Хобі для сапраўдных мужчын

Адным з захапленняў сучасных мужчын з’яўляецца калекцыянаванне ваенных рарытэтаў, якія ў нас сталі называць “мілітарыямі”. У Беларусі пакуль яшчэ не створана інфраструктура для гэтага хобі, але аматараў яго хапае.

 



Нямецкія жэтоны. Фота Ігара Мельнікава


Што збіраем?

Сёння развіты і пастаўлены на шырокую нагу бізнэс па куплі/продажы розных груп ваенных рарытэтаў, сярод якіх варта вылучыць фалерыстыку (калекцыянаванне баявых узнагарод), уніфармістыку (элементаў формы, рыштунку, асабістых рэчаў і дакументаў) і, нарэшце, калекцыянаванне розных відаў зброі. Некаторыя аддаюць перавагу толькі арыгіналам, іншыя задавольваюцца копіямі. Усё, як кажуць, залежыць ад таўшчыні вашага гаманца. З пункту гледжання інфраструктуры і маркетынгу, у Беларусі (у адрозненні ад той жа Польшчы, Расіі і Украіны) рынак калекцыянавання ваенных рарытэтаў знаходзіцца ў зачаткавым стане. Аднак і ў нас ёсць людзі, захопленыя гэтым па-сапраўднаму.

Каска салдата Вермахта

Сучасныя фільмы пра вайну, багацце літаратуры па ваеннай гісторыі і уніфармістыцы падштурхнулі цікавасць да вайсковых рарытэтаў. Маргінальнае захапленне збіральніцтвам значкаў перарасло ў прафесійнае калекцыянаванне ваенных узнагарод і знакаў адрознення. Прычым не толькі савецкіх, але і замежных. Большасць з калекцыянераў “мілітарый” збіраюць усё: уніформу і яе часткі, каскі і шлемы, раменныя спражкі і ўзнагароды, асабістыя і ўзнагародныя дакументы. Ёсць і тыя, хто канцэнтруе сваю ўвагу толькі на нейкіх элементах абмундзіравання або рыштунку, як то спражкі, гузікі, пагоны, галаўныя уборы. Гэта сапраўдныя знаўцы і прафесіяналы ад калекцыянавання. Напрыклад, ёсць людзі, якія спецыялізуюцца на калекцыяніраванні нямецкіх нагрудных арлоў (Adler), мабыць, самага відавочнага атрыбуту ваеннай уніформы нацысцкай Германіі.

Нямецкі штамп

Калекцыянеры ў асноўным канцэнтруюць сваю ўвагу на прадметах, якія належаць аднаму з супрацьлеглых бакоў. Нічога дзіўнага, што на постсавецкай прасторы асаблівай папулярнасцю карыстаецца ваенны антыкварыят, звязаны з савецкай або нямецкай арміяй. Хоць сустракаюцца ў нас і аматары ваеннага антыкварыяту Войска Польскага. На захадзе Беларусі захавалася яшчэ шмат напамінаў пра час, калі гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай.

Польскі ваенны бінокль

Ёсць і тыя, хто разглядае калекцыянаванне ваеннага антыкварыяту як спосаб нядрэнна зарабіць. Напрыклад, кошт арыгінальнай каскі нямецкага дэсантніка (Fallschimjager) у 1980 годзе ў Еўропе даходзіў да 500 даляраў. Зараз жа, на розных інтэрнэт-аўкцыёнах яе можна набыць ужо за 6000 даляраў.

Пражка ад рамня салдата Вермахта

Асобна знаходзяцца тыя, хто збірае ўзнагароды. Фалерысты, у асноўным, не выходзяць за рамкі свайго захаплення, паглыбляючы веды ў галіне ўзнагародных сістэм розных краін. Зрэшты, заўсёды і ва ўсім ёсць выключэнні. Адзін мой маскоўскі знаёмы з поспехам сумяшчае калекцыянаванне нямецкіх узнагарод і афіцэрскіх фуражак часоў Другой сусветнай вайны.

Калекцыя касак СС

Практычна кожны калекцыянер ваеннага антыкварыяту рана ці позна сутыкаецца з праблемай аўтэнтыфікацыі, г.зн. праверкі сапраўднасці прадметаў, якія ён збіраецца набываць. Калі гаворка ідзе аб так званых “франтавых” рэчах, якія прайшлі праз баявыя дзеянні, то часцей за ўсё яны даходзяць да нашага часу, так бы мовіць, не ў камплекце. У тых жа касак можа (і хутчэй за ўсё так бывае) згніць падшлемнікі, сцерціся эмблемы і знакі. Умелыя майстры ўсё гэта аднаўляюць і спрабуюць прадаць прадмет у якасці цалкам аўтэнтычнага. Але такім ён не з’яўляецца, і калекцыянер, веды якога па прадмеце неглыбокія, рызыкуе пераплаціць вялікія грошы.

Большасць такіх адноўленых рэчаў робіцца для ваенна-гістарычных рэканструктараў, якія са скрупулёзнай дакладнасцю аднаўляюць знешняе аблічча прадстаўнікоў розных армій. Але часцей, рэканструктары карыстаюцца наваробнымі рэчамі. Логіка простая: шкада падчас рэканструкцыі “забіваць” рэч, якая каштуе вялікіх грошай. Яе месца на музейным стэндзе або на манекене ў прыватнай калекцыі.

Прыватная калекцыя ў Канадзе, коштам больш за мільён долараў

Для таго, каб адрозніць арыгінал ад падробкі, калекцыянеры вывучаюць літаратуру і архіўныя матэрыялы. З часам яны ператвараюцца ў прафесійных знаўцаў ваеннай гісторыі. Многія з іх выступаюць кансультантамі на здымках фільмаў у вядомых рэжысёраў.

Адкуль што бярэцца?

Большасць прадметаў ваеннага антыкварыяту захавала да нашых дзён матухна-зямля. Шматлікія ваенныя канфлікты, які пранесліся праз Беларусь, не маглі не пакінуць сваіх слядоў у выглядзе шматлікіх акопаў, бліндажоў, месцаў баёў, і проста салдацкіх пахаванняў. Паляўнічых за ваеннымі рарытэтамі ў нас часцей за ўсё называюць “чорнымі археолагамі”.

Але не ўсіх энтузіястаў, якія займаюцца ваеннай археалогіяй, варта адносіць да такіх. Дзякуючы дзейнасці многіх з іх удалося аднавіць раней не вядомыя воінскія пахаванні і месцы баёў. Гэтыя людзі, па сутнасці, вяртаюць сучаснаму грамадству памяць пра тую вайну. Да таго ж, афіцыйныя пошукавыя фарміраванні проста не ў сілах правесці пошукі паўсюдна, а значыць, праца энтузіястаў заслугоўвае павагі. Варта таксама адзначыць, што ваенныя археолагі — гэта часцей за ўсё добрыя краязнаўцы і гісторыкі, бо для таго, каб нешта знайсці, трэба ведаць, дзе шукаць.

Нямецкія каскі, знойдзеныя на месцах баёў

 

Нават нягледзячы на тое, што з моманту заканчэння Другой сусветнай прайшло ўжо вельмі шмат часу, наша зямля ўтойвае вялікае мноства напамінаў пра яе. Нават у падмаскоўным лесе сёння можна знайсці варонку з савецкімі каскамі і іншымі элементамі абмундзіравання, сабранымі сялянамі з раллі ў адзін з пасляваенных гадоў. А што казаць пра нашыя, беларускія пушчы і лясы, дзе пасля вайны не ступала нага чалавека.

Іншы пласт — гэта рэчы, якія да сённяшняга дня захаваліся ў многіх вясковых хатах. Напрыклад, пасля вайны многія беларускія сяляне карысталіся пераробленымі нямецкімі кіцелямі ды шынялямі, а на нагах у іх былі дыхтоўныя каваныя нямецкія боты. У гаспадарцы выкарыстоўваліся любыя скрыні і каністры. Гранатамі глушылі рыбу, з маўзераўскімі вінтоўкамі і штыкамі хадзілі на паляванне. Каскі выкарыстоўвалі для бытавых патрэб. Гадоў пяць таму ў адной з вёсак Бабруйскага раёна мне ўдалося знайсці нямецкую каску, якую ўмелы беларускі селянін перарабіў пад чарпак.

Пятліцы Беларускай Краёвай Абароны

А крыху пазней, у загашніках аднаго з раённых музеяў усё той жа Бабруйшчыны ўдалося знайсці і зусім унікальную рэч — нямецкі супрацьтанкавы гранатамёт “Афенрор”, грозную зброю, якой нацысты хацелі спыніць савецкі “Баграціён”. Дык вось гэтая “труба” ціха і мірна стаяла працяглы час у адной з беларускіх сялянскіх хат, пакуль хтосьці з нашых сучаснікаў, палічыўшы гранатамёт не патрэбнай аўтамабільнай дэталлю, здаў яе ў краязнаўчы музей. Цікавы выпадак адбыўся з маім сябрам. Да апошняга часу ён і яго сям’я абедалі, выкарыстоўваючы відэльцы і лыжкі з фашысцкай маркіроўкай. Выпадкова звярнуўшы ўвагу на арлы, выбітыя на задняй паверхні прыбораў, ён стаў распытваць бабулю, і аказалася, што відэльцы засталіся ад нямецкіх афіцэраў, якія ў 1943 годзе цэлы год жылі ў іх вясковай хаце. І такіх гісторый дзясяткі тысяч.

Нямецкі супрацьтанкавы гранатамёт “Афенрор”

Дзе набыць?

Большасць з прадметаў, знойдзеных у зямлі або ў хатах запаслівых сялян, звычайна адпраўляюцца на розныя барахолкі, накшталт Ждановіцкага рынку пад Мінскам, ці на “Вернісаж” ў маскоўскім Ізмаілава. У Маскве, як вядома, іншыя грошы круцяцца, і ў прыезджых прадаўцоў ёсць магчымасць атрымаць за свае знаходкі значна большыя сумы, чым на радзіме.

Больш дарагія аўтэнтычныя рэчы адпраўляюцца наўпрост на прылаўкі дарагіх маскоўскіх антыкварных крам. Напрыклад, у самым цэнтры расійскай сталіцы размешчаны салон-крама “Лейбштандарт”, які хутчэй нагадвае дарагую прыватную галерэю. На сценах вісяць аўтэнтычныя рускія ваенныя сцягі пачатку ХХ стагоддзя, на манекенах апранутыя разнастайныя мундзіры, на падстаўках вісіць агнястрэльная і халодная зброя. Словам, усё вельмі на высокім узроўні. Расійскае выданне часопіса “Форбс”, характарызуючы працу гэтай крамы, адзначае, што “эмоцыі забяспечаных мужчын — вельмі добры рухавік гандлю”. “Лейбштандарт”, які пачаў працу некалькі гадоў таму ў падвале недалёка ад Парку Перамогі, паспеў перамясціцца ў самы цэнтр Масквы і займае зараз некалькі ёмістых залаў на Цвярской. У Беларусі, на жаль, пакуль такіх кропак няма.

Частка рэчаў сыходзіць на інтэрнэт-аўкцыёны. У нас такіх некалькі, і асартымент ваеннага антыкварыяту там пастаянна абнаўляецца. Купляючы на інтэрнэт-аўкцыёнах аўтэнтычныя прадметы ваеннага антыкварыяту, варта дамагацца максімальнай гарантыі таго, што рэч сапраўды арыгінальная. Ведаю шмат сумных выпадкаў, калі людзі праз інтэрнэт куплялі за вялікія грошы звычайныя навароб, а потым доўга і ўпарта дамагаліся праўды.

Многія калекцыянеры ваеннага антыкварыяту купляюць новыя экспанаты для сваіх калекцый на еўрапейскіх аўкцыёнах і ў крамах антыкварыяту. Продаж расійскіх ордэнаў і медалёў ажыццяўляюць нямецкія фірмы “Andreas Thies”, “Carsten Zeige”, аўкцыённы дом “Herman Historica”, ангельскія фірмы “Spink and Son”, “Dix Noonan Webb”, аўстрыйскі аўкцыён “Dorotheum”, французскі аўкцыён “Tajan”. Што ж тычыцца савецкіх баявых узнагарод, то іх продаж па-за законам, і тыя, хто займаецца іх рэалізацыяй, рызыкуюць наклікаць на сябе вельмі вялікія праблемы. Да таго ж рынак цяпер наводнены вялікай колькасцю падробак. А вось савецкія нагрудныя знакі можна купляць зусім свабодна. Зараз асаблівым попытам карыстаюцца знакі праваахоўных органаў: УЧК, АДПУ, НКУС. Напрыклад, знак “Ганаровы супрацоўнік дзяржбяспекі” сёння каштуе 1500 даляраў, і попыт на іх вельмі высокі.

Калекцыянеры мілітарыяў часта збіраюцца на злёты і выставы. У Маскве, у выставачнай зале “Манеж” кожны год праводзіцца выстава антыкварыяту і прадметаў калекцыянавання “Традыцыя”, на якой прадстаўлена вялікая колькасць цікавых аўтэнтычных прадметаў, многія з якіх можна там жа набыць. Дарэчы, не варта думаць, што ў Беларусі няма багатых калекцыянераў мілітарыяў. На аўкцыёне “Max Show”, які прайшоў у 2007 годзе ў амерыканскім Пітсбургу, калекцыянер з Мінска набыў форму афіцэра РОА (поўны камплект: фрэнч, брыджы, каска, боты) з ўзнагародамі: “Жалезны крыж” першай ступені і срэбны знак “За барацьбу з партызанамі”, а таксама асабістымі дакументамі, у тым ліку аўсвайсам, падпісаным асабіста гаўляйтэрам Вільгелмам Кубэ і альбомам з фотаздымкамі за 20 000 даляраў.

Савецкая каска і процігаз, знойдзеныя на месцы баёў

У Беларусі пакуль яшчэ не створана годная інфраструктура, а калекцыянеры і аматары замест таго, каб дэманстраваць свае дасягненні ў буйных выставачных залах, вымушаныя ціха збірацца на сваіх сходах. Але я ўпэўнены, што гэта па-сапраўднаму мужчынскае захапленне ў хуткім часе атрымае новы імпульс, бо цікавасць да ваеннай гісторыі будзе заўсёды на высокім узроўні.

Фота аўтара або з архіва аўтара

Абмеркаванне:

  • Максім
  • 2013-03-20 04:51:47
Вельмі цікавая тэматыка! 6000 даляраў за каску-фантастычны кошт. Але на еўрапейскіх аукцыонных сайтах можна знайсці і больш дарагія каскі-з цаной больш за 12000$(і гэта не каска дэсантніка, а
звычайны сталёвы шлем). Атрымоўваецца нейкі парадокс: каскі, якія штампаваліся ў гады вайны.

мільённымі тыражамі прадаюцца па такіх вялікіх коштах(здаецца, што высокая цана абумоўлена яшчі і добрай захаванасцю). Фірмы, якія гэтым займаюцца даюць 100% гарантыю аб аўтэнтычнасці тавара. У нас
жа, ў Беларусі,нямецкія каскі прадаюць звычайна па цане не большай за 200 даляраў.

У мяне ўзніклі пытанні наконт забароны продажу савецкіх баявых узнагарод:такая забарона існуе у нас, у Беларусі, ці толькі ў Еўропе? І чым яна абумоўлена?
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-03-20 04:58:02
Такая забарона існуе, перш за ўсё ў Расіі. У Еўропе забаронена прапаганда чырвонай зоркі і свастыкі, але савецкія ўзнагароды прадаюцца

Каментаваць