Чацвёрты год бамжуе Васіль Хацькоў пасля зносу свайго дому

Гэтая гісторыя пачалася ў 1970 годзе, калі Васіль Хацькоў купіў у Мінску дом № 26 па вуліцы імя Савецкіх пагранічнікаў (зараз — праспект імя Фелікса Дзяржынскага). І ўжо праз два гады чыноўнікі аб’явілі гаспадару дома аб яго зносе ў бліжэйшы год. З-за гэтага было забаронена разбудоўваць дом, хаця ў ім ўжо жылі тры сям’і родзічаў гаспадара — ён з жонкай і сынам, а таксама сем’і бацькоў і малодшай сястры. Нягледзячы на забарону, у 1980 годзе да дому прыбудавалі яшчэ адну кватэру з асобным уваходам. А знос усё адцягваўся і пераносіўся.



Гэтая гісторыя пачалася ў 1970 годзе, калі Васіль Хацькоў купіў у Мінску дом № 26 па вуліцы імя Савецкіх пагранічнікаў (зараз — праспект імя Фелікса Дзяржынскага). І ўжо праз два гады чыноўнікі аб’явілі гаспадару дома аб яго зносе ў бліжэйшы год. З-за гэтага было забаронена разбудоўваць дом, хаця ў ім ўжо жылі тры сям’і родзічаў гаспадара — ён з жонкай і сынам, а таксама сем’і бацькоў і малодшай сястры. Нягледзячы на забарону, у 1980 годзе да дому прыбудавалі яшчэ адну кватэру з асобным уваходам. А знос усё адцягваўся і пераносіўся. Паводле слоў Васіля Хацькова, так і пражылі на чамаданах 37 гадоў. І толькі ў 2007 годзе, калі ўжо сышлі ў лепшы свет бацькі і малодшая сястра гаспадара дома, знос стаў рэальнасцю ў сувязі з будаўніцтвам чарговай веткі Мінскага метрапалітэна.

На момант зносу ў дзвюхкватэрным блакаваным жылым доме з гаспадарчымі прыбудовамі, садам і агародам паасобна і не адзін год пражывалі дзве сям’і — сам спадар Васіль у адной кватэры, а ягоная былая жонка з яе дарослым сынам ад першага шлюбу — у другой. Дарэчы, апошнія не з’яўляліся ўладальнікамі дома, а хлопец нават ніколі і не быў членам сям’і Васіля Хацькова. Аднак згодна з айчынным заканадаўствам, якое дзейнічае да гэтага часу, спадар Васіль не меў мажлівасці выпісаць былую жонку і яе сына з свайго ўласнага дому. Такім чынам дзяржава абмяжоўвала свабоду ўласніка дома і прымушала яго ўступаць сваё жыллё чужым людзям. Тым больш, што самі адносіны паміж гаспадаром дома і яго былой жонкай былі не вельмі добразычлівыя. Нягледзячы на гэта, адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска ўзамен дзвюхкватэрнага дома прапанавала абедзвюм сем’ям адну двухпакаёвую кватэру.

З-за таго, што Хацькоў не згадзіўся з такой прапановай уладаў, чыноўнікі звярнуліся за дапамогай у суд. І 19 кастрычніка 2007 года суд Маскоўскага раёна вырашыў выселіць спадара Васіля і ягоную былую жонку з сынам з дома №26 па праспекту Дзяржынскага ў двухпакаёвую кватэру па вуліцы імя Наджафа Рафіева. Прычым гэтая кватэра перадавалася спадару Васілю ва ўласнасць. Але як рэалізаваць гэтае права на ўласную кватэру, калі ў ёй павінны былі жыць чужыя людзі? Высяленне было аформлена судовым рашэннем, нягледзячы на тое, што парушаліся правы ўласніка згодна з артыкулам 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю (…) Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай. А згодна з артыкулам 104 Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь, грамадзяніну і яго сям’і выдзяляецца кватэра ў выпадку зносу блакаванага жылога прыватнага дома ў сувязі з выемкай дзялянкі зямлі для дзяржаўных патрэб.


У траўні 2008 года судовыя выканаўцы ўсялілі былую жонку Хацькова з яе сынам ва ўласную кватэру спадара Васіля. Але калі 17 лютага 2009 года ён адмовіўся пакідаць свой дом, Хацькова выкінулі на снег і мароз, а хату знішчылі. Пра гэта распавялі грамадству многія беларускія СМІ. Пасля доўгіх хаджэнняў спадара Васіля па кабінетах сталічнага чыноўніцтва, у першую чаргу — суда і пракуратуры, Генеральная пракуратура вынесла пратэст на рашэнне суда Маскоўскага раёна. А калі пратэст быў задаволены і справа Хацькова перагледжана, суд Маскоўскага раёна вынес наступнае рашэнне: спадару Васілю можна выдзеліць асобную, альбо трохпакаёвую кватэру для сумеснага пражывання з былой жонкай і яе сынам. Такім чынам, суд не выканаў свае абавязкі, не ўзяў на сябе адказнасць па канчатковаму вырашэнню гэтага канфлікту паміж грамадзянінам і дзяржавай, а зноў аддаў гэтую праблему на водкуп выканаўчых органаў улады. І хаця рашэнне суда ўступіла ў законную сілу ў лістападзе мінулага года, толькі ў траўні 2012 года ўлады пагадзіліся даць асобную кватэру спадару Васілю. Але невядома, калі Хацькоў на самой справе атрымае кватэру,бо чыноўніцтва дзейнічае па прынцыпу: на табе Божа, што нам не гожа.

Вось чаму і да гэтага часу бамжуе былы інжынер, а зараз пенсіянер Васіль Хацькоў, за свае заслугі перад краінай уганараваны званнем “Вынаходнік СССР.

На здымках Алега Груздзіловіча (Радыё Свабода): 17 лютага 2009 года, Мінск. Васіля Хацькова выкінулі на снег і мароз, а яго хату знішчылі.

Каментаваць