Чарговае аб’яднанне

Шэраг апазіцыйных палітычных структур падпісалі пагадненне аб каардынацыі сумеснай дзейнасці. “Мы хочам, каб аб’яднанне дэмакратычных сіл праходзіла менавіта праз канкрэтную сумесную працу, а не толькі сустрэчы, — заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Шэраг апазіцыйных палітычных структур падпісалі пагадненне аб каардынацыі сумеснай дзейнасці. “Мы хочам, каб аб’яднанне дэмакратычных сіл праходзіла менавіта праз канкрэтную сумесную працу, а не толькі сустрэчы, — заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Шэсць палітычных структур — Рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», АГП, партыя левых “Справядлівы свет, партыі БХД і БНФ — заявілі, што яны змаглі паразумецца па двух пытаннях: першаснае патрабаванне вызвалення палітычных вязняў і патрабаванне стварыць умовы для правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.

Варта зазначыць, што да заявы аб кансалідацыі апазіцыі з боку журналістаў была вялікая ўвага і чаканне калі не прыняцця радыкальных рашэнняў, то хаця б канкрэтыкі адносна стратэгіі дзеянняў. Аднак гэтага не прагучала. Не было анансавана і супольнае рашэнне пра ўдзел у парламенцкіх выбарах ці іх байкатаванне.

Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ў крызісе сёння знаходзіцца не толькі краіна і ўлада, але ў пэўнай ступені і апазіцыя. “Гэта адбылося таму, што мы слаба аб’яднаныя. Нам неабходна накіраваць сумесныя дзеянні на дэмантаж сённяшняй сістэмы ўлады, першы крок да чаго — правядзенне свабодных выбараў, — сказаў палітык.

Аўтары пагаднення мяркуюць, што ў Беларусі неабходна правесці поўнамаштабную палітычную рэформу.

“Адзіным сведчаннем правядзення такой рэформы могуць стаць празрыстыя выбары, дэмакратычны характар якіх быў бы прызнаны як усімі палітычнымі сіламі і ўдзельнікамі электаральнага працэсу ўнутры Беларусі, так і міжнароднымі арганізацыямі. Такія выбары дазволілі б сфарміраваць паўнамоцны парламент і адказны перад народам урад, які б змог правесці неабходныя эканамічныя рэформы, — гаворыцца ў дакуменце. — Эканамічны крызіс быў абвостраны крызісам палітычным. Сістэматычныя парушэнні вышэйшым кіраўніцтвам краіны заканадаўства, скіраваныя на ўзмацненне рэжыму асабістай улады, прывялі да празмернай канцэнтрацыі паўнамоцтваў у руках аднаго чалавека, разбурэння балансу галінаў улады.

Удзельнікі пагаднення гавораць, што іх кансалідацыя мае адкрытую форму, яны чакаюць салідарнасці і паразумення з іншымі партыямі і арганізацыямі.

Кіраўнік партыі левых на пытанне, якім чынам будзе арганізаванае кіраўніцтва ў новастворанай платформы, заявіў: “Вы ўсё хочаце стварыць КПСС. Але каардынацыя дзейнасці магчымая і так.

Разважаючы пра лідарства, палітыкі выказаліся, што цяпер не стаіць пытанне выбару новага “прыгожага і разумнага лідара, аднак, па словах Мілінкевіча, такога было б мець някепска.
 

Каментаваць