Чорны спіс расце

Яшчэ 19 беларускім службоўцам Еўрапейскі Саюз забараніў уезд на тэрыторыю сваіх краін. Яны спрычыніліся да рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер агульны спіс неўязных асобаў з Беларусі налічвае 175 чалавек.



Яшчэ 19 беларускім службоўцам Еўрапейскі Саюз забараніў уезд на тэрыторыю сваіх краін. Яны спрычыніліся да рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер агульны спіс неўязных асобаў з Беларусі налічвае 175 чалавек.

У чорны спіс дадаліся пракуроры і суддзі, якія ўжо вынеслі прысуды па “справе 19 снежня. Гэта суддзя Вольга Комар і пракурор Антон Загароўскі (справа Васіля Парфянкова). А таксама суддзя Таццяна Чаркас і пракурор Таццяна Маладцова (справы Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Дзмітрыя Новіка).

Сярод новых неўязных —  два намесніка міністра ўнутраных справаў, Валеры Гайдукевіч і Сяргей Гурэеў. А таксама камандзір роты амапаўцаў Раман Кадзін. У спіс трапілі тры намеснікі міністра юстыцыі і чатыры рэктары тых ВНУ, у якіх адлічылі з вучобы студэнтаў па палітычных прычынах. Гэта Пётр Кухарчык (рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта), Міхаіл Батура (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), Мечыслаў Часноўскі (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт) і Тамара Алпеева (Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут).

Кэтрын Эштан, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, заявіла, што спіс з’яўляецца адкрытым. І будзе пастаянна пераглядацца з улікам далейшага развіцця сітуацыі ў Беларусі.

Афіцыйны Мінск у адказ зрабіў адпаведныя захады: 22 сакавіка абвясціў пра свой чорны спіс замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Як заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, туды “ўключаны асобы, якія робяць дэструктыўныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі і наносяць шкоду міжнароднаму супрацоўніцтву.

Аднак агучваць прозвішчы МЗС не стаў. “Асобы, уключаныя ў спіс, змогуць даведацца аб гэтым, калі звернуцца за візай у беларускую амбасаду, — паведаміў Савіных. І наогул, паводле яго словаў, цяпер візіты еўрапейскіх і амерыканскіх дэлегацый “палітычнага ўзроўню будуць ажыццяўляцца пры наяўнасці запрашэння ад органаў улады Беларусі.

Як стала вядома з неафіцыйных крыніц, беларускі чорны спіс фармаваўся з больш чым 150 прадстаўнікоў ЕС і ЗША. Сярод іх — кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк і еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч, якія з’яўляюцца “злоснымі крытыкамі беларускага рэжыму.

Рэакцыя беларускіх уладаў, як мяркуюць назіральнікі, сведчыць, што візавыя санкцыі ЕС маюць уплыў. Хоць і не прымушаюць рэжым ісці на саступкі, але раздражняюць. Беларускія ж санкцыі эксперты лічаць зусім неэфектыўнымі. Бо еўрапалітыкі не так ужо моцна імкнуцца ў Беларусь. А вось сярод 175 беларускіх чорнаспісачнікаў дакладна знойдуцца тыя, хто не супраць быў бы паездзіць па Еўропе.
 

Каментаваць