Чорны дзень беларускай журналістыкі

20 кастрычніка на Каладзішчанскі могілках, што ў 9 кіламетрах на паўночны ўсход ад Мінску, пахавалі вядомага беларускага журналіста Альгерда Невяроўскага. У гэты ж дзень на гэтых жа могілках блізкія і калегі ўсклалі кветкі да магілы Веранікі Чаркасавай — слыннай беларускай журналісткі, жорстка забітай у сваёй сталічнай кватэры роўна пяць гадоў таму.

Развітацца з Альгердам Невяроўскім прыйшлі дзесяткі людзей. Напярэдадні з Варшавы прывезлі урну з попелам журналіста, крэміраванага ў польскай сталіцы некалькі дзён таму. Дадому па сталічнай вуліцы Каліноўскага, дзе жыў Альгерд Невяроўскі, прыехалі яго калегі з калектываў, дзе журналіст працаваў цягам свайго нядоўгага жыцця, — забароненай уладамі газеты “Свабода, "Радыё Свабода", "Радыё Рацыя"…

“Кожнае развітанне з калегамі — гэта яшчэ і знак нам, жывым, больш берагчы адзін аднаго, цаніць творчасць і не шкадаваць добрых словаў пры жыцці, — сказала над магілаю Альгерда старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна.

Пасля пахавання Альгерда многія скіраваліся да магілы Веранікі Чаркасавай. Так атрымалася, што менавіта ў дзень пахаванняў Альгерда споўнілася пяць год ад дня жорсткага забойства таленавітай і вядомай журналісткі. “За гэтыя пяць год мы не змаглі даведацца праўды, што здарылася з Веранікай, хто быў яе забойцам, — сказаў рэдактар “Салідарнасці (у мінулым газеты, дзе працавала Вераніка, а зараз папулярнага аднайменнага інтэрнэт-выдання) Аляксандр Старыкевіч. — Але ёсць і станоўчае, і яно ў тым, што мы памятаем Вераніку, штогод прыязджаем на яе магілу. Мы ў нашым калектыве і сёння ставімся да Веранікі як да жывога чалавека, а не як да нябожчыка…

Светлая памяць вам, калегі… 

Пахаванне праху Альгерда Невяроўскага

Родныя і сябры ля магілы Веранікі Чаркасавай

Каментаваць