Чарнобыльскі шлях: “не ўсе памерлі”

У Мінску адбылося першае пасяджэнне аргкамітэту па правядзенні Чарнобыльскага шляху. Збор ля Акадэміі навук, шэсце да Чарнобыльскай капліцы і мітынг на Бангалор. Такі варыянт акцыі папярэдне абмеркавалі 28 сакавіка ўдзельнікі сустрэчы.



У Мінску адбылося першае пасяджэнне аргкамітэту па правядзенні Чарнобыльскага шляху. Збор ля Акадэміі навук, шэсце да Чарнобыльскай капліцы і мітынг на Бангалор. Такі варыянт акцыі папярэдне абмеркавалі 28 сакавіка ўдзельнікі сустрэчы.

Ля капліцы плануецца ўскласці кветкі і памянуць ахвяраў Чарнобыльскай аварыі хвілінай маўчання. А з запрашэннем выступіць на мітынгу арганізатары збіраюцца звярнуцца да вядомых і аўтарытэтных людзей. “Зразумела, будуць выступаць ліквідатары. І прадстаўнікі тых структур, якія возьмуць актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемства, — паведаміў палітык Юры Хадыка.

Ліквідатар аварыі на АЭС Аляксандр Валчанін адзначыў, што мэта акцыі — нагадаць уладам пра чарнобыльскую катастрофу. У гэтым годзе ёй спаўняецца 25 гадоў. “Нагадаць чыноўнікам, што ўдзельнікі ліквідацыі аварыі яшчэ жывыя, не ўсе памерлі. І што сацыяльныя гарантыі ім павінны быць вернутыя, — падкрэсліў Аляксандр Валчанін.

Кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што сёння ўлада не схільная і, як бачна, няздольная ісці на кампрамісы. Аднак лічыць: “Ёсць верагоднасць, што мы зможам так арганізаваць акцыю, што будзе дазволенае і шэсце.

“Гэта бяда, якая не пераадоленая. Сотні тысяч беларусаў ужо памерлі ад наступстваў Чарнобыля. Матэрыяльныя страты таксама жахлівейшыя. І самае галоўнае, што небяспека ёсць для будучых пакаленняў. Яна працягвае існаваць, — сказаў палітык. Тэма чарнобыльскай трагедыі і небяспекі запланаванага ўладамі будаўніцтва АЭС павінна, як адзначыў ён, гучаць адной з асноўных.

“Пры гэтым, безумоўна, праблема палітычных вязняў таксама павінна прысутнічаць. І тэма абароны і спынення гандлю нацыянальнымі інтарэсамі, — зазначыў Аляксей Янукевіч.

Як ён мяркуе, Чарнобыльскі шлях пройдзе “пад знакам адзінства, кансалідацыі і салідарнасці ўсіх дэмакратычных сіл.

Каментаваць