"Чарнобыльскі шлях" пасля шэсця не заканчваецца

"Чарнобыльскі шлях" не скончыцца і пасля ягонага правядзення. Апазіцыя створыць Нацыянальны экалагічны камітэт, каб своечасова рэагаваць на ўзнікаючыя экалагічныя праблемы Беларусі. Гэты камітэт паспрабуе паўплываць на праблемы застарэлыя, і будзе ў стала дзейсным парадку рыхтаваць наступныя экалагічныя акцыі.



 Пра гэта на прэс канферэнцыі ва ўправе Партыі БНФ заявілі сябры аргкамітэта "Чарнобыльскага шляху" ў Мінску.

Беларуская партыя "Зялёныя" на мінулым тыдні выступіла з крытыкай "Чарнобыльскага шляху": маўляў, ён ператварыўся ў "дрэнны працяг" Дня Волі і цалкам адышоў ад ранейшай экалагічнай скіраванасці акцыі ў бок палітыкі. "Зялёныя" прапанавалі абмеркаваць пытанне, каб вярнуць "Чарнобыльскі шлях" у экалагічнае рэчышча.

Адной з прапановаў было тое, што да "Чарнобыльскага шляху" трэба рыхтавацца не толькі пасля Дня Волі, а амаль штодня. Астатнія "гульцы" на гэтым полі 19 красавіка правялі круглы стол палітычных партый і грамадскіх арганізацый, прысвечаны гэтаму пытанню. "Зялёныя", на жаль, на гэты круглы стол не з'явіліся.

Затое на ім былі амаль усе астатнія — прадстаўнікі партый БНФ, БХД, АГП, "Справядлівага свету", БСДП (Грамада), "Еўрапейскай Беларусі", Асамблеі НДА і нават аргкамітэту па стварэнні аб'яднання "За справядлівыя выбары". Экспертную падтрымку аказалі НІСЭПД, "Зялёная сетка", Беларуская антыядзерная кампанія. А пра праблему будаўніцтва беларускай АЭС распавёў па скайпу вядомы расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

Абмяркоўвалася на гэтым круглым стале не толькі тэма "Чарнобыльскага шляху", але і ўвогуле экалагічных і сацыяльных праблем, прынамсі, ушчыльненне забудовы Мінска і пратэсты людзей супраць экалагічна небяспечных аб'ектаў. Прычым, шмат такіх праблем палягае і ў праблеме катастрофы на ЧАЭС. Асабліва казалася пра высокі ўзровень анкалагічных захворванняў, пазбаўленне ільготаў ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, праблему забруджаных тэрыторый. Але ўдзельнікі падкрэслівалі: партыі не вельмі актыўна падтрымліваюць тых, хто змагаецца за свае правы ў супрацьстаянні пабудовы новых экалагічна небяспечных аб'ектаў.

Таму аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху" пасля акцыі плаўна ператворыцца ў нацыянальны экалагічны камітэт, якому, па прапанове сустаршыні аргкамітэту па стварэнні БХД Віталя Рымашэўскага, будзе нададзена імя беларускага вучонага Івана Нікітчанкі.

Гэты камітэт будзе займацца зборам інфармацыі аб пратэстных акцыях грамадзян, пэўна, уступіць у каардынацыю з ініцыятывай "Зялёны Мінск", якая аб'ядноўвае грамадзян, што змагаюцца супраць ўшчыльнення забудоў і захаванне мінскіх зялёных зон, і будзе распрацоўваць нацыянальныя кампаніі па экалагічных пытаннях Беларусі. Камітэт будзе адкрыты — у ім здолеюць прыняць удзел усе жадаючыя.

Працы ў новага камітэта будзе вельмі шмат. Бо эколаг Таццяна Новікава, якая прымала ўдзел у круглым стале, распавяла ягоным чальцам, што экаактывістам проста і банальна не хапае рабочых рук. То бок, няма людзей, якія б ушчыльную займаліся ўжо тымі экалагічнымі праблемамі, якія ёсць. А такіх праблемаў вельмі шмат: пачынаючы ад высечак беларускіх пушчаў і здабычы торфу на асабліва ахоўваемых тэрыторыях, да планаў дзяржавы нанова засяліць адселеныя "чарнобыльскія" раёны. Ад будаўніцтва АЭС да тых жа ўшчыльненых забудоў і веладарожак. Пакуль што эколагі проста разрываюцца на кавалкі, бо ім у гэтым ніхто не дапамагае.

І нават тая ж праблема наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Як паведаміла Новікава, першапачаткова гэта не было праблемай "Зялёнай сеткі", бо, здавалася б, традыцыйна гэтымі праблемамі займаліся іншыя арганізацыі. Але дзе яны зараз? Іх не бачна і не чутна. Нават знакаміты фонд Генадзя Грушавога "Дзецям Чарнобыля" ўжо распушчаны, бо ў дзяцей Чарнобыля ўжо ёсць уласныя дзеці.

А праблема, як казаў на сустрэчы прафесар Анатоль Паўлаў, засталася. Бо 28–30 гадоў — гэта ўсяго толькі перыяд паўраспаду тых ізатопаў цэзію і стронцыю, якія аселі ў Беларусі ў 1986 годзе. То бок зараз распалася палова гэтых рэчываў, і, дзе раней было 15 Кюры на квадратны кіламетр, стала 7,5 кюры. А радыяцыя сама па сабе нікуды ж не знікла, толькі фон паменшыўся!

Ну і, што да ўласна "Чарнобыльскага шляху". Пра рашэнне Мінгарвыканкама ўжо вядома: збор ўдзельнікаў 26 красавіка ў 18.30 каля кінатэатра "Кастрычнік", шэсце адтуль па праспекту Незалежнасці і вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, там – невялічкі мітынг. Ускладанне кветак і запальванне свечак каля "Чарнобыльскай капліцы" ля памятнага каменя, што ў раёне вуліцы Карастаянавай — не больш за 50 чалавек.

З гэтай нагоды арганізатары заявілі: яны не будуць лічыць удзельнікаў шэсця "па галавах". Як паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, Дзяніс Садоўскі, з міліцыяй дасягнутая дамоўленасць пра тое, каб гэтае шэсце не было дэманстрацыяй, то бок, на ім не было сцягоў, транспарантаў і лозунгаў. А так — усе жадаючыя, па меркаванні Садоўскага, з кветкамі і свечкамі, не парушаючы грамадскі парадак змогуць дайсці да капліцы і ўшанаваць памяць ахвяраў Чарнобыля.

Каментаваць