Чарговы разгон апазіцыйнай акцыі

У традыцыйны Дзень беларускай салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы Мінску сабраліся некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў апазіцыйных партый і арганізацый. Гэтая акцыя дэмакратычных сіл зноў была разагнана супрацоўнікамі праваахоўных органаў.



У традыцыйны Дзень беларускай салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы Мінску сабраліся некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў апазіцыйных партый і арганізацый. Гэтая акцыя дэмакратычных сіл зноў была разагнана супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

А 18-й гадзіне ў “ланцуг неабыякавых людзей сталі каля сарака чалавек, якія трымалі ў руках нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі Еўразвязу, а таксама партрэты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў вязніцы і якіх дэмакратычная супольнасць лічыць палітычнымі зняволенымі – Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава. Дарэчы, менавіта 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч у другі раз абвесціў бестэрміновую галадоўку пратэсту супраць свайго зняволення. Многія з удзельнікаў трымалі ў руках партрэты зніклых без вестак палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага.

Сярод вядомых дэмакратычных актывістаў у акцыі ўзялі ўдзел старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту Зміцер Дашкевіч, актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Алесь Атрошчанкаў ды іншыя пазнаваныя асобы.

Акцыя доўжылася не болей за сем хвілін, як на плошчы з’явіліся некалькі дзесяткаў спецназаўцаў і пачалі актыўна выціскаць удзельнікаў мерапрыемства за Палац Рэспублікі. За нейкія паўгадзіны прадстаўнікі апазіцыі, а з імі і журналісты, што назіралі за падзеяй, былі загнаны ажно да стэлы “Мінск – горад-герой і нават далей, у бок Камсамольскага возера. Пільная ўвага міліцыянтаў была прыкавана да сустаршыні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Паўла Севярынца, якога прынамсі двойчы спрабавалі схапіць спэцназаўцы, але паплечнікі змаглі літаральна адбіць палітыка.

Акцыя скончылася без затрыманняў, хаця міліцыянтам удалося вырваць і знішчыць некалькі сцягоў. Па словах Лявона Баршчэўскага, паводзіны “сілавікоў сведчаць пра тое, што ў Беларусі пакуль не дзейнічаюць законы і нормы маралі, а правы грамадзян на мірныя сходы не выконваюцца. Назіральнікі адзначалі, что паводзіны падначаленых Міністэрства ўнутраных спраў у дачыненні да апанентаў дзейнай улады, нягледзячы на адстаўку галоўнага міліцыянта краіны Уладзіміра Навумава, пакуль што не змяніліся.

Даведка: Ініцыятыва праводзіць Дні беларускай салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года, на пятую гадавіну знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і яго сябра, бізнесмена Анатоля Красоўскага, міліцыянты разагналі акцыю ў памяць зніклых і аднялі ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў, у тым ліку і экс-міністра ўнутраных спраў генерала Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага, а таксама нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзёвы актывіст Мікіта Сасім узняў над галавой джынсавую кашулю як знак супраціву кіруючай у Беларусі ўладзе.
 

Каментаваць