Чэхія развітваецца з Вацлавам Гавелам.

У Чэхіі працягваецца цырымонія развітання з першым прэзідэнтам краіны Вацлавам Гавелам. Да пятніцы яму могуць пакланіцца ўсе, хто шануе асобу вялікага еўрапейца.

Тысячы людзей ідуць пакланіцца  труне першага прэзідэнта, што выстаўлены ў былым касцёле Святой Ганны. Чэшскі парламент сёння ўшанаваў памяць памерлага палітыка на надзвычайным пасяджэнні. Ад 21 снежня ў краіне абвешчаная трохдзённая жалоба.

Пахаванне Вацлава Гавела адбудзецца ў пятніцу ў самым знакамітым і вялікім чэшскім касцёле Святога Віта. На пажаданне сям’і нябожчык будзе крэміраваны. Чэхія рыхтуецца пахаваць экс-прэзідэнта з усімі дзяржаўнымі рытуаламі. Некаторыя з іх будуць адпавядаць цырымоніі развітання з першым прэзідэнтам Чэхаславаччыны Тамашом Масарыкам (як напрыклад перавоз труны на лафеце шасцёркай славутых кладрубскіх коней).

На пахаванні чакаецца прысутнасць прэзідэнтаў Францыі, Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы, Славаччыны, дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і экс-прэзідэнта Біла Клінтана. Расійскую Федэрацыю будзе прадстаўляць амбудсмэн Уладзімір Лукін. Сёння ж прэсавая служба дзейнага чэшскага прэзідэнта пацвердзіла, што ў панядзелак дыпламатычнай поштай былі атрыманыя афіцыйныя спачуванні ад кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Раней медыі пісалі пра заўважную непаспешлівасць Крамля  і звязвалі гэта з той крытыкай, якая гучала з вуснаў Гавела на адрас Расіі і асабіста Уладзіміра Пуціна. Пазіцыя Вацлава Гавела выразна паўплывала на тое, што Пуцін сёлета не атрымаў прэстыжную нямецкую ўзнагароду Квадрыга. Сёння сярод іншых грамадскіх дзеячоў у чэшскае пасольства ў Маскве прыйшоў і Міхаіл Гарбачоў, каб выказаць свае спачуванні.

Паводле Радыё Свабода

Каментаваць