Чатыры міфы пра правакатара

Удзельнік Плошчы–2010 Уладзімір Хамічэнка (празваны ў народзе «Навушнікам») стаў, бадай, ледзь не больш медыйнай за экс-кандыдатаў у прэзідэнты персонай. Ягоныя дзеянні на Плошчы, арышт і нядаўняе вызваленне пачынаюць абрастаць разнастайнымі міфамі і домысламі, якія замінаюць разабрацца, што ж гэта за чалавек, і ці адыграў ён нейкую ролю ў выбарчых падзеях. Высветліць, што ёсць праўдаю, а што — выдумкамі, дапамагае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка.



Удзельнік Плошчы–2010 Уладзімір Хамічэнка (празваны ў народзе «Навушнікам») стаў, бадай, ледзь не больш медыйнай за экс-кандыдатаў у прэзідэнты персонай. Ягоныя дзеянні на Плошчы, арышт і нядаўняе вызваленне пачынаюць абрастаць разнастайнымі міфамі і домысламі, якія замінаюць разабрацца, што ж гэта за чалавек, і ці адыграў ён нейкую ролю ў выбарчых падзеях. Высветліць, што ёсць праўдаю, а што — выдумкамі, дапамагае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка.

Міф №1. Хамічэнка правакаваў на біццё шкла ў Доме ўраду


Як вынікае са шматлікіх відэазапісаў і інфармацыі, агучанай на судовым працэсе над Хамічэнкам, ён далучыўся да групы людзей, што білі дзверы Дома ўраду, праз 15–20 хвілін пасля першага разбітага шкла. Ды і цяжка назваць гэта «далучэннем», бо Хамічэнка стаяў збоку ад дзвярэй, а не ў асноўнай масе людзей. Такім чынам, біццё шкла распачаў дакладна не ён. Тады незразумела, у чым крыецца сутнасць ягонай «правакацыі». Можна было б меркаваць, што ён мусіў «закласці» іншых пратэстоўцаў, але і гэты варыянт не падыхо­дзіць: на судзе Хамічэнка засведчыў, што людзі былі настроены мірна, і ён не бачыў аніякай зброі ці прыладаў, каб біць шкло, у руках мітынгоўцаў.

Каментар юрыста: У афіцыйным абвінавачанні Уладзіміра Хамічэнкі гучала, што ён наносіў удары з 22 да 23 гадзінаў, як і яго паплечнікі па судовай лаве Андрэй Пратасеня, Зміцер Дрозд, Павал Вінаградаў і Алесь Кіркевіч. Да таго ж, удары ён наносіў ужо па бітым шкле рукамі і нагамі, і толькі пазней у яго з’явіўся ледаруб, якім ён здзейсніў 2 удары. У сваім аналітычным аглядзе ПЦ «Вясна» звяртаў увагу, што яго дзеянні не могуць кваліфікавацца, як «удзел у масавых беспарадках» (падрабязней азнаёміцца з аналітычным аглядам можна на сайце «Вясны» http://spring96.org/be/news/43169).

Міф № 2. У Хамічэнкі быў начэплены навушнік

Калі паглядзець поўны відэазапіс дзеянняў Хамічэнкі на плошчы Незалежнасці 19 снежня (відэа можна знайсці тут: http://www.youtube.com/watch?v=aDur_kYZ0kQ&feature=player_embedded# — Хамічэнка, у чорным паліто і рознакаляровай шапцы, у левым ніжнім куце), дык бачна, як ён здымае шапку, а пад ёй на вушах… нічога! Ніякага навушніка з дротам, што звычайна выкарыстоўваюць чэкісты для каардынацыі сваіх дзеянняў, няма! Выказваліся меркаванні, што Хамічэнка размаўляе ў мікрафон, схаваны ў рукаве, але гэтая версія не больш праўдападобная за тлумачэнні самога Хамічэнкі — маўляў, спаў на бетоне, адмарозіў вуха, яно балела, вось за яго і трымаўся. Дарэчы, амаль усе відэа з Хамічэнкам былі выдаленыя з відэасэрвісу YouTube, кім і чаму — незразумела.

Каментар юрыста: Вельмі шкада, што прэзумпцыю невінаватасці ігнаруюць сёння не толькі супрацоўнікі органаў бяспекі і ўнутраных спраў, а нават і лю­дзі, якія прызнаюць каштоўнасці дэмакратыі і прававой дзяржавы. Не злоўлены — не злодзей, як гаворыцца ў прымаўцы. Самога навушніка ніхто не бачыў, а домыслы дазволілі даць чалавеку нават такую мянушку. Мы лічым Уладзіміра Хамічэнку такім жа палітвязнем, як і іншых асуджаных па падзеях 19 снежня.



Міф № 3. Хамічэнку вызвалілі датэрмінова перад прэзідэнцкімі выбарамі

Уладзімір Хамічэнка сапраўды выйшаў на свабоду 6 снежня, але датэрміновае вызваленне тут ні пры чым. За некалькі месяцаў да выбараў Хамічэнка спрабаваў скрасці мех бульбы, але троху неданёс — яго затрымалі, завялі крымінальную справу. Да суду ён практычна 3 месяцы знаходзіўся ў следчым ізалятары. За спробу крадзяжу суд прысудзіў тыя самыя 3 месяцы арышту, з якіх сядзець яму засталося 3 дні. Так і выпала, што тэрмін адбыцця арышту Хамічэнкі скончыўся напачатку снежня.

Каментар юрыста: Нам невядомыя падрабязныя акалічнасці мінулай крымінальнай справы. З прысуду за «масавыя беспарадкі» толькі ведаем, што — цытата — «раней судзімы па прысудзе суда Аршанскага раёна і г. Оршы ад 3 снежня 2010 г. па ч.1 арт. 14 — ч. 2 арт. 205 КК да пакарання ў выглядзе арышту на тэрмін 3 месяцы». Падчас судовага пася­джэння агучваўся факт, што свой тэрмін ён адбыў цалкам, а не вызваляўся датэрмінова.

Міф № 4. Хамічэнка абсалютна здаровы


На судовым працэсе было засведчана, што Уладзімір Хамічэнка мае псіхічныя адхіленні (пацверджана псіхіятрычнай экспертызай, агучанай у закрытым рэжыме падчас суду) і не можа паўнавартасна асэнсоўваць па­дзеі. Такія людзі часта не могуць аддзяліць рэчаіснасць ад таго, што яны пабачылі/прачыталі/пачулі. А таму ўспрымаць усур’ёз байкі Хамічэнкі нельга. Многім запалі ў памяць сведчанні тых, хто адбываў адміністрацыйнае пакаранне за Плошчу разам з Хамічэнкам, пра яго дзіўныя і супярэчлівыя аповеды, але для чалавека такога тыпу падобныя паводзіны традыцыйныя і звычайныя.

Каментар юрыста: Заключэнне эксперта №870 ад 1 красавіка 2011 года было насамрэч агучана ў закрытым судовым пасяджэнні, паколькі магло нанесці шкоду асабістым інтарэсам Уладзіміра. Але згодна рашэнню комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, стан яго псіхікі — цытата з прысуду — «абмяжоўваў здольнасць Хамічэнкі да сэнсавай ацэнкі сітуацыі і валявога кантролю сваіх дзеянняў, у выніку чаго ён не мог у поўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі». Больш за тое, па рашэнні суда ў дачыненні да абвінавачанага ўжываліся прымусовыя меры бяспекі і лекавання — атрымалася падвоенае пакаранне.

Урывак з прысуду: «В соответствии с заключением эксперта № 870 от 01 апреля 2011 года амбулаторной комплексной судебной психолого-психиатрической экспертизы Хомиченко В.Н. в период инкриминируемого деяния обнаруживал болезненное психическое расстройство в форме органического расстройства личности с когнитивным снижением и эмоционально-волевой неустойчивостью [...] вследствие чего он не мог в полной мере сознавать значение своих действий и руководить ими. Хомиченко В.Н. нуждается в применении принудительных мер безопасности и лечения. У Хомиченко диагностируется синдром зависимости от алкоголя (т. 3 л.д. 186-1)».


Выбары–2010 пакідаюць шмат пытанняў, адказы на якія нам яшчэ трэба будзе шукаць. Адно з галоўных пытанняў — кім жа былі спланаваны падзеі на плошчы Незалежнасці? Магчыма, да гэтага неяк быў датычны і Ула­дзімір Хамічэнка, а магчыма — і любы іншы з ліку тых, хто зараз знаходзіцца за кратамі. Дарэчы, многіх з палітвязняў (напрыклад, Алега Федаркевіча ці Віталя Мацукевіча), таксама адразу залічвалі ў шэраг «правакатараў». З часам гэтае таўро з іх знялі, а вось з Хамічэнкі — не. Можа, таму, што ён з тых, каго мы называем маргіналамі? Сірата, з псіхічнымі адхіленнямі, без сталага месца жыхарства і схільны да пляшкі. Маючы стэрэатыпныя ўяўленні пра людзей такога кшталту, нам сапраўды цяжка даць яму веры. Але ж мы людзі здаровыя, а таму ў стане аддзяліць рэчаіснасць ад таго, што пабачылі/прачыталі/пачулі. Тым болей, гэта так неабходна, каб разабрацца ў тым, што ўсё ж такі было 19 снежня на Плошчы.
 

Каментаваць