Чарнобыль: Людзі. Месцы. Салідарнасць. Будучыня

Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр (ІВВ) прывёз у Беларусь выставу «Чарнобыль: Людзі. Месцы. Салідарнасць. Будучыня». Цягам года выстава будзе падарожнічаць па краіне, мяркуецца, што экспазіцыю пакажуць у 25 населеных пунктах краіны.

Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр (ІВВ) прывёз у Беларусь выставу «Чарнобыль: Людзі. Месцы. Салідарнасць. Будучыня». Цягам года выстава будзе падарожнічаць па краіне, мяркуецца, што экспазіцыю пакажуць у 25 населеных пунктах краіны.

 
Выстава складаецца з гісторый ліквідатараў, інфармацыі пра тое, як праходзіла работа па пераадоленні наступстваў аварыі, як будаваўся саркафаг на ЧАЭС, звестак пра наступствы аварыі не толькі для Беларусі, Украіны, Расіі, але і для Еўропы. Таксама ў выставе прадстаўленыя аўдыё і відэаматэрыялы. У мінулым годзе гэтая экспазіцыя была паказаная ў 50 гарадах Германіі.
 
Кіраўнік справамі Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнге-Вентруп адзначае, што ў пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС прынялі ўдзел многія арганізацыі і ініцыятывы краін Еўропы. “У 2000-ым годзе было каля тысячы ініцыятыў, якія працавалі з Беларуссю і Украінай па чарнобыльскай тэматыцы. У 1977–1978 гадах я асабіста ўдзельнічаў у Нямеччыне ў розных дэманстрацыях супраць атамнай энергіі. Энергетычныя канцэрны сцвярджалі, што бяды проста не можа быць. Але, калі мы даведаліся пра выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі, то мая жонка найперш пайшла ў крамы скупляць дзіцячае харчаванне, бо яна думала, што лепш набываць прадукты для дзяцей, якія былі вырабленыя да аварыі. Потым яна стала ўдзельнікам ініцыятывы па замеру ўзроўню радыяцыі ў дзіцячым харчаванні. Але толькі ў 1989 годзе, калі Абразоў прыехаў у Германію, мы атрымалі поўную інфармацыю пра катастрофу. Наш Міжнародны адукацыйны цэнтр стаў часткаю міжнароднай салідарнасці. Я мяркую, што важна, каб грамадзянскія ініцыятывы самі шукалі інфармацыю і ўзялі будучыню ў свае рукі, — сказаў Петэр Юнге-Вентруп, каментуючы выставу на чарнобыльскую тэматыку.
 
 
Пра дзейнасць многіх еўрапейскіх ініцыятыў, іх праекты, што былі рэалізаваныя і рэалізуюцца цяпер у Беларусі, можна знайсці інфармацыю ў кнізе «25 гадоў пасля Чарнобыля — еўрапейская салідарнасць і культура памяці». Кніга выдадзеная пры удзеле Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра і фонда «Меркатор». Наклад выдання склаў 200 асобнікаў для Беларусі і 500 — для Украіны. У Беларусі кніга будзе распаўсюджвацца бясплатна. Але ўсім прапануецца зрабіць ахвяраванне на карысць буйнога гуманітарнага нямецка-беларускага праекта «Надзея».
 
Выстава будзе дэманстравацца ад 10 да 14 дзён у кожным з гарадоў, якія прымуць удзел у праекце. Прадстаўнікі ІВВ спадзяюцца, што на адкрыцці выставаў будуць прысутнічаць людзі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Гэтыя кантакты былі б карыснымі для моладзі.
 
                      Выявы ліквідатараў наступстваў аварыі ан ЧАЭС
 

Каментаваць