Час алімпійскі

Зімовыя Алімпійскія гульні–2010 за паўтара тыдні падаравалі Беларусі як гонар за поспех нашых спартоўцаў, так і горыч расчаравання ад правалу фаварыта зборнай.

Напрыканцы першага алімпійскага тыдня ўзнёслы настрой беларускім заўзятарам задалі біятланісты — адразу два медалі ў капілку нацыянальнай зборнай. І калі бронза Дар’і Домрачавай у гонцы на 15 кіламетраў была прагназуемай, бо спартоўка планамерна ішла да перамогі, то срэбра Сяргея Новікава сарвала воклічы захаплення ад нечаканага поспеху.



Зімовыя Алімпійскія гульні–2010 за паўтара тыдні падаравалі Беларусі як гонар за поспех нашых спартоўцаў, так і горыч расчаравання ад правалу фаварыта зборнай.

Напрыканцы першага алімпійскага тыдня ўзнёслы настрой беларускім заўзятарам задалі біятланісты — адразу два медалі ў капілку нацыянальнай зборнай. І калі бронза Дар’і Домрачавай у гонцы на 15 кіламетраў была прагназуемай, бо спартоўка планамерна ішла да перамогі, то срэбра Сяргея Новікава сарвала воклічы захаплення ад нечаканага поспеху.

З Сяргеем акурат той выпадак, калі спартовец нечакана «выст­рэльвае» ў яблычак і для заўзятараў, і для самога сябе. Ужо пасля «срэбнага фінішу» біятланіст, які да Алімпіяды падымаўся толькі да дзевятага месца ў гонцы з масавага старту на этапе Кубка свету, прызнаўся, што «сам да канца не ўсведамляе таго шчасця, якое на яго звалілася». Хаця будзе крывадушшам сказаць, што поспех Новікава выпадковы — рыхтаваўся, спадзяваўся. Хіба што не быў у фаварытах у букмекераў. Да слова, апошні раз на п’едэстал пасля біятлоннай гонкі беларускія спартоўцы падымаліся 12 гадоў таму на Алімпіядзе ў Нагана, калі бронзавы медаль у гонцы на 20 кіламетраў выйграў Аляксей Айдараў. Чатырма гадамі раней «срэбра» ў спрынце заваявала Святлана Парамыгіна.

А вось раніца 23 лютага для тых, хто «хварэе» за беларускую зборную, пачалася з кепскіх вестак. Лідэр каманды фрыстайлістаў Антон Кушнір, з якім і звязвалі надзеі на трэці алімпійскі кругляш, нечакана не здолеў прайсці праз пратакольныя кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў лыжнай акрабатыцы сярод мужчын. Котка якога колеру перабегла ў той дзень дарогу спартоўцу — невядома. Але ўладальнік малога крыштальнага глобуса гэтага сезону «заваліў» прызямленне ў другім скачку. Спартовыя аглядальнікі з горыччу адзначалі чыстую тэхніку выкання скачкоў і строгасць суддзяў, якія прапусцілі ў фінал кітайскага фрыстайліста Лю Чжунцына, што таксама «змазаў» прызямленне ў другой спробе. Судзіцца з рашэннем арбітраў Беларусь не стала, хаця іх прынцыповасць і пазбавіла айчынную каманду фрыстайлістаў аднаго з мацнейшых «штыкоў».

Пазней галоўны трэнер зборнай Беларусі Мікалай Казека зазначыў: «Улічваючы высокую адзнаку за першы скачок, пры больш добразычлівым судзействе Антон мог разлічваць на траплянне ў фінал, бо сам скачок быў правільны, і пры прызямленні не было відавочнага перакруту, яно было, што называецца, «побач». І «дыяпазон прабачэння» дазваляў арбітрам зменшыць Антону менш балаў, як яны гэта зрабілі ў выпадку з тым жа кітайцам Лю Чжунцынам. Але каму патрэбны ў фінале відавочны прэтэндэнт на золата?»

Сам Антон пасля няўдалай кваліфікацыі змог толькі сказаць: «Што тут каментаваць!» Многа гаварылася пра тое, што спартоўца падвяла ўласная самаўпэўненасць у перамозе, маладосць, але хацелася б зазначыць, што нават з такім паваротам падзей фрыстайліст застаецца ў фаварытах беларускіх заўзятараў — і за спартовыя дасягненні, і з чалавечага разумення, што Алімпіяда — справа непрадказальная.

Зрэшты, ёсць чаму і радавацца і за каго перажываць: у фінал спаборніцтваў па фрыстайлу прайшлі адразу пяцёра нашых спартоўцаў. Два з іх — прызёры Алімпійскіх гульняў — Дзмітрый Дашчынскі і Аляксей Грышын, а таксама Цімафей Слівец. У жаночым турніры працягнуць барацьбу за медалі ад Беларусі Ала Цупер і Асоль Слівец.

Не абышлося і без скандалу. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Захараў пасля таго, як беларускія хакеісты не прайшлі ў чвэрцьфінал Алімпіяды, заявіў, што гульнёй каманды задаволены, а беларусы стануць адкрыццём чэмпіянату свету–2010. Яно б і правільна для падтрымкі баявога духу. Але далейшыя пасажы трэнера годныя хіба што для размоў тэт-а-тэт, але ніяк не на публіцы асобе, што трэніруе і фактычна прадстаўляе нацыянальную каманду.

«На Алімпіядзе хварэю толькі за Расію. Я сам адтуль (Захараў нарадзіўся ў Казахстане), гуляў у свой час за зборную СССР. Трэба ўсім даказаць, што наш хакей самы найлепшы ў свеце. Усе расійскія трэнеры — мае сябры. Расія нам заўсёды дапамагае ў футболе. А ў канадцаў зусім не працуе галава, у іх мазгоў не хапае. Яны нават каляндар не змаглі нармальна скласці. Думалі, яны будуць першыя, а ў выніку самі трапілі ў гэта г... Буду вельмі рады, калі яны прайграюць. Буду самым шчаслівым чалавекам на Зямлі», — падзяліўся сваімі спадзяваннямі Захараў.

У аматараў беларускага яёсць прэтэнзіі да стылю нашай зборнай, цяпер з’явіліся падставы не прымаць кандыдатуру трэнера і з маральна-этычных меркаванняў. «Пасля Захарава і канадзец Глен Хэнлан (папярэдні трэнер нацыянальнай зборнай) падаецца добрым варыянтам», — такія ацэнкі Захараў атрымаў па выніках сваёй працы.

Зборная Беларусі па хакеі ў трэці раз удзельнічала ў фінальным турніры Алімпіяды. У 1998 годзе каманда Анатоля Варывончыка ўвайшла ў васьмёрку лепшых, а ў 2002-м пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова трапіла ў паўфінал. Цяперашні турнір стаў горшым у найноўшай гісторыі нашай каманды. Праўда, на Алімпіяду 2006 года зборная Беларусі не патрапіла ўвогуле. Тады камандай таксама кіраваў Міхаіл Захараў. Гавораць, што ён — пратэжэ кіраўніка дзяржавы. А ў нас, як вядома, калі пачынаюць нешта рэгуляваць ды занадта імпэтна падтрымліваць «зверху», дабра не чакай.

Спорт, незалежна ад таго, любім мы яго ці не, аб’ядноўвае нацыю і надае нам гонару. Пазалетась Беларусь хадзіла апантаная феноменам БАТЭ, Алімпійскія гульні падаграваюць цікавасць да спорту і нацыянальных перамог нават у тых, хто ў паўсядзёнцы за ім не сочыць. І недарэчнымі падаюцца заявы тых, хто не лічыць беларускіх спартоўцаў такімі, маўляў, не пад тым сцягам выступаюць. Прэстыж сённяшняй спартовай Беларусі нікуды ад яе не дзенецца і праз гады, як ніхто не стане сёння аспрэчваць беларускасць Вольгі Корбут, Аляксандра Мядз­ведзя, Уладзіміра Парфяновіча — алімпійскіх чэмпіёнаў савецкага часу.
 

Каментаваць