Чыстае сэрца дзецям

Сродкі, сабраныя ў Мінску падчас дабрачыннага канцэрта «Чыстае сэрца» з удзелам Аляксандра Патліса і музыканта з Германіі Дэні Плэта, будуць накіраваны Чэрвеньскаму дзіцячаму сацыяльнаму прытулку.

Сродкі, сабраныя ў Мінску падчас дабрачыннага канцэрта «Чыстае сэрца» з удзелам Аляксандра Патліса і музыканта з Германіі Дэні Плэта, будуць накіраваны Чэрвеньскаму дзіцячаму сацыяльнаму прытулку.

Паводле слоў ідэйнага натх­няльніка праекта «Чыстае сэрца» Аляксандра Патліса, сёлета арганізатары вельмі задаволеныя вынікамі акцыі. На канцэрт прыйшло больш за тысячу чалавек. Збор сродкаў на дапамогу дзецям ажыццяўляўся не ад продажу білетаў, а ад ахвяраванняў публікі. У выніку, паведаміў Патліс, цяперашні праект сабраў найбольшую за ўсе гады правядзення такіх канцэртаў колькасць фінансавых сродкаў.

Паводле слоў музыканта, грошы пойдуць на будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі і набыццё камп’ютэра для выхаванцаў Чэрвеньскага сацыяльнага дзіцячага прытулку. «Я добра знаёмы з кіраўніком дабрачыннай арганізацыі АССЕТ, якая працуе з гэтай установай, і ўпэўнены, што атрыманыя сродкі дойдуць да дзяцей», — сказаў ён.

Нагадаем, праект «Чыстае сэрца» стартаваў восенню 2006 года з тура па Беларусі. Канцэрты прайшлі ў сямі гарадах, у тым ліку ў Оршы (Віцебская вобласць), Баранавічах (Брэсцкая вобласць), Брэсце, Магілёве, Мінску. Усе атрыманыя ад продажу білетаў грашовыя сродкі былі накіраваны на дабрачыннасць.

Таццяна Дарашчонак, БелаПАН

Каментаваць