Хто будзе крайнім?

Лукашэнка сапраўды гаспадар свайго слова. Сам даў — сам забраў. Кoлькі год нам казалі пра «бяспечнасць» расійскай авіябазы ў Беларусі, пра тое, што яна будзе прыкрываць і нашае неба. А зараз высвятляецца — базы не будзе.



Ніякай расійскай базы на тэрыторыі Беларусі не будзе, а гаворка ідзе толькі аб базаванні ваенных самалётаў і верталётаў, заявіў Лукашэнка, спрабуючы адказаць крытыкам размяшчэння расійскай ваеннай авіябазы ў Бабруйску. «Я назіраю ў апошні час крыкі нашай апазіцыі з нагоды размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога пра гэта не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, — я пра гэта нічога не ведаю», — зрабіў фэйс кірпічыкам Аляксандр Рыгоравіч.

«Нам не трэба база сёння. Тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбны пэўныя ўзбраенні. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву», — дадаў Лукашэнка, які за 4 дні да галасавання ў чарговы раз эксплуатаваў тэму незалежнасці Беларусі.

«У нас ёсць адказнасць, і ў Расіі, і ў Беларусі. Мы заключылі пагадненне — яны адказваюць разам з намі за заходні кірунак. Фактычна мы не ў адзіночку супраць NАТO тут стаім, разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас ёсць канкрэтны план нават на выпадак вайны, як трэба дзейнічаць, — патлумачыў Лукашэнка, навошта яму расійскія знішчальнікі. — Натуральна, мы яго не апублікуем, гэта абсалютна сакрэтны план, але на гэтым напрамку галоўная сіла — гэта беларуская армія. Калі канфлікт — Расія пачынае нас падтрымліваць адпаведнымі людскімі рэсурсамі, вызначаны канкрэтныя арміі, самалёты, верталёты і гэтак далей. На выпадак канфлікту».

«У мяне на гэты конт ні з кім не было размовы», — заявіў Лукашэнка.

Але Гугл усё ведае. Былі, былі размовы ў Аляксандра Рыгоравіча. І ў 2009 годзе з Мядзведзевым, і ў 2013 годзе з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу. Менавіта ў 2013 годзе была дасягнутая (і потым выкананая) дамоўленасць пра дзяжурствы расійскіх знішчальнікаў на базе ў Баранавічах і аб стварэнні авіябазы, тады, папярэдне — у Лідзе. Праўда, Лукашэнка тады сапраўды казаў не пра «базу», а пра «самалёты». Але пра «базу» знарок злілі інфармацыю расійцы: каб паглядзець на рэакцыю клятага NАТO. Рэакцыя была аніякай, і таму размовы пра «базу» працягнуліся. Дарэчы, яе стварэнне прадугледжвалася ў гэтым годзе.

Праўда, чаго дагэтуль не патлумачыў Лукашэнка, дык гэта навошта нам супрацьстаяць NАТO. У параўнанні з Расіяй гэты блок зараз выглядае белым і пухнатым кацянём. Прынамсі, выразнай небяспекі ад яго для Беларусі не бачна.

Рэакцыя Расіі на гэты спіч Рыгоравіча была прадказальна шокавай. Яны ў разгубленасці зазіраюць у дамовы, падпісаныя беларускім кіраўніком, і думаюць, чаму не верыць: альбо сваім вушам, альбо сваім вачам. «Я пакуль не гатовы каментаваць. Гэта трэба праверыць, пра што ідзе гаворка, і толькі пасля гэтага мы зможам нешта сказаць», — заявіў у адказ на словы Лукашэнкі прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў.

Няма нічога новага пад сонцам. Такі ж шок расійскія ваякі атрымалі і ў 2013-м, калі, пасля дамоўленасці з Шайгу пра авіябазу Лукашэнка заявіў, што такіх дамоўленасцяў няма, а размова ідзе ўсяго толькі пра бясплатную пастаўку самалётаў для войска Беларусі.

Ужо тады аналітыкі казалі: база — не база, Лукашэнку ўсё адно. Проста за размяшчэнне расійскай базы на беларускай тэрыторыі трэба плаціць. І кіраўнік сінявокай такім чынам «заломвае цану». Магчыма, тое ж самае атрымліваецца і зараз, але ўжо і з «палітычным» падтэкстам. Калі Масква паспрабавала «нахіліць» Лукашэнку вайсковым пытаннем, скарыстаўшыся прэзідэнцкімі выбарамі — атрымайце ў адказ падаруначак!

А як потым Расія будзе плаціць за сваю базу: альбо гатоўкай, альбо беспрацэнтнымі і беззваротнымі крэдытамі — ужо пасля разбярэмся.

Канешне, сваёй заявай кіраўнік Беларусі ў чарговы раз паказаў сябе як «недамаўляльнага» і непрадказальнага партнёра, здольнага ў любы момант скасаваць любыя абяцанкі, ці то вусныя, ці то пісьмовыя. Але ў тым і справа, што «ў чарговы раз». Праўда, упершыню гэта закранула «гонар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі» — супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Гэта была, бадай, адзіная сфера ў адносінах двух краінаў, у якой усе дамовы выконваліся — да цяперашняга часу.

А яшчэ, за пяць дзён да выбараў мы даведаліся, колькі народу прагаласуе за Аляксандра Рыгоравіча. Лукашэнка хацеў бы, каб лічба галасоў за яго склала 80%. Па ягоных словах, гэта важна, каб з моцнай пазіцыі выступаць на міжнароднай арэне. «Прыйдзе на выбары 40%. Ну ці 50%, у нас менш за палову быць не павінна. Ну вось 50% прыйдзе і 1 голас, і за яго там прагаласуе дзесьці палова. А за спінай будзе ўсяго 25% насельніцтва, якія за яго прагаласуюць. І як ён будзе весці перамовы потым? З іншымі кіраўнікамі дзяржаў?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў часе адкрыцця першага кавалка другой МКАД пад Мінскам.

«І калі прэзідэнт моцны, як вы заўсёды мяне падтрымлівалі, — 80%! Ні ў каго нават пытанняў не было. Калі я прыязджаю і вяду перамовы, ён разумее: 80% за яго прагаласавала», — дадаў ён.

Спадарыня Лідзія Ярмошына, кіраўніца ЦВК, і, па яе ж словах, «чалавек прэзідэнта», не можа не ўлічыць жаданне свайго патрона. Калі ён сказаў 80% — значыць, будуць 80%. Словы Лукашэнкі толькі ў чарговы раз прадэманстравалі, што аніякіх зменаў у беларускіх выбарах не адбудзецца.

Зразумела, калі за кіраўніка дзяржавы прагаласавалі 80% — ён будзе «весці перамовы потым». А вось калі яму намалявалі гэтыя 80% — гэта ўжо іншая справа. У перамоўным працэсе яму застаецца альбо казаць састарэлыя банальнасці з трыбунаў міжнародных арганізацый, альбо «падносіць каву вёдрамі» тым, за каго прагаласавала 50% + 1. Бо за тых прагаласавалі, а не намалявалі ім лічбы.

Іншыя кандыдаты ў прэзідэнты пасля такіх заяваў могуць адпачываць. Яны зрабілі ўсё, што маглі. Зараз ад іх нічога не залежыць. Яны могуць адпачываць і цешыцца: ім не прыйдзецца разграбаць усё тое, што нарабіў Аляксандр Рыгоравіч у краіне, і асабліва — у эканоміцы. Адказным за ўсё па-ранейшаму будзе ён.

А вось Лукашэнку не пазайздросціш. Бо ўсе астатнія, — у тым ліку і Масква, — таксама разумеюць, хто за ўсё адказны.

Каментаваць