Хто адказны за смяротнае пакаранне?

Людзі думаюць, што найперш дзяржава адказная за тое, што ў Беларусі дагэтуль захоўваецца смяротнае пакаранне. Канешне, лягчэй усё спіхнуць на дзяржаву, не ўсведамляючы, што дзяржава — гэта мы.



Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі заўжды ўздымаецца ў Сусветны дзень правоў чалавека, 10 снежня. Гэта зразумела, бо смяротная кара — парушэнне асноўнага і галоўнага чалавечага права — права на жыццё. Гэты год таксама не стаў выключэннем. 10 снежня «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» прадставіў вынікі сацыялагічнага даследавання «Злачынства і пакаранне — ўспрыманне, ацэнкі, стаўленне грамадства», якое ў жніўні-верасні гэтага года правяла група кампаній «Satio» па заказе арганізацыі «Міжнародная турэмная рэформа» (Penal Reform International).

Незаўважная смяротная кара

Гэтае даследаванне цікава тым, што «Satio» праводзіць яго другі год запар. І таму вельмі цікава пагладзець, як змянілася думка людзей у дачыненні да смяротнай кары за год.

Што здзіўляе? Здзіўляе тое, што, згодна новаму даследаванню, людзей, абазнаных пра тое, што ў Беларусі смяротная кара ёсць і прымяняецца, як ні дзіва, паменела. У мінулым годзе пра гэта ведалі 67,1% апытаных, у гэтым годзе — 62,7%. Затое тых, каму «цяжка адказаць» на гэтае пытанне паболела — з 10,4% у мінулым годзе да 16,2% у гэтым. Рэч вельмі дзіўная, паколькі ў СМІ рэгулярна пішацца пра розныя жахлівыя злачынствы. Напрыканцы мінулага года былі вынесеныя два смяротныя прысуды — жыхару Гомеля, які жорстка забіў студэнтку, нанесшы ёй больш за сто нажавых раненняў, і вілейскаму забойцы, які пасек жонку і яе палюбоўніка, а галаву апошняга вазіў з сабою ў сумцы ледзьве не праз усю Беларусь.

Такое ўражанне, што нашае грамадства не цікавіцца гэтымі злачынствамі, а калі цікавіцца, то не да канца: выкананне смяротнага прысуда праходзіць па-за іх увагай.

Чаму так адбываецца?

Кансультант па выніках даследавання, каардынатар спецпраектаў «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Юлія Хлашчанкова адзначыла, што беларускае грамадства за апошні час моцна «атамізуецца». «Мы назіраем разрыў камуніукацый. Як камунікацый «чалавек-чалавек», так і камунікацый «чалавек-дзяржава». Кожны пяты беларус адказвае, што давярае толькі сабе, але пры гэтым 85% лічаць сябе шчаслівымі людзьмі. Што да дзяржавы, то нашыя людзі адносяцца да яе іранічна і «ўсёразумеючы». Дзяржава для іх аказваецца дзесці збоку, і галоўнае, каб яна «не перашкаджала нам жыць», — умоўна так думаюць людзі. Гэта яскрава адлюстроўваеца на пытанні, хто захоўвае смяротнае пакаранне. Толькі 9% людзей кажуць: гэта мы, народ. Хто нясе адказнасць за смяротныя прысуды? Толькі 5% людзей кажуць, што яны нясуць за гэта адказнасць. А 42% лічыць, што адказная за гэта дзяржава. То бок гэта дзяржава, дзесці ў сябе прымае рашэнне пра смяротнае пакаранне, а мы тут, і нас гэта не тычыцца», — тлумачыць Хлашчанкова.

Між тым, дзяржава заўсёды апелюе «воляй народа». Нам увесь час кажуць пра рэферэндум 1996 года, дзе большасць выказалася за захаванне смяротнага пакарання, і смяротныя прысуды таксама выносяцца ад нашага імя —ад імя Рэспублікі Беларусь, адзінай крыніцай улады ў якой, па Канстытуцыі, з’яўляецца народ. То бок, насамрэч кожны чалавек датычны да пакарання смерцю.

Можа быць, з-за гэтай «атамізацыі» людзі і не хочуць ведаць ані пра смяротнае пакаранне, ані пра ягонае выканане, ані пра праблемы, з гэтым звязаныя. Каб не турбаваць свой «зручны ўнутраны свет».

Канешне, меркаванне людзей «пластычнае», адзначыла Хлашчанкова. Сёння людзі думаюць адно, заўтра яны паглядзяць тэлевізар, пачытаюць газету, і будуць думаць па-іншаму. Аднак у мінулым годзе людзям задавалася пытанне: ці дастаткова ім інфармацыі ў СМІ пра смяротнае пакаранне? Толькі 6% апытаных адказалі, што ім гэтай інфармацыі дастаткова.

Юлія Хлашчанкова: пытанне смяротнага пакарання не можа быць «пытаннем густу»

«Тэма смяротнага пакарання пастаянна ва ўвазе, і толькі 6% адказалі, што інфармацыі ім дастаткова. Канешне, гэта можа быць пытаннем і аб колькасці матэрыялаў, і аб іх якасці. Ёсць паняцце інфармацыйнай перагружанасці, калі ты перастаеш успрымаць аргументы і адключаешся ад тэмы. Да таго ж, пытанне смяротнага пакарання не можа быць «пытаннем густу»: адзін раз выказаліся «за» ці «супраць», паразмаўлялі, разышліся. Смяротнае пакаренне — гэта сістэмнае пытанне, гэта частка дзяржаўнай сістэмы, і значная частка», — адзначыла Хлашчанкова.

Простае пытанне?

Сапраўды, ад наяўнасці ці адсутнасці смяротнага пакарання залежыць, як жыве грамадства, то бок мы з вамі. І гэта не высокія словы і не перабольшванне. Адсутнасць смяротнага пакарання — гэта найпершая ўмова ўступлення краіны ў Савет Еўропы. А ўступленне ў Савет Еўропы дае доступ не толькі да еўрапейскага правасуддзя. Гэта дае магчымасць удзельнічаць у праектах СЕ па развіццю медыцыны, захаванні біяразнастайнасці і культурнай спадчыны, барацьбе з гандлем людзьмі, дыскрымінацыяй, хатнім гвалтам, развіццю адукацыі і маладзёжных праграмах, і шмат яшчэ ў чым.

Толькі Саветам Еўропы справа не абмяжоўваецца. Як зазначыў каардынатар Penal Reform International Сяргей Шымавалос, адсутнасць смяротнага пакарання аўтаматычна ўплывае і на пенітэнцыярную сістэму ў бок яе гуманізацыі. «Мы ўспрымаем адмену смяротнага пакарання не як самамэту, а як адзін з элементаў крымінальнай палітыкі. Адмена смяротнага пакарання — гэта аўтаматычна пытанне рэформы ўсёй пенітэнцыярнай сістэмы», — зазначыў ён.

Сяргей Шымавалос: Адмена смяротнага пакарання паўплывае на гуманізацыю пенітэнцыярнай сістэмы

З захаваннем смяротнага пакарання пенітэнцыярная сістэма застаецца карнай. Як толькі гэты элемент пакарання прыбіраецца, сістэма амаль аўтаматычна гуманізуецца і перанакіроўваецца на выпраўленне і сацыялізацыю зняволеных.

Аднак, пры ўсіх маральных і матэрыяльных выгодах адмены смяротнага пакарання, за такі крок адназначна выступаюць толькі 34,6% апытаных беларусаў. За смяротную кару — 32%. За смяротнае пакаранне пры некаторых умовах —25,6%.

Канешне, гэтыя лічбы лепшыя, чым ў мінулым годзе. Тады прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання было 31,4%, прыхільнікаў яе захавання — 36,2%, а захавання «з умовамі» — 27%. То бок, людзі гуманізуюцца, але невялікімі тэмпамі.

Не размаўляйце з незнаёмымі!

Справа ў тым, што людзі і «атамізуюцца», і адварочваюцца ад дзеяння, замыкаюцца ў сваім коле. І з-за гэтага, па меркаванні дырэктара міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне» Мікалая Матрунчыка, людзі нічога не мяркуюць увогуле, і ў дачыненні да смяротнага пакарання — у прыватнасці.

«Корань гэтай нейкай «мазаічнасці» будзе ў любым апытанні беларусаў: ці яно будзе тычыцца смяротнага пакарання, ці нарказалежнасці, ці энергетычнай бяспекі. І думкі — гэта зусім несур’ёзна. Заўтра ён паглядзеў тэлебачанне, і ягоная думка змянілася на 180 градусаў. Думкі — гэта віраванне нейкіх мысляў. На жаль, пасля выказвання думак у беларусаў няма працэсу разважанняў, складання ўражанняў у нейкую структуру, сістэмнасць. Няма працэсу фармавання меркавання. Меркаванне — гэта каштоўнасць, а думкі… Яны могуць памяняцца ўжо заўтра», — лічыць Матрунчык.

Мікалай Матрунчык: Беларусы ўвогуле не маюць меркавання пра смяротнае пакаранне

Сапраўды, каб стаўленнне да смяротнага пакарання ў грамадстве кардынальна памянялася, трэба, каб грамадства прыкладала да гэтага намаганні. Хаця б намаганні мыслення. Трэба хаця б усвядоміць, што ўсе грамадзяне Беларусі, кожны персанальна, хоць крышачку, але адказныя за вынясенне смяротнага прысуду.

А вось прыкладаць намаганні, хаця б розумам, грамадзяне не жадаюць. Лягчэй усё спіхнуць на дзяржаву, не ўсведамляючы, што дзяржава — гэта мы.

Фота аўтара

Каментаваць