Чыноўнікі абяцаюць стварыць горналыжны курорт на Аўгустоўскім канале

Памер інвестыцый — больш за 50 мільёнаў еўра.

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкаму заявілі пра стварэнне трансмежнага праекту — горналыжнага комплексу ў Сапоцкіне, што зацікавіць як беларусаў, так і палякаў ды літоўцаў. Падобны курорт існуе ў Польшчы — «Шэльмэнт». Ён месціцца непадалёк гораду Аўгустаў і збірае на выходных да 4 тысяч турыстаў.



Памер інвестыцый — больш за 50 мільёнаў еўра.

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкаму заявілі пра стварэнне трансмежнага праекту — горналыжнага комплексу ў Сапоцкіне, што зацікавіць як беларусаў, так і палякаў ды літоўцаў. Падобны курорт існуе ў Польшчы — «Шэльмэнт». Ён месціцца непадалёк гораду Аўгустаў і збірае на выходных да 4 тысяч турыстаў.

«Стварэнне комплексу на Сапоцкінскіх гарах у раёне Аўгустоўскага каналу — вельмі перспектыўны праект, — мяркуе старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз» Сяргей Ціхановіч. — Тэрыторыя каналу ўключаная ў свабодную турыстычную зону, гэта значыць, інвестар мае права на льготны крэдыт і мінімальныя падаткі. Асноўнымі крытэрамі для рэалізацыі інвестпраектаў у Аўгустоўскім канале ёсць аб’ём інвестыцый, не меншы за 200 тысяч еўра, і накіраванасць інвестыцыйнага праекту на развіццё турыстычнай паркавай індустрыі ды інфраструктуры. Маючы на Аўгустоўскім канале свой лыжны комплекс, можна стварыць зімовае турыстычнае кола Беларусь—Польшча—Літва».

Апроч горналыжнага комплексу ў Гродне ды раёне абяцаюць ажыццявіць і іншыя амбіцыйныя турыстычныя праекты: рэканструкцыю гродзенскага бровару са стварэннем музею піва (2 мільёна еўра), будаўніцтва рачнога вакзалу ў Гродна (10 мільёна еўра), рэканструкцыю палацавага комплексу ў Свяцку (13 мільёнаў  еўра), будаўніцтва санаторнага комплексу «Прывалка» (40 мільёнаў еўра), аквапарк у Гожы (110 мільёнаў еўра), турыстычны комплекс «Этнаграфічная вёска» (4 мільёна еўра). Асноўнае фінансаванне чакаюць ад інвестараў, але пакуль на Аўгустоўскі канал прыйшлі толькі два прыватнікі — са стварэннем рыбацкай вёскі ды аграсядзібы. Буйных інвестараў пакуль няма.

«Праект развіцця Аўгустоўскага каналу спачатку рабілі адмыслоўцы з Мінску. І ён быў памылкова разлічаны толькі на мясцовых турыстаў. Прайшло больш за 10 гадоў, і цяпер чыноўнікі спрабуюць змяніць канцэпцыю, спадзяюцца зацікавіць турыстаў хоць бы з бліжэйшых краінаў: Польшчы і Літвы. Але для таго, каб сюды прыйшлі інвестары, а за імі — замежныя турысты, трэба максімальна спрасціць візавы рэжым — ні палякі, ні літоўцы не будуць траціць дадатковыя грошы, каб праехаць пару кіламетраў у бок Беларусі і ўбачыць амаль тыя самыя аб’екты, што і ў сябе на радзіме. Тым больш, консульскі аддзел Беларусі ў Аўгустове не працуе з 2009 года, таму па візу палякам трэба ехаць у Беласток, — кажа дырэктар гродзенскай турфірмы, якая больш за 10 гадоў працуе з польскімі турыстамі. — Трэба разлічваць на індывідуальных турыстаў, а таму стварэнне велізарных комплексаў немэтазгоднае. Апроч таго, тым, хто шукае інвестараў, трэба дасканала ведаць гісторыю гораду і раёну — тут багата гістарычных аб’ектаў, якія абавязкова трэба ўключаць у турыстычны маршрут. На адных лыжах далёка не паедзеш. У гэтым сэнсе Беларусь ад пачатку прайграе буйным еўрапейскім цэнтрам, трэба шукаць сваю адметнасць».

Праграма развіцця спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» на 2012–2015 гады прадугледжвае фінансаванне з бюджэту, аднак усяго на 775 тысяч еўра.

Паводле belsat.eu

Каментаваць