Хлеба і патронаў!

Беларусь рыхтуецца калі не да поўнамаштабных баталіяў, то, зменшага, да «лакальнага канфлікту». Прынамсі, апошнія «заклапочанасці» кіраўніка дзяржавы выглядаюць менавіта так.



На гэтым тыдні, нягледзячы на тое, што на Данбасе супраць украінскіх войскаў ваююць рэгулярныя часткі расійскай арміі (гэта ўсе ведаюць, але чамусьці робяць выгляд, што не заўважаюць), ЗША адмовіла Украіне ў пастаўках зброі. Паглядзеўшы на такія дзеянні «саюзнікаў» у дачыненні да нашай паўднёвай суседкі, Аляксандр Рыгоравіч зрабіў свае высновы — зброю трэба вырабляць тут.

Кіраўнік «сінявокай» запатрабаваў стварыць у краіне поўны замкнёны цыкл вытворчасці перспектыўных узораў узбраення: ад сродкаў перамяшчэння да сродкаў паражэння. «Неабходна абсталёўваць нашу армію сучаснай, высокадакладнай і эфектыўнай зброяй. Тэхніка павінна забяспечваць падраздзяленням Узброеных Сіл абароненасць, высокую мабільнасць, кіраванасць, магчымасць весці разведку і наносіць дакладныя агнявыя ўдары на вялікія адлегласці», — пазначыў свае патрабаванні Лукашэнка.

Звярніце ўвагу на такія яго словы: «І падыходы тут, як мы звычайна кажам у прамысловасці, што вось гэта мы купім ці нейкую частку закупім, — ніхто вам нічога не прадасць, калі вы не створыце самі! Нават калі з кімсьці дамовіцеся сёння аб распрацоўцы нейкіх відаў зброі, трэба мець на ўвазе, што заўтра гэты партнёр ад вас сыдзе. Ніхто не дасць і не прадасць нават за вялікія грошы тое, што нам сёння трэба — перспектыўныя віды ўзбраення. Вы бачыце гэта на прыкладзе нашай суседняй Украіны». Гэта значыць, высновы з украінскай сітуацыі зробленыя. Засталося толькі пачаць распрацоўку гэтай самай зброі.

«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Нам вайна не пагражае на сённяшні дзень, але войска трэба ўзбройваць своечасова. Будзем гатовыя адказаць на любы выклік часу, у тым ліку і падобны (чытай — украінскі), значыць, вайны не будзе. На жаль, твар вайны мяняецца. У сувязі з гэтым павінны змяняцца і мы», — працягнуў беларускі кіраўнік.

Звярніце ўвагу на агаворкі: вайна не пагражае «на сённяшні дзень», але да вайны рыхтавацца трэба. Ваенны выклік — «падобны» да ўкраінскага. Гэта значыць, відавочна пазначаны кірунак пагрозы: Усход, Расія, у якой тут, у Беларусі, авіяцыя і ваенныя базы, і з якой мы знаходзімся ў адным ваенным блоку — АДКБ.

Цікава, ці можна выкарыстаць тут расійскі персанал радыёлакацыйных станцый і авіяпалка ВПС РФ як закладнікаў?

Зрэшты, не адным узбраеннем павінна быць забяспечана армія. Нароўні са зброяй, Лукашэнка запатрабаваў паскорыць працу па аднаўленні аб’ёмаў вытворчасці свініны ў краіне, даўшы зразумець, што не мае намеру мяняць раней усталяваны апошні тэрмін выканання гэтага даручэння — 1 красавіка 2015 года. «Не чакайце, што нехта прыйдзе і вам пабудуе. Даставайце з усіх кішэняў грошы і сканчайце гэтыя комплексы», — запатрабаваў ён.

«Аднаўленне аб’ёмаў вытворчасці свініны — у ліку пытанняў эканамічнай і харчовай бяспекі краіны», — заявіў Лукашэнка на чарговай нарадзе па свінячай праблеме.

Чаму побач стаяць бяспека і свініна? Салдату трэба не толькі даць у рукі зброю, але і накарміць. А без тушонкі армія — нішто! Не будзе свініны — не будзе тушонкі. Не будзе тушонкі — не будзе войска. Гэта і вожыку зразумела. Балазе, з іншымі стратэгічнымі прадуктамі — капустай і бульбай — у нас, падаецца, праблемаў няма.

Калі для свініны можна дастаць «грошы з кішэні», то высокадакладная зброя каштуе не проста дорага, а вельмі дорага. Ці дазволяць нам нашыя фінансавыя магчымасці распрацаваць і стварыць падобнае абсталяванне?

З грашыма ў нас, як заўсёды, праблема. Нягледзячы на тое, улады Беларусі знайшлі новыя схемы бяспошліннай транспарціроўкі нафтапрадуктаў у Еўропу, замест ужо вядомых Расіі растваральнікаў і распушчальнікаў, прыбытак краіны ад экспарту нафтапрадуктаў у студзені-ліпені 2014 года знізіўся на 2,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года, і склаў да $ 6,541 мільярда, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта не многа, але і не мала.

Да таго ж, ёсць больш хітры, але даволі звыклы шлях. Калі нам ніхто не прадасць сучасную зброю, то… Хай дадуць грошай на стварэнне гэтай зброі!

Беларусь разлічвае выпрасіць у МВФ новы крэдыт пад новую праграму рэформаў. Прынамсі, намеснік кіраўніка Мінфіна РБ Максім Ермаловіч, які паляцеў у ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі, абмяркуе такую магчымасць з намеснікам выканаўчага дырэктара Міжнароднага валютнага фонду Мін Джу.

«Гэтая сустрэча будзе тычыцца нашага супрацоўніцтва з МВФ. Мы бачым вялікі прагрэс у адносінах з МВФ, і я спадзяюся, што мы працягнем наш дыялог аб пачатку новай праграмы з МВФ», — заявіў Ермаловіч.

Пад вялікім прагрэсам Ермаловіч, натуральна, мае на ўвазе той выбітны факт, што нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, якія чыніліся «сінявокай» моцнымі свету гэтага, Беларусь пакуль спраўляецца з графікам пагашэння крэдыту stand-by і, мяркуючы па ўсім, здужае выканаць гэтую задачу. І чым бліжэй дата апошняга плацяжу, тым прадуктыўней становіцца дыялог з МВФ.

Ермаловіч аптымістычны. «Шмат што было зроблена ў межах мінулай праграмы stand-by», — заявіў ён, не заўважыўшы пры гэтым, што шмат было і не зроблена. І варта разумець, што новы крэдыт Беларусь калі і атрымае, то атрымае вельмі не хутка. Справа нават не ў тым, ці вераць функцыянеры МВФ у тое, што Беларусь зможа расплаціцца па цяперашнім stand-by. Праз год — чарговыя прэзідэнцкія выбары, і разглядаць выдачу крэдытаў на фоне палітычнай кампаніі МВФ наўрад ці будзе. Не кажучы ўжо аб самой выдачы гэтага крэдыту.

Зарабляць можна, але шкада, што мы кожны раз губляем ініцыятыву. Памятаеце, у пачатку 90-х БНФ вылучаў ідэю «Балта-Чарнаморскага калектара»? Дык зараз Мінінфраструктуры Украіны накіравала праект міжурадавага пагаднення аб развіцці міжнароднага транспартнага калідора «Балтыка — Чорнае мора» на ўзгадненне азербайджанскаму, беларускаму, балгарскаму, грузінскаму, эстонскаму, латвійскаму, літоўскаму, малдаўскаму, польскаму і турэцкаму бакам.

А маглі б апярэдзіць украінцаў на 25 гадоў! Чвэрць стагоддзя згубілі, каб аддаць гэтую ініцыятыву ў чужыя рукі!

Каментаваць