Чым нам пагражае мірны атам

Эксперты ў галіне энергетыкі сыходзяцца ў меркаванні, што рашэнне пра будаўніцтве АЭС у Беларусі — заўчаснае і непрадуманае. Але прытрымліваюцца розных поглядаў адносна дасягнення энергетычнай бяспекі краіны ў бліжэйшай будучыні.

Эксперты ў галіне энергетыкі сыходзяцца ў меркаванні, што рашэнне пра будаўніцтве АЭС у Беларусі — заўчаснае і непрадуманае. Але прытрымліваюцца розных поглядаў адносна дасягнення энергетычнай бяспекі краіны ў бліжэйшай будучыні.

Магчымасці будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі найперш трэба ўзважваць з боку эканамічнай мэтазгоднасці і тэхнічных характарыстык беларускай энергасістэмы. Аднак доктар эканамічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык сектарам паліўна-энергетычных праблем Леанід Падалка падкрэслівае, што з грунтоўным тэхніка-эканамічным аналізам будаўніцтва АЭС не знаёмы, і наогул не ведае, ці такі рабіўся. “Мае адносіны да будаўніцтва АЭС асцярожныя, — падкрэслівае навуковец. — Увогуле, варта было б больш глыбока прадумаць і пралічыць пытанні, звязаныя з АЭС, чаго, на мой погляд не было зроблена.

Разлікі і пралікі

Навуковец падкрэслівае, што для будаўніцтва атамнай электрастанцыі існуе некалькі падстаў. Першае — забеспячэнне росту электрычнай нагрузкі ў беларускай энергасістэме. Паводле разлікаў Аб’яднанага інстытута ядзернай энергетыкі, лічыцца, што да 2020 года нагрузка ўзрасце на дзве тысячы МВт — акурат на велічыню магутнасці плануемай АЭС. Максімальная электрычная нагрузка, па дадзеных на 2008 год, складае 6 200 МВт. На працягу дзесятка гадоў яна трымаецца прыкладна на гэтым узроўні. Устаноўленая магутнасць Беларускай энергасістэмы складае 8 000 МВт. Да канца 2010 года ўстаноўленая магутнасць усіх электрастанцый Беларусі складзе прыкладна 9 000 МВт. Такім чынам, паводле разлікаў Леаніда Падалкі, у энергасістэме ствараецца дастатковы рэзерв магутнасці.

Разам з тым, эксперт падкрэслівае, што абсталяванне на дзеючых станцыях зношваецца, таму яго неабходна абнаўляць і мадэрнізаваць паводле сучасных парагазавых тэхналогіяў. Каб пабудаваць новую парагазавую станцыю магутнасцю тысячу МВт, спатрэбіцца адзін мільярд долараў, калі ўводзіць парагазавыя тэхналогіі на дзеючых цеплавых электрастанцыях з гатовай інфраструктурай, то за тыя ж грошы да 2020 года можна ўвесці 1,5 тысячы МВт магутнасці. Такім чынам, мы атрымліваем 10,5 тысячы МВт устаноўленай магутнасці з рэзервам у 2,5 тысячы МВт.

Гэты аналіз паказвае, што паводле балансу магутнасці, росту нагрузкі няма неабходнасці будаваць атамную станцыю.
 
АЭС і ЦЭС

“Калі АЭС будзе ўведзеная, неабходна будзе разгружаць і нават спыняць цеплавыя электрастанцыі, што звязана з пераадольваннем цяжкавырашальных рэжымных абмежаванняў у працы энергетычнага абсталявання, — гаворыць галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі НАН Беларусі Леанід Падалка. — Калі будзе замяшчацца прыродны газ ядзерным палівам, давядзецца спыніць Лукомльскую ГРЭС магутнасцю 2 400 МВт. Аднак Лукомльская станцыя і АЭС прынцыпова розныя станцыі. Першая працуе ў манеўраным рэжыме і ноччу разгружаецца на 60 працэнтаў, тым самым забяспечваецца начны мінімум электрычнай нагрузкі. У астатні час сутак яна забяспечвае пікі нагрузкі. І вось пры ўводзе АЭС з’явіцца праблема з пакрыццём пераменнага графіка нагрузкі. Атамная станцыя працуе ў базавым рэжыме з нязменнай нагрузкай, дапускаецца яе разгружаць толькі на 10–15 працэнтаў, не больш. На мой погляд, неабходна глыбокае тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне мэтазгоднасці будаўніцтва АЭС з улікам рэжымна-тэхналагічных асаблівасцяў энергасістэмы. Я не ведаю, ці рабіў нехта такое абгрунтаванне, і нават калі нехта рабіў, то я яго не бачыў. Не ведае нічога на гэты конт і грамадскасць. Таму ёсць уражанне, што сур’ёзнага такога абгрунтавання не рабілася.

Дэфіцытны уран

Што тычыцца пытанняў эканамічнай мэтазгоднасці будаўніцтва АЭС, то найперш варта звярнуць увагу на патэнцыйны рост коштаў на энергасыравіну. У другім паўгоддзі Беларусь мусіць плаціць за тысячу кубаметраў прыроднага газа 210 долараў. Гэта прыкладна 180 долараў на тону ўмоўнага паліва. У перспектыве, паводле падлікаў навукоўцаў, кошт можа падняцца да 250—300 долараў за тону ўмоўнага паліва. “Яшчэ нядаўна ў нашых тэхніка-эканамічных разліках кошт на ядзернае паліва мы прымалі на ўзроўні 16–20 долараў за тону ўмоўнага паліва, то бок ён разоў у дзесяць ніжэйшы за кошт на прыродны газ. Удзельная вага кошту урану ў кошце ядзернага паліва складае ад 20 да 40 працэнтаў. Цяпер неабходнасць ва уране пакрываецца за кошт выкарыстання урану з дэманціраваных ядзерных боегаловак, але гэтыя запасы праз дзесяць гадоў скончацца, — зазначае навуковец. — Рост запатрабаванасці ва уране перавышае рост яго здабычы. У выніку кошт на уран з 2000-га па 2007-мы год вырасла ў дваццаць разоў і, улічваючы тэндэнцыі, будзе павялічвацца.

Леанід Паладка падкрэслівае, што не выстветленыя і акалічнасці інвеставання будаўніцтва. “Кошт усяго праекта ацэньваецца прыкладна ў 10 мільярдаў долараў. АЭС — гэта станцыя, чыгунка, аўтамабільныя дарогі, лініі электраперадач, я ўжо не кажу пра пасёлак для працаўнікоў станцыі. Каб “выдаць спажыўцам магутнасць гэтай станцыі, спатрэбіцца пабудаваць шэсць-восем ЛЭП на 330 кВ. Адзін кіламетр такой лініі электраперадачы каштуе каля трохсот тысяч долараў, неабходна пабудаваць падстанцыі, — дзеліцца доктар тэхнічных навук сваімі разлікамі. — Адкуль мы возьмем гэтыя грошы? У нас няма ўласнай машынабудаўнічай базы. Рэактар, генератар, турбіну, трансфарматары, выключальнікі — усё давядзецца набываць. І плаціць за іх трэба валютай.

Трэба пачакаць

“Маё меркаванне такое, раз ёсць Указ прэзідэнта — трэба будаваць, — рэзюмуе Леанід Падалка. — Нам у перспектыве не абысціся без атамнай энергетыкі, гэта адназначна. Але пад гэтую праграму павінны весціся сур’ёзныя навуковыя распрацоўкі. У якасці прыкладу можна прывесці распрацоўку рэактараў-размнажальнікаў з замкнутым паліўна-ядзерным цыклам. У 2018 годзе Расія плануе пачаць серыйны выпуск падобных рэактараў на хуткіх нейтронах. На Захадзе вядуцца распрацоўкі рэактараў чацвёртага пакалення, якія вырашаюць праблему ўтылізацыі ядзерных адкідаў і забеспячэнне энергарэсурсамі. Таму навуковец раіць пачакаць з канчатковымі рашэннямі і больш удумліва разгледзець усе аспекты.

Кандыдат тэхнічных навук, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі экалогіі Яўген Шырокаў звяртае ўвагу на той факт, што ядзерная энергетыка не настолькі прыбытковая, як тое прынята лічыць у агульнай свядомасці. “Танная атамная энергетыка — гэта міф. Хачу прывесці прыклад Францыі, дзе АЭС выпрацоўваюць большасць электраэнергіі. Атамная энергетыка гэтай краіны датуецца дзяржавай. Але мы такога сабе дазволіць не можам з прычыны фінансавых абмежаванняў. Яўген Шырокаў вядомы як актыўны прыхільнік альтэрнатыўнай энергетыкі. Але, паводле яго досведу і назіранняў, Беларусь мусіць абраць адрозныя ад цяперашніх інструменты для развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі. У прыватнасці, скараціць колькасць бюракратычных працэдур, якія папярэднічаюць рэалізацыі праектаў у галіне энергетыкі.

Экалогія

Для ўплыву на рашэнні ўладаў пра будаўніцтва атамнай станцыі, эколагі раяць звяртацца да міжнародных абавязальніцтваў, якія ўзяла на сябе Беларусь. У прыватнасці размова ідзе аб Орхускай канвенцыі, якая гарантуе права грамадскасці на экалагічную інфармацыю, права грамадскасці на ўдзел у працэсе прыняцця экалагічна значных рашэнняў і права на доступ да правасуддзя па пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя. Канвенцыя была зацверджаная ў Беларусі Указам прэзідэнта ад 14 снежня 1999 года № 726. У адпаведнасці з Законам «Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь», зацвярджэнне міжнароднай дамовы ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь азначае згоду Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднай дамовы і не патрабуе дадатковай ратыфікацыі.

“Нулявы цыкл

“Мы павінны апеляваць да “нулявога цыклу. Тыя планы будаўніцтва, да якіх прыйшла цяпер Беларусь — не законныя. Бо ўсе падпісаныя канвенцыі вышэй за ўнутраныя законы. Усё, што падпісана і ратыфікавана, павінна свята выконвацца. Трэба звяртацца да Рады Еўропы, прадстаўніцтваў ААН, АБСЕ, Еўрапейскай камісіі, міжнароднай супольнасці, — лічыць эколаг Цімафей Дранчук. Акрамя Орхускай канвенцыі, права грамадзян Беларусі на экалагічны дабрабыт прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам “Аб ахове навакольнага асяроддзя.

Варта адзначыць, што экалагічны аспект для Беларусі, якая моцна пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, надзвычай важны. Георгій Лепін, доктар тэхнічных навук, прафесар, дзеліцца вынікамі даследавання нямецкіх навукоўцаў пра ўплыў АЭС на навакольнае асяроддзе, нават калі станцыі працуюць у штатных умовах. Даследаванне, якое доўжылася каля двух дзесяткаў гадоў, паказала, што захворванне дзяцей на рак крыві, якія жывуць у раёне атамных станцый, назіраецца ў 2,5 разы часцей, чым у дзяцей, якія жывуць у іншых рэгіёнах.
 

Каментаваць