Хрэсны ход са Слоніма да Жыровічаў у гонар закатаванага ў сталінскіх лагерах (+фота)

У Слоніме адбыўся Хрэсны ход у гонар Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця). Такім чынам штогод 5 ці 6 верасня праваслаўныя вернікі Слонімшчыны памінаюць свайго земляка Серафіма Жыровіцкага, які быў закатаваны ў сталінскіх лагерах.



Сёлета Хрэсны ход пачаўся ад Слонімскага духоўнага вучылішча на вуліцы Віленскай. Затым пра цэнтр горада вернікі дайшлі да царквы Серафіма Жыровіцкага на Брэсцкай вуліцы, дзе адбылася памінальная літургія. Пасля літургіі Хрэсны ход рушыў на Жыровічы. У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбылося святочнае ўшанаванне памяці гэтага прападобнамучаніка.

Беларускі святар Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць) у 1946 годзе быў арыштаваны органамі НКУС. Вялікдзень ён сустрэў у сталінскіх лагерах вітаннем сваіх братоў па лагеру: “Хрыстос Уваскрос!..”. “Сапраўды ўваскрос!”, — адказвалі зэкі.

Пачуўшы гэтыя святыя словы, лагернае начальства пачало лютаваць. Яно схапіла Рамана Шахмуця і кінула яго ў карцэр, дзе знаходзілася па пояс ледзяная вада. А потым прывязалі рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Так загінуў архімандрыт Серафім Жыровіцкі.

У 1999 годзе Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім Жыровіцкі быў далучаны да ліку святых новапакутнікаў. А ў 2000 годзе на юбілейным Архіерыйскім Саборы РПЦ, які праходзіў у Маскве, Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, быў кананізаваны.

Фота аўтара

Каментаваць