Хай самі разбіраюцца…

Улады Беларусі працягваюць няпростае змаганне за эканамічныя паказчыкі. Хаця прайшла толькі палова года, Нацбанк ужо думае пра будучыню. Яшчэ няясна, што будзе з намі ў тыя часы, калі мы вернемся з адпачынкаў, але ўжо дакладна вядома, што будзе ў 2014-м.



Абслугоўванне і частковае пагашэнне знешняга дзярждоўгу Беларусі ў 2014 годзе абыдзецца краіне ў больш чым 3 мільярда долараў, паведаміла кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова. «Важнай задачай (у 2014 годзе) застаецца падтрыманне золатавалютных рэзерваў на ўзроўні, які забяспечвае эканамічную бяспеку, з улікам пагашэння знешніх і ўнутраных абавязацельстваў. Павелічэнне ЗВР ускладняецца неабходнасцю пагашэння ўрадам і Нацыянальным банкам у наступным годзе абавязацельстваў перад унутранымі і знешнімі крэдыторамі на суму больш як 3 мільярда долараў», — канстатавала кіраўніца Нацбанка.

Нагадаем, што ў гэтым годзе адпаведныя затраты Беларусі ацэньваюцца прыкладна ў 3,6 мільярда долараў.

Дзе ж мы знойдзем столькі грошай? Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі ў студзені-маі 2013 склала толькі 303,9 мільёна долараў, знізіўшыся ў 9,8 разу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, гаворыцца ў справаздачы Нацбанка РБ. У знешнім гандлі таварамі адмоўнае сальда ў студзені-маі 2013 склала 930,9 мільёна долараў. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг знізіўся ў студзені-маі 2013 на 16,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў 36 725,1 мільёна. Экспарт тавараў і паслуг упаў на 20,9% да 18 514,5 мільёна долараў. То бок, прадукцыя нашая не прадаецца, і прадавацца наўрад ці будзе.

Можна, канешне, будаваць «фінансавую піраміду». То бок, узяць новы крэдыт, напрыклад, у МВФ, і з яго аддаваць старыя крэдыты. Але Ермакова як сумленная жанчына на гэта не пойдзе. Яна сама сказала, што ў прынцыпе, патрабаванні МВФ што да эканамічных паказчыкаў Беларусь ужо выконвае. «Такія рэкамендацыі шмат у чым сыходзяцца і адпавядаюць у цэлым палітыцы сацыяльна-эканамічнага развіцця, што праводзіцца ўрадам і Нацыянальным банкам», — сказала спадарыня Надзея, і адзначыла, што гэтыя «рэкамендацыі ў цяперашні час дэталёва разглядаюцца Нацыянальным банкам».

Паводле яе слоў, усё псуе палітыка. «На жаль, адзначаецца не цалкам аб’ектыўны падыход МВФ у частцы агульнай ацэнкі функцыянавання беларускай эканомікі», — панаракала Ермакова.

То бок, крэдыт у МВФ мы браць пакуль не плануем. Таксама можна было б пайсці на супрацу з інвестарамі. Але і тут праблема: трэба яшчэ вызначыцца, хто тут сумленны. Менавіта пра тое казаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы свабодную эканамічную зону «Магілёў». «У Еўрасаюзе папракаюць, што ў нас тут такая бюракратыя, што не прабіцца на наш рынак. Каб вы ведалі, для губернатараў і мэра Мінска даводзяцца заданні па прыцягненні інвестыцый. Таму гэта нестаноўчая крытыка», — заявіў Лукашэнка.

«Яны, наадварот, рады, калі прыходзіць інвестар, дай Бог, прыстойны, і з такімі мы маем справу. А з жулікамі мы спраў мець не хочам. Таму крытыка, што ў нас немагчыма адкрыць бізнэс замежніку, нестаноўчая», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прысутнага пасла Літвы ў Беларусі Эвалдаса Ігнатавічуса. «Ды калі ласка, прыходзьце, працуйце. Толькі трэба бачыць, што ў нас хутка рабочых рук не хопіць на тыя працоўныя месцы, якія ўжо створаныя», — адзначыў ён.

Што нам не хопіць рук, дык гэта дакладна. З нашай працоўнай міграцыяй трэба, каб інвестар даваў такі ж заробак, як у Расіі альбо Еўропе. Але ж тады ўсе будуць працаваць на «інвестаравых» прадпрыемствах, а хто будзе працаваць на дзяржаўных?

У прынцыпе, Бог з імі, з уладай і інвестарамі. Хай яны самі разбіраюцца, што рабіць з іхнімі пазыкамі. А нам трэба думаць, каб адпачыць нармальна. Праўда, гэтае «нармальна» не заўсёды атрымліваецца.

Ужо доўга нам абяцаюць бязвізавы ўезд у Турцыю. Аднак з гэтым прыйдзецца пачакаць. Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Турцыяй можа пачаць дзейнічаць, у лепшым выпадку, восенню бягучага года. Як паведаміў намеснік старшыні ПП НС Віктар Гумінскі, падчас сустрэчы са старшынёй турэцкага парламента ў рамках штогадовай сесіі ПА АБСЕ 28 чэрвеня — 3 ліпеня ў Стамбуле былі абмеркаваныя пытанні ратыфікацыі пагаднення. «Цяпер ідзе праца над тым, каб беларускі парламент ратыфікаваў дакументы на восеньскай сесіі. За намі пытання з прыняццем рашэння не будзе. Таксама на сустрэчы ставілася пытанне, каб у гэтым годзе ратыфікаваў пагадненні і турэцкі бок. Выключыць, што ўсе працэдуры будуць завершаны ўжо ў гэтым годзе, нельга», — кажа Гумінскі.

Але чаму яны гэтае пагадненне не ратыфікавалі на вясновай сесіі? Няўжо не ведалі, што будзе лета і адпачынкі?

Праблемы ў нас і з Літвой. Літоўскія памежнікі правялі «італьянскі страйк», калі ўсіх асоб і транспартныя сродкі, што перасякаюць мяжу, правяраюць доўга і асабліва старанна. Літоўскія памежнікі патрабуюць павышэння заробкаў і сацыяльных гарантый. Што ж, у іх не «сацыяльная дзяржава» — маюць права патрабаваць. Але прапускная здольнасць у асобных пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы з-за гэтага знізілася ў 10 разоў.

Весела зараз у Егіпце. Дэманстрацыі прыхільнікаў і праціўнікаў былога прэзідэнта-ісламіста Мухамеда Мурсі прайшлі ў курортных гарадах Хургадзе і Шарм-эш-Шэйху. Егіпецкія СМІ адзначаюць, што дэманстрацыі праходзяць мірна і на адпачынку турыстаў ніяк не адбіваюцца. Але МЗС Беларусі непакоіцца, каб нашы турысты не прывезлі сюды арабскую моду на рэвалюцыі. МЗС РБ рэкамендуе беларускім грамадзянам не пакідаць курортныя зоны і ўстрымлівацца ад паездак па Сінайскім паўвостраве, а таксама ў Каір, Александрыю, Суэц, Порт-Саід і Луксор. Грамадзянам Беларусі таксама рэкамендуецца пазбягаць месцаў з вялікай колькасцю людзей, дэманстрацый і акцый пратэсту.

На месцы тураператараў я б, наадварот, рабіў адпаведныя туры для турыстаў-экстрэмалаў. Гатэлем «усё ўключана» зараз нікога не здзівіш, а вось паўдзельнічаць у якой-небудзь рэвалюцыі — гэта б карысталася вялікім попытам. А якія б у турыстаў адтуль былі б фоткі!

Абмеркаванне:

  • Імя
  • 2013-07-14 01:36:09
На дзяржаўных прадпрыемствах можна скараціць палову супрацоўнікаў і ніхто не заўважыць.

Каментаваць