Хто перашкаджае сапраўднай дэмакратыі?

Дзеянні мясцовых распараджальнікаў выбарчага працэсу выглядаюць так, быццам бы яны ўсяляк замінаюць здзяйсненню мары Аляксандра Рыгоравіча ўбачыць на мясцовых выбарах 75 працэнтаў выбаршчыкаў.



Ужо падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у кандыдаты ў дэпутаты назіраецца спроба сарваць выбары. Яскрава гэта паказалі пікеты актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якія прайшлі 2 лютага ў Мінску. Невядомыя «людзі ў цывільным» ушчыльную здымалі пікетоўцаў на відэакамеры, абражалі і пагражалі ім, і ўвогуле ўсяляк правакавалі на нейкія эмацыйныя дзеянні. Ля ўніверсаму «Беларусь» сябар Завадской выбарчай камісіі Вольга Крыжаноўская сумесна з супрацоўнікамі міліцыі патрабавалі спыніць пікет па зборы подпісаў за сябра аргкамітэту БХД, а таксама спрабавалі забраць у іх падпісныя аркушы. Супрацоўнікі міліцыі пагражалі арыштаваць удзельнікаў пікету ля гандлёвага цэнтра «Глоба».

У выніку прамоўцу БХД Максіму Гацаку Кастрычніцкая раённая выбарчая камісія Мінска 3 лютага аднагалосна вынесла папярэджанне. Прадстаўнікі камісіі палічылі незарэгістраванай сімволікай бел-чырвона-белую расцяжку, а таксама ўлічылі заяву сябра ініцыятыўнай групы пра тое, што выбараў у Беларусі няма і ўсе дэпутацкія месцы ўжо падзеленыя.

Пакуль актывісты па стварэнні БХД яшчэ рыпаюцца, некаторыя вырашылі адразу кінуць дурную справу. Сябры Партыі БНФ на Піншчыне прынялі рашэнне не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, і паведамілі пра гэта на Брэсцкай абласной радзе ПБНФ.

Пінск на мерапрыемстве прадстаўлялі Аляксандр Рамановіч і дэпутат Пінскага гарсавета 1991–1999 гадоў Аляксандр Аўсяенка. «Гэтыя выбары пройдуць як заўсёды, няма сэнсу ў іх удзельнічаць, бо нічога не змянілася. Можа, уладам і патрэбна плеяда кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі для паказухі, а людзі сапраўды хочуць сапраўдных выбараў, інтрыгі, барацьбы. На жаль, да гэтага мясцовыя ўлады не гатовыя», — заявіў Рамановіч.

Так што навідавоку канфлікт інтарэсаў, у якім, як ні дзіўна, Аляксандр Лукашэнка аказваецца на баку прадстаўнікоў апазіцыі. Ёсць інтарэс Аляксандра Лукашэнкі, каб народ прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Ёсць інтарэс народу, які прагне «дзвіжухі» на гэтых выбарах. Ад актыўнасці кандыдатаў у немалой ступені залежыць і яўка на ўчасткі. А ёсць інтарэс мясцовых «выканаўцаў», якія ўсяляк спрабуюць збіць выбарчую актыўнасць, тым самым збіваючы і яўку. То бок, інтарэс «выканаўцаў» уступае ў канфлікт з інтарэсам Аляксандра Рыгоравіча.

Гэты канфлікт тым больш відавочны, калі ўзгадаць сустрэчу кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай 2 снежня ўжо мінулага года. Маючыя адбыцца выбарчыя кампаніі ў Беларусі павінны стаць дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі, казаў тады Аляксандр Лукашэнка. «Выбары будуць вельмі сур’ёзныя. Мы сур’ёзна павінны да гэтага перыяду рыхтавацца. І хацелася б, каб гэтыя выбары сталі дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі. Тут мы павінны ў рукі народу аддаць усё для таго, каб народ сам вызначыўся, хто будзе кіраваць ім і дзяржавай, як будзе развівацца краіна і ў якім кірунку. Гэта маё жалезнае меркаванне», — падкрэсліў тады правадыр Беларусі.

Чаму раптам у Аляксандра Рыгоравіча і ў «выканаўцаў на месцах» узнік канфлікт інтарэсаў?

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць гэты канфлікт даволі звычайным для беларускай улады. «З аднаго боку, уладам трэба правесці мабілізацыю народа на перадвыбарчыя ўчасткі, а з іншага — правесці выбары так, каб «за дужкамі» выбарчай кампаніі засталася палітычная кампанія. Паміж гэтымі Сцылай і Харыбдай улады і будуць балансаваць», — кажа Карбалевіч.

Тое, што Аляксандр Лукашэнка выказваецца на карысць дэмакратызацыі, а практыка паказвае разыходжанне словаў са справамі — гэта таксама, на ягоную думку, звычайная з’ява. «Тое, што дэкларуе Аляксандр Лукашэнка, неаднаразова разыходзілася са справамі, і такая сітуацыя існуе столькі, колькі існуе рэжым. Гэта ўжо рытуал, які выконваецца рэгулярна: казаць адно, а на выхадзе атрымліваць зусім іншае. Напрыклад, для мяне тое, што гэтыя выбары будуць праходзіць па больш жорсткім сцэнары, чым папярэднія, стала відавочна не тады, калі ўлады накінуліся на пікеты БХД, а калі не зарэгістравалі ініцыятыўныя групы за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Каб у іншай краіне ўлады не зарэгістравалі ініцыятыўныя групы лідараў буйнейшых палітычных партый — гэта быў бы шалёны скандал. А ў нас гэта паказчык таго, што ні ў якую дэмакратыю ўлады гуляць не збіраюцца, і пытанні іміджу, напрыклад, на міжнароднай арэне іх проста не хвалююць», — мяркуе палітолаг.

Але ўсё ж, і самі ўлады, і вялікая частка грамадства ведаюць — мясцовыя выбары і мясцовыя дэпутаты анічога не вырашаюць. Маглі б хаця б для праформы зрабіць «бачнасць дэмакратыі».

«Для мяне пытанне не ў тым, каб «маглі б даць больш волі». Пытанне палягае ў логіцы ўлады: «А навошта з імі цырымоніцца»? Ва ўлады зараз няма абмежаванняў ані ў іміджавым, ані ў якім іншым плане, няма ані знешніх, ані ўнутраных перашкодаў для таго, каб цырымоніцца з апазіцыяй. Няма перад кім праяўляць лібералізм. Таму ўлада дзейнічае ў абсалютна звыклым рэжыме», — лічыць Карбалевіч.

Ну а што тычыцца яўкі на выбары… Дык яе звыкла альбо «намалююць», альбо ўключаць адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурсы. І Лукашэнка будзе задаволены колькасцю выбаршчыкаў, і «мясцовыя выканаўцы» атрымаюць выбары «без палітыкі». А тое, што гэта не «сапраўдная дэмакратыя» — ну хто ж пра гэта ўзгадае…

Каментаваць