. Сёлета таксама прадугледжаны шэраг іншых акцый.

Як паведаміла Таццяна Новікава, 22 красавіка ў Мінску павінен прайсці круглы стол «Экалагічныя наступствы ядзерных катастрофаў». Паводле яе, гэты круглы стол павінен адбыцца ў «Галерэі Ў» з 18.30 да 21 гадзіны. «Тэмай абмеркавання будзе вельмі шырокая: гэта і Чарнобыль, і Фукусіма, і беларуская АЭС, а таксама глабальнае выпадзенне радыёнуклідаў, якія ёсць у нас у кожным гародзе», — паведаміла Новікава. Пра гэта распавядзе брытанскі навуковец Крыс Басбі, а дапаможа яму Юрый Варонежцаў, беларускі дэпутат у Вярхоўным Савеце СССР і былы адказны сакратар камісіі ВС СССР па расследаванні Чарнобыльскай катастрофы.

Таццяна Новікава

Да чарговых угодкаў Чарнобыльскай катастрофы плануецца, як заявілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, «запуск міжнароднай петыцыі» з заклікам да ўсіх краінаў знайсці магчымасці для бяз’ядзернага развіцця краінаў і спыніць будаўніцтва беларускай АЭС. Таксама плануецца, што будзе праведзены «шэраг міжнародных акцый салідарнасці». Беларускія эколагі плануюць аб’яднаць у адзін ланцужок пад адной ідэяй усе антыядзерныя акцыі, якія праходзяць 26 красавіка у розных рэгіёнах свету. Прынамсі, згоду на такое аб’яднанне дала партыя зялёных Літвы, якая ў гэты дзень будзе ладзіць «Шэсце мутантаў».

Каментаваць