Харкаў: Крывавыя «антыфашысты»

«Мы тут зараз, як тыя рыбкі ў акварыюме. Плаваем ад сценкі да сценкі, тыкаемся ў шкло, і не ведаем — ці насыплюць нам корму, ці ўключаць кампрэсар або, можа, кіпяцільнік у ваду сунуць...», — лічаць харкаўскія журналісты.



Харкаў не заслугоўвае таго, каб згадвацца адно ў сувязі з сепаратысцкім бунтам. Я вельмі памыляўся, уяўляючы яго такім безаблічным савецкім горадам. Насамрэч гэта вельмі своеасаблівы горад, дзе савецкае не толькі выглядае цікавым, але і надзіва арганічна спалучаецца з еўрапейскім.

Ілліч ідзе на штурм абладміністрацыі

Фрыдрых Шэлінг называў архітэктуру «застылай музыкай». На мой погляд, савецкая архітэктура ў маім родным Мінску — гэта застылы бюракратычны абсалютызм. Іншая справа ў Харкаве, дзе захавалася шмат узораў авангарду дваццатых — пачатку трыццатых гадоў. У ім увасабляецца імпэт, выклік і футурыстычнасць савецкага праекту. Таго перыяду, калі камунізм быў «моладасцю свету».

Нават у галоўных помніках Леніну ў Мінску і Харкаве можна ўбачыць гэтую розніцу. Нерухома стоячы на трыбуне спіной да Дома ўраду ў Мінску, ён быццам выконвае ролю гальюннай фігуры — упрыгожвання на носе паруснага судна, звычайна ў выглядзе багоў, якое мусіла ахоўваць старажытных мараплаўцаў ад штармоў. Міфічнага першаначальніка, першабюракрата. Тады як у Харкаве складаецца ўражанне, нібыта Ілліч ідзе на штурм абласной адміністрацыі. Ён рашуча крочыць у будучыню — падымаецца ўгору, выцягваючы руку з адкрытай далонню, крыссе яго паліто раздзімаецца ад ветру... 

Савецкая архітэктура

 

Нядзіўна, што менавіта тут нарадзіўся і вырас Эдуард Лімонаў, які большую частку жыцця быў палымяным рэвалюцыянерам-рамантыкам. Як і тое, што Сяргей Жадан, адзін з найбольш вядомых сучасных харкаўчан, жорстка збіты 1 сакавіка як «бандэравец» прарасійскімі штурмавікамі, на самой справе лявак. Самаабарона харкаўскага Майдана, дарэчы, складаецца ў асноўным з анархістаў — унікальны выпадак. Выступоўцы на Майдане часам ужываюць зварот «таварышы», і гэта нікога не бянтэжыць.

 

Навошта еўрапейскаму гораду Расія?

Еўрапейскі складнік Харкава — гэта вялікая колькасць захаванай даўніны, арыгінальныя скульптуры і графіці, шматлікія кавяранькі, атмасфера ўтульнасці. Адзін з раёнаў Харкава носіць назву «Новая Баварыя». 

Яшчэ ў свой першы прыезд сюды, напачатку вандроўкі па гарачых кропках Украіны, я сказаў свайму суразмоўцу, дацэнту кафедры раманскай філалогіі Харкаўскага нацыяльнага універсітэту, Ігару Оржыцкаму: «Проста не ўяўляю сабе, як у такім горадзе могуць з'явіцца імкненні далучыцца да Расіі!»

Сквер на плошчы Паэзіі

 

Не, расійскі складнік тут велізарны — украінскай мовы амаль не пачуеш, досыць рэдкі нават украінскі акцэнт, больш за тое, на ўкраінскую дзе-нідзе крывяцца, робяць выгляд, што не разумеюць, пераважная колькасць шыльдаў зроблены па-руску, чаго няма і ў Данецку, у грамадскіх месцах часта гучыць «Радыё Шансон».

Але ён выглядае заможным, адукаваным, багатым на ўнікальныя асаблівасці і гарманічным. Адным словам, еўрапейскім. Навошта яму здымацца з месца і пераязджаць у невядомасць? 

«Ніякія» людзі

Цяжка сказаць, наколькі адпавядаюць рэчаіснасці дадзеныя Уладзіміра Чысціліна, каардынатара харкаўскага Майдана, які гаворыць усяго пра 15% жадаючых далучэння да Расіі, але гэта дакладна не большасць гараджанаў.

Чаму ж тады не суціхаюць сепаратысцкія выступленні, чаму ў мінулую нядзелю колькасць удзельнікаў прарасійскага мітынгу значна перавышала колькасць майданаўцаў — яны проста ўмомант змялі іх?

Сепаратысты ў Харкаве. 12 красавіка

 

Я маю свой варыянт адказу на гэтае пытанне. І ён пужае мяне самога. Бо палягае ў падабенстве Мінска і Харкава, якое напачатку падалося мне проста чымсці забаўным і выпадковым. З незразумелых на той момант прычынаў я раптам адчуў, быццам трапіў у свой родны горад. Хаця вонкава Мінск і Харкаў моцна адрозніваюцца, няўлоўны дух вельмі падобны.

З чаго ж складаецца падабенства? Безумоўна, з падкрэсленай савецкасці, якая дасюль старанна выпешчваецца ў абодвух гарадах. З «парадку» — у Харкаве ён нетыповы для Украіны, на ім таксама робіцца акцэнт, як і ў Мінску. Тут яго наводзіць небезвядомы Генадзь Кернес. Беларускім карыстальнікам інтэрнэту вядомы ў якасці камічнага персанажу, але, як кажа Уладзімір Чысцілін, у Харкаве ён бы «з лёгкасцю выйграў любыя сумленныя выбары». Уладзімір апісвае Кернеса, як «асобу малаадукаваную, але харызматычную, сапраўднага бандыта, але і моцнага гаспадарніка».

А самае галоўнае — жыхары, мінчукі і харкаўчане, яны нібыта браты-блізняты. Павольныя, зважныя, даволі замкнёныя і нейкія гладзенькія. Абцякальныя, калі можна так сказаць пра чалавека.

Абдумваючы, адкуль бярэцца гэтая «абцякальнасць», я прыйшоў да высновы, што яна вынікае з нулявой калектыўнай  ідэнтычнасці. У сэнсе нацыяльнай ці грамадзянскай прыналежнасці гэта «ніякія» людзі. «Пафігізм» — цалкам натуральны стан душы для такіх людзей,  бо ён з'яўляецца прамым следствам адасобленасці.

Адзін з наведнікаў інтэрнэт-клубу, дзе я пішу гэты артыкул, нявольна падараваў мне яскравую ілюстрацыю. Разлічваючыся з адміністратарам, ён коратка абмеркаваў з ім апошнія ўкраінскія навіны, і дадаў: «У маім свеце нікога не калечаць і не забіваюць, у мяне ўсё добра».

Сепаратысты ў Харкаве. 12 красавіка

 

Раней я падслухаў у забягалаўцы размову групы маладзёнаў, якія абмяркоўвалі Дзмітрыя Мядзведзева ў тэлевізары:

— Глядзі-тка, нешта ён распаўнеў.

— Мо проста схуднеў на прэзідэнцкай пасадзе, цяпер ізноў форму набраў.

— Хлопцы, я вось думаю, а якая розніца, худы ён ці поўны, Мядзведзеў гэты?

— Хто ведае, мо будзе нашым прэм'ерам...

Яны не надта і хочуць бачыць яго сваім прэм'ерам, і нічога не будуць рабіць для таго, каб ён ім стаў, але і для таго, каб ён ім не стаў, рабіць яны таксама нічога не будуць. Бо ім, як кажуць украінцы, «па цымбалах».

Пажыўны булён сепаратысцкіх настрояў у паўднёва-усходніх рэгіёнах — не свядомая прыналежнасць да «рускага свету», а «ніякасць». Уласцівая і многім беларусам таксама...

 

Украінцы двух гатункаў

Чаму ж столькі «ніякіх» людзей раптам вырашылі праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, спытаецеся вы? Як бы хто не ставіўся да прарасійскіх мітынгаў, а іх удзельнікі выходзяць для таго, каб праявіць менавіта яе.

Па-першае, «ніякія» людзі асабліва ўразлівыя да пераменаў і звязанай з імі няпэўнасці. Ім, як нікому, трэба адчуваць глебу пад нагамі. Паколькі ж рэвалюцыя ў Кіеве не была іх рэвалюцыяй, і не магла ёй быць, яе перамогу яны ўспрымаюць як крушэнне заведзенага парадку, надыход малога апакаліпсісу. Яны ў паніцы і ліхаманкава шукаюць полюс прыцягнення. Знаходзячы яго ў Пуціне. Яны б прынялі і ўкраінскага Пуціна, але яго няма і быць не можа, бо Майдан стаяў і стаіць за радыкальную дэмакратызацыю краіны.

Па-другое, яны адчуваюць сябе людзьмі другога гатунку ва Украіне. І пасля Майдану гэтае пачуццё ўзмацнілася да нясцерпнага болю. Расійская прапаганда гаворыць, што іх робяць людзьмі другога гатунку, але гэта не зусім так. Ва Украіне сапраўды былі людзі двух гатункаў, толькі не заходнікі і ўсходнікі, а ўладары і люд паспаліты. Аднак  заходнікі заўсёды мелі адзін каштоўны прывілей, якога былі пазбаўленыя ўсходнікі, — моцную гістарычную, культурную і тэрытарыяльна-палітычную ідэнтычнасць.

Паколькі гэтая ідэнтычнасць была адзінай ва Украіне, на ёй і будавалася дзяржава. Нават Януковіч, гэтая гістарычная недарэчнасць, вымушаны быў абапірацца на яе.         

 

«Яны думалі, мы тут ліманадныя!»

У Беларусі вельмі слабая нацыянальная гравітацыя, і я добра ведаю па сабе, наколькі псіхалагічна цяжка можа быць чалавеку, чыя падсвядомая прага нацыяльнага не задавальняецца. І не мне аднаму ў Беларусі вядома, што значыць жыць быццам у сваёй, але насамрэч зусім чужой дзяржаве.

Як ні парадаксальна гэта прагучыць, але свядомы беларус лягчэй мог бы зразумець «ніякага» жыхара паўднёва-усходняга рэгіёну Украіны. Гэтаму жыхару заўжды муляла немагчымасць далучыцца да «агульнадзяржаўнай» ідэнтычнасці, з якой вынікала адчуванне ўласнай адчужанасці ад дзяржавы і непаўнавартаснасці. Пры гэтым іх калектыўная асаблівая ідэнтычнасць была занадта слабой, у параўнанні з «агульнадзяржаўнай», каб канкураваць з ёй.

Я не сам гэта прыдумаў, высновы зроблены пасля шматлікіх размоваў з удзельнікамі прарасійскага мітынгу. Якім бы ні быў Януковіч, ён быў прэзідэнтам «ніякіх» людзей, то бок сваім. У іх жа спачатку «адабралі» яго ў 2005 годзе, цяпер «адабралі» яшчэ раз, ужо назаўсёды. І яны выйшлі помсціць за сваю падвойную фрустрацыю.

«Заходняя Украіна зрабіла Майдан, не спытаўшыся ў нас... Заўсёды мы ў іх былі то быдлам, то цітушкамі, цяпер каларадасы і сепаратысты... Яны думалі, мы ліманадныя тут, а мы ім паказалі! УПА — параша, перамога будзе наша!», — гэтым невялічкім калажам з цытатаў можна падсумаваць усе мае размовы з «ніякімі» людзьмі, якія вырашылі стаць хоць якімі-небудзь. 

Сляпая і жахлівая помста

Я пастараўся зразумець гэтых людзей, але дараваць ім я не магу, бо помста іх сляпая і жахлівая. Бачыў яе на ўласныя вочы ў мінулыя выходныя.

У суботу ўсе панічна баяліся шэсця, якое ладзілі футбольныя фанаты (т.зв. «ультрас») разам з праварадыкальнымі групоўкамі. Супраць Пуціна і за еднасць Украіны. 

Марш 12 красавіка

 

Мітынг супраць Пуціна ў Харкаве. 12 красавіка

 

Баяліся абывацелі, баяліся каардынатары Майдану, баяліся прарасійскія актывісты, баялася міліцыя і міліцэйскі міністр Авакаў. Каардынатары Майдану вырашылі не падтрымліваць шэсце «ні афіцыйна, ні неафіцыйна». Авакаў вырашыў аддаць загад затрымліваць аўтобусы з радыкаламі на пад'ездах да Харкава. Прадстаўнікі мясцовай міліцыі ў прыватных размовах казалі, што яны «гатовыя страляць». Каля помніку Леніна на плошчы Свабоды прарасійскія мітынгоўцы насіліся туды-сюды і біліся ў істэрыцы: «Калі мы нічога не зробім, нас тут усіх пазабіваюць!!!» Сварыліся паміж сабой, напрыклад, прагналі членаў арганізацыі «Боротьба» — нібыта марксісцкай, а на самой справе прарасійскай — як «праплачаных прастытутак». 

 

Урэшце ўсё прайшло цалкам мірна, калі не лічыць мацюкоў на адрас Пуціна. Удзельнікі шэсця нават не рабілі спробаў прарваць кардон міліцыі, які перакрываў шлях да помніку Леніна. А кардоны міліцыі, як мы ўсе бачым з навінаў, ва Украіне прарываюцца лёгка і нязмушана. Тым больш падрыхтаванымі людзьмі.

Я паразмаўляў з Арцёмам, прадстаўніком фанатаў з Луганска, наконт планаў, якія ў іх былі. Разам з іншымі луганскімі фанатамі ён прыехаў сюды, бо у іх «з'явілася нацыянальная ідэя: адваліце ад нас, мы самі разбярэмся!» Арцём упэўнены, што мясцовыя жыхары выконваюць толькі ролю масоўкі ў прарасійскіх мітынгах, тады як сілавыя дзеянні ажыццяўляюцца праз расійскіх інструктараў і выканаўцаў. І ён распавёў, што фанаты хацелі ўсё зрабіць па сваёй фанацкай завядзёнцы — дамовіцца, каб «каларадасы» не нападалі на мірныя мітынгі, што яны неаднаразова рабілі, прызначыць ім сустрэчу ў аддаленным месцы, без тэлекамераў, і «зарубіцца». Тыя не пагадзіліся, сказалі, каб прыходзілі пад помнік Леніну, то бок пад тэлекамеры. Тады фанаты проста разышліся і раз'ехаліся. Усё, занавес.

Народнае веча ў Харкаве. 13 красавіка

 

У нядзелю каля помніка Шаўчэнку сабралася абсалютна мірнае Народнае веча, дзе было ў тым ліку нямала малых дзяцей. Адзінай «зброяй» удзельнікаў былі святочныя вербныя галінкі. Ніякіх арганізаваных баявых груп, толькі Самаабарона, якая тут складаецца, нагадаю, з анархістаў — адчайных змагароў з фашыстамі.

Я не вялікі майстра апісваць баявыя дзеянні, даруйце, буду сціслым. Шматтысячны натоўп свядома прыйшоў сюды біць безабаронных людзей, якіх было ледзь не ў дзесяць разоў меней. Як сведчаць відавочцы, якія прысутнічалі каля помніку Леніна, папярэдне там луналі заклікі «ісці забіваць майданутых». Яны ляцелі да помніку Шаўчэнкі як ашалелыя дзікі, равучы і рыкаючы.

Каардынатары Майдану прынялі адзінае правільнае рашэнне — ратаваць людзей, адвесці іх да бліжэйшай станцыі метро. Але спусціцца пад зямлю паспелі не ўсе. У бок тых, хто яшчэ заставаўся на паверхні, паляцелі дымавыя шашкі, узрыўпакеты, а потым і камяні. Як распавёў адзін з самаабаронцаў, спачатку яны спрабавалі выцягваць усіх параненых, але потым давялося пакідаць іх на месцы: «Бо атрымлівалася, што ты прыкрываешся параненым, як жывым шчытом...» Прарасійскія баявікі накінуліся на людзей з бітамі, гналі іх, збіваючы, па падземным пераходзе. Пэўны час Самаабарона ўтрымлівала дзверы ў метро, як кажа мой суразмоўца, ім дапамагаў адзін (!) міліцыянт, але дапамагаў сапраўды гераічна. Урэшце ачмурэлая гапата прарвалался на станцыю, дзе бойня працягнулася. Пры гэтым метрапалітэн абвесціў, што... станцыя зачыняецца, цягнікі спыняцца тут не будуць. Некаторыя ратаваліся, спускаючыся ў танэль, ідучы па рэйках.

Тым часам на паверхні вялізны натоўп атачыў Дом піянераў, дзе схавалася некалькі жанчынаў з Майдану. Тут гучалі заклікі нават... спаліць яго разам з «фашыстамі».

Адзін з параненых падчас нападу прарасійскіх баявікоў. Фота украінскай журналісткі Алёны Сакалінскай

 

Пасля чаго яны рэшту дня маршыравалі па горадзе, выгукваючы «Еўропу ў жопу!», з асаблівым націскам на апошняе слова, якое ім яўна падабалася. Або што-небудзь арыгінальнае кшталту: «Усіх наркаманаў — у Львоў!». Апошняе крычалі нецвярозыя людзі. 

Сепаратысты рухаюцца па Харкаву

Шакалы

Але больш за ўсё мяне ўразіў выпадак, які адбыўся каля выхаду з станцыі метро «Радянська», непадалёк ад гарсавету. Я ўбачыў толькі яго фінал — мужчыну гадоў пяцідзесяці, з выгляду звычайнага рабацягу, якога лупіў бітай маладзён у масцы і з георгіеўскай стужкай на куртцы. На асфальце разлілася вялізная лужына крыві...

Калі яго затрымала міліцыя — яе давялося адмыслова сюды цягнуць, самі яны нічога не бачылі і не чулі — да іх падбегла маладзіца, якая блытана пачала распавядаць, што насамрэч гэта на іх кампанію, маладзёнаў з георгіеўскімі стужкамі, напаў «Правы сектар». А гэты вось збіты дзядзька яе асабіста першы ўдарыў. Нібыта за тое, што яна з гонарам носіць георгіеўскую стужку. Потым іншыя байцы з «Правага сектару» разбегліся, пакінуўшы дзядзьку аднаго. Ну, мы яго і таго... Маладзіца блытала ўсё: хто, калі, каго, колькі палак і ў каго. Ёй дапамагла група бамбізаў, таксама з георгіеўскімі стужкамі, якая хуценька аднекуль прыбегла і пачала гучна пацвярджаць усё, што казала дзеўчына: «Так, гэта «Правы сектар», фашысты, шакалы, толькі і могуць, што на мірных грамадзянаў нападаць, на дзяцей!»

Гэтыя словы дасюль гучаць у мяне ў вушах, настолькі абуральны цынізм таго, хто іх вымавіў.

На шчасце, сведкам ранейшых падзей аказаўся Ігар Паддубны, дэпутат харкаўскага гарсавету. Вось што ён распавёў:

«На маіх вачах каля аптэкі на Савецкай пяцёра адмарозкаў збілі мужчыну гадоў 55. Чалавек быў адзін і відавочна чакаў маршрутку. Павалілі яго на зямлю ударам ззаду. Білі нагамі і бітамі па галаве. Тым, хто нападаў, не было і 20 гадоў з выгляду. На рукавах георгіеўскія стужачкі. Што характэрна, чацвёра, уцякаючы ўверх па Пушкінскай, крычалі «Слава Украіне!».

Каардынатары сілавых дзеянняў прарасійскіх мітынгоўцаў. Фота украінскай журналісткі Алёны Сакалінскай

 

Абапіраючыся на прыведзеныя дадзеныя, можна зрабіць выснову, што гэта была спланаваная правакацыя. І наўрад ці яе здзяйснялі «простыя грамадзяне». Магчыма, меў рацыю Арцём, фанат з Луганску, калі казаў, што ўсе сілавыя дзеянні ажыццяўляюцца заезджымі спецамі.

Калі гэта сапраўды так, губляюць сэнс усе агучаныя вышэй аргументы ў апраўданне прарасійскай актыўнасці ў паўднёва-усходнім рэгіёне. Яна мусіць быць спыненая — неадкладна і жорстка.

Але пакуль дзеянні ўладаў, як мясцовых, гэтак і цэнтральных, выклікаюць недаўменне. «Мы тут зараз, як тыя рыбкі ў акварыюме. Плаваем ад сценкі да сценкі, тыкаемся ў шкло, і не ведаем — ці насыплюць нам корму, ці ўключаць кампрэсар або, можа, кіпяцільнік у ваду сунуць...», — як выказаліся харкаўскія журналісты.

Абмеркаванне:

  • Антон
  • 2014-04-14 18:02:37
Глубокий и серьёзный материал, интересные наблюдения. Неожиданный взгляд на харьковчан. Рекомендую почитать самим харьковчанам! Да и белорусам не вредно!
  • Сябра
  • 2014-04-14 18:20:21
Вось і мне было б цікава: як рэагавалі б жыхары Харкава на такія характарыстыкі і параўноўваньні? Ці пазналі б яны сябе ў гэтым сацыяльным партрэце? Зміцер, ты там пазнаёіў бы іх з гэтымі нататкамі.
Здаецца, яны былі б для іх сваеасаблівым "люстэркам", якое паказала б ім тое, што яны могуць і не разумець у сабе. А табе пажаданне - быць вельмі асцярожным. Бо чытаць пра твае
назіранні вельмі цікава, мы ім давяраем, але ж знаходзіцца там зараз небяспечна, ты лепей нас гэта ведаешь і бачыш. Ня трэба рызыкі!
  • Тутэйшы
  • 2014-04-14 21:51:47
Будзімір, па ўсяму бачна, вельмі добра ставіцца да такіх іспытаў - яму лепей тады пішацца. Ці так, спадар Зміцер?
  • Будзімір
  • 2014-04-16 02:48:03
Я чалавек, і нішто чалавечае мне не чужое . У тым ліку боязь, стомленасць, сум па доме. Што да апошняга, я проста сказаў сабе аднойчы: "Уяві сабе, што ты марак". І спрацавала,
супакоіўся. Маракі па некалькі месяцаў дому не бачаць.



Але ўва мне сапраўды вельмі доўга спаў, так бы мовіць, падзейны журналіст. Ён добра выспаўся і таму працуе з задавальненнем. :)
  • Паўло
  • 2014-04-16 13:29:20
А мы з задавальненьнем бачым вынікі гэтага "прабуджэньня"! Дзякуй, Зміцер!
  • Олесь
  • 2014-04-16 03:09:41
Щось дуже нагадують ментів ці координатори на фото.

Каментаваць