Харчовы Кландайк ці як накарміць Расію

Вось, нарэшце, і на плошчы каля нашай сельскай гаспадаркі перакуліўся грузавік з цукеркамі. Беларусь, скарыстаўшыся шанцам, паабяцала накарміць усю Расію. Галоўнае, каб нам пасля гэтага засталося, што есці.



У лік краін, імпарт харчоў з якіх у Расію абмежаваны, уваходзяць ЗША, краіны ЕС, Аўстралія, Канада, Японія і Украіна. Цалкам забароненыя пастаўкі мяса буйной рагатай жывёлы, свініны, харчовых субпрадуктаў хатняй птушкі, рыбы, ракападобных, малюскаў і іншых водных беспазваночных, малака і малочнай прадукцыі, гародніны, ядомых карняплодаў і клубняплодаў, садавіны і арэхаў, каўбасаў і аналагічных прадуктаў з мяса, мясных субпрадуктаў ці крыві, гатовых прадуктаў, уключаючы сыры і тварог на аснове раслінных тлушчаў, харчовых прадуктаў (з утрыманнем малака, на аснове раслінных тлушчаў). Забарона не распаўсюджваецца на алкаголь і дзіцячае харчаванне.

Мяса, малако, птушка, садавіна і гародніна, асабліва бульба — гэта ўсё тое, чым мы зараз можам проста заваліць Расію. Але трэба напачатку вызначыцца з прыярытэтамі накірункаў паставак.

Пуцін, уводзячы гэтае эмбарга, відавочна думаў пра кантынентальную Расію. Але што будзе рабіць у гэтай сітуацыі Калінінград? Аляксандр Лукашэнка калісьці на сустрэчы з расійскімі журналістамі распавядаў пра прапанову Пуціну далучыць Калінінград да Беларусі. Зараз, падаецца, самы час Пуціну аддаць нам гэтую «Кемску воласць», якая знаходзіцца ў варожым атачэнні краінаў ЕС. Інакш яна проста адыдзе назад да Германіі.

Што ж тычыцца харчавання, то Беларусь гатовая пастаўляць у Расію прадукты замест усіх краін, у дачыненні да якіх Расія ўвяла санкцыі, сцвярджае першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч. «Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях у частцы харчавання», — сказаў Марыніч. Паводле яго словаў, першымі ў гэтым шэрагу стануць сыры, потым павялічацца пастаўкі мяса і цэльнага малака (замест Фінляндыі). Беларускія аграрыі, па словах Марыніча, могуць наладзіць дадатковыя пастаўкі садавіны і гародніны. «Заменім галандскую бульбу, заменім польскія яблыкі — у нас усё ёсць», — відавочна радаваўся Марыніч.

Магчыма, у нас усё ёсць, галоўнае толькі падлічыць, у якіх колькасцях. Бо, паўтаруся, каб самім хапіла.

А тое надоечы зайшоў я ў «супермаркет» «Суседзі»: каўбаска для смажання — больш за 100 тысячаў за кілаграм! Хай бы гэта было чыстае мяса, але каўбаса па 10 долараў — наўрад ці дзе ў свеце ёсць такія кошты.

Ёсць і яшчэ варыянты павелічэння нашага «залатога запасу» за кошт «харчовай вайны». Напрыклад, Беларусь абавязалася не рээкспартаваць у Расію забароненую заходнюю ежу. Такое абяцанне даў кіраўнік Мінсельгасхарча Беларусі Леанід Заяц на сустрэчы з кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам. Але ў той жа час прадстаўнік Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас паведаміў, што «сінявокая» выгандлевала для сябе права пастаўляць у Расію прадукты харчавання, вырабленыя ўнутры рэспублікі з выкарыстаннем імпартнай сыравіны. «Мы ўзялі на сябе абавязацельствы не дапускаць рээкспарту ў Расію тавараў, пастаўкі якіх туды забароненыя. Але гэта не распаўсюджваецца на беларускую прадукцыю, якая выраблена на беларускіх прадпрыемствах з выкарыстаннем імпартнай сыравіны», — растлумачыў Румас.

Што значыць «выраблена», і наколькі вялікая павінна быць «ступень лакалізацыі прадукту»? Напрыклад, нарвежскі ласось (аб чым недальнабачна распавёў у сваёй рэкламе «Санта Брэмар») парэзаны на кавалкі і ўпакаваны на гэтым беларускім прадпрыемстве — ён становіцца беларускім прадуктам, ці застаецца нарвежскім ласосем? Ці з’явяцца такім чынам у Беларусі «свае» кальмары, цытрусавыя ды бананы?

Акрамя наўпроставых паставак прадукцыі ёсць яшчэ адзін спосаб «накарміць Расію». Нездарма Аляксандр Лукашэнка адразу пасля ўвядзення гэтага харчовага эмбарга раптам заклапаціўся праблемай перавозчыкаў і пастаўшчыкоў. «Рашэнне (Пуціна пра харчы — рэд.) было ўведзена без папярэджання, нечакана. І на мяжы сабралася пэўная колькасць аўтамашын, рэфрыжэратараў, у тым ліку з хуткапсавальнымі прадуктамі. Не трэба гэтых людзей крыўдзіць», — адзначыў Лукашэнка. «Па-першае, гэта ж нашы і расійскія перавозчыкі — кіроўцы, экспедытары. Па-другое, тавар аплачаны і закантрактаваны. Па-трэцяе, проста не па-чалавечы будзе, калі мы да гэтых людзей ненармальна паставімся», — лічыць Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі прапанаваў пастаўшчыкам альбо прадаць тавар на тэрыторыі Беларусі, альбо аддаць яго на перапрацоўку, каб не ганяць фуры туды-сюды. І, між тым, дадаў: «Што тычыцца нашага ўнутранага рынку, гэта наша ўнутраная справа. Патрэбныя нам польскія яблыкі — мы купляем, але не для Расіі, а для ўнутранага рынку. Патрэбныя нейкія нямецкія далікатэсы — таксама набываем для ўнутранага спажывання».

У варунках Мытнага саюза і фактычнай адсутнасці мяжы з Расіяй гэта гучыць, як запрашэнне: «Калі ласка, за харчамі ў Беларусь, дарагія расіяне!». Мы ўжо звыкліся да таго, што расійцы масава наведваюць Віцебск, Магілёў і іншыя «прымежныя» абласныя цэнтры, скупляючы там малако, смятану і іншыя прадукты харчавання.

Зараз гэты «паток харчовых турыстаў» значна ўзрасце. Беларускаму вытворцу, сэрвісу, гандлю, і банкам у гарадах на мяжы з Расіяй трэба быць гатовымі задаволіць шалёны попыт, які ўзнікне ў расіян у сувязі з уласным дэфіцытам «нямецкіх далікатэсаў».

Але галоўнае — не спаць у шапку сельгасвытворцам і перапрацоўшчыкам сельскагаспадарчай прадукцыі. Калі «харчовае эмбарга», як плануе Пуцін, пратрывае год, то за гэты год нашая сельская гаспадарка павінна як мінімум разлічыцца з усімі сваімі пазыкамі, калі не выйсці не тое што на самаакупнасць, а «у плюс».

А што ж будзе з ЗША і Еўропай? А нічога. ЗША ацэньваюць страты ад «харчовых» санкцый РФ у дробязныя $715 мільёнаў. Еўропа — у 5,2 мільярда еўра. Для рэгіёна, які на падтрымку адной толькі Грэцыі выкінуў 240 мільярдаў еўра за тры гады, гэта таксама дробязі.

Каментаваць