Хто ў нас галоўны сябра?

Як мы ні лашчымся да Расіі, яна ўсё роўна няўдзячная.  У адказ нам — толькі фіга з макам. Пэўна, трэба нам шукаць іншых саюзнікаў. Больш лагодных і прывабных. Гэтым мы на тыдні і заняліся.



Пакуль слаба заціхае скандал з расійскім топ-менеджарам «Уралкалія» Уладзіславам Баўмгертнерам. Хоць у Беларусі яго і перавялі пад хатні арышт з СІЗА КДБ, хоць і перадалі матэрыялы крымінальнай справы ў пракуратуру Расіі, хоць і заяўлялі прэзідэнты пра «спрэчку гаспадарчых суб’ектаў», але ўсё роўна замінае ён нам у міждзяржаўных адносінах. Напрыклад, Міністэрства энергетыкі Расіі заявіла, што не плануе пераглядаць графік паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале.

Паводле кіраўніка «саюзнага» Мінэнерга Аляксандра Новака, графік на чацвёрты квартал трубаправодных паставак узгоднены ў аб’ёме 3,1 мільёна тон, і пакуль яго перагляд не плануецца.

Варта адзначыць, што першыя тры кварталы Расія пастаўляла ў Беларусь нафту з разліку беларускіх перапрацоўшчыкаў у 23 мільёна тон: у I квартале 5,75 мільёна тон, у II квартале — 5,3 мільёна тон, у III квартале таксама 5,3 мільёна тон.

Як толькі здарыўся скандал з Баўмгертнерам, Расія вырашыла пастаўляць нафту, зыходзячы са свайго разліку ў 18,5 мільёна тон, і скараціла пастаўку да 3,1 мільёна тон. Вось такія ў нас «саюзнікі» — з-за аднаго чалавека крыўдзяць цэлы народ!

Пакуль няма пэўнасці і на год наступны. Графік паставак нафты ў Беларусь на першы квартал наступнага года будзе фармавацца да 15 снежня, і яшчэ «ёсць час на падрыхтоўку», адзначыў Новак. Хто і да чаго будзе рыхтавацца — невядома.

Калі нас кідае бліжэйшы саюзнік, то трэба рухацца ў іншым напрамку. Напачатку тыдня Беларусь наведаў украінскі прэм’ер-міністр Мікалай Азараў. На фоне ўкраінска-расійскай вайны наконт пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС, тут ён пачуў шмат прыемнага. І пра тое, што Беларусь не збіраецца кідаць супрацоўніцтва з Украінай, і тое, што ЕС — паважаны намі выбар украінскага народа, і гэтак далей. Адпаведна, Азараў дамовіўся, што ўрады нашых краінаў створаць экспертныя групы па мадэляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва пасля падпісання Кіевам пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.

«Мы дамовіліся аб тым, што экспертныя групы двух урадаў у бліжэйшы час пачнуць сумесны аналіз таго, як практычна будуць развівацца нашы гандлёва-эканамічныя адносіны ва ўмовах дзеяння рэжымаў Мытнага саюза і зоны свабоднага гандлю Украіны з ЕС», — сказаў Азараў.

Пры гэтым, паводле слоў украінскага прэм’ера, асноўная ўвага будзе засяроджана на тым, як не толькі захаваць, але і павялічыць аб’ёмы супрацоўніцтва, выкарыстоўваць новыя абставіны для ўсебаковага развіцця двухбаковых адносін.

«Я паставіў задачу Мінэканомразвіцця, міністэрству прамысловай палітыкі і міністэрству аграрнай палітыкі і харчавання, каб экспертныя групы ажыццявілі шматфактарнае мадэляванне развіцця сітуацый літаральна па ўсіх асноўных групах тавараў, якія могуць быць у нашым двухбаковым гандлі», — падкрэсліў Азараў.

Але самая прыемная яго навіна аказалася сапраўды салодкай. Літаральна на наступны дзень пасля ад’езду Азарава, насуперак дзеянням расійскага харчнагляду, Дзяржстандарт Беларусі заявіў, што не выявіў парушэнняў у кандытарскіх вырабах «Roshen» па паказчыках бяспекі. Інспекцыі Дзяржстандарту ў ліпені-жніўні 2013 года правялі маніторынгі і праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства і тэхнічных нарматыўных прававых актаў пры рэалізацыі 295 найменняў кандытарскіх вырабаў, вырабленых на фабрыках кандытарскай карпарацыі «Roshen».

«У выніку выпрабаванняў, праведзеных у акрэдытаваных лабараторыях, па паказчыках бяспекі (наяўнасць таксічных элементаў, пестыцыдаў, мікатаксінаў, утрыманне свінцу, кадмію, ртуці, мыш’яку; мікрабіялагічныя паказчыкі), парушэнняў не было выяўлена», — заявіў беларускі Дзяржстандарт.

Гэткая маральна-матэрыяльная падтрымка Украіны, відавочна, не засталася па-за ўвагай еўрапейскіх саюзнікаў нашай паўднёвай суседкі.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook, што ў цяперашні час рыхтуецца рашэнне аб скарачэнні спісу беларускіх грамадзян, якім забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага саюза.

Паводле інфармацыі Віталя Рымашэўскага, у першую чаргу са спісу могуць быць выключаны так званыя «беларускія алігархі» (Уладзімір Пефціеў, Юрый Чыж і іншыя), а ў другую — асобы, якія не займаюць тыя пасады, на якіх яны знаходзіліся ў момант складання спісу. Як сцвярджае Рымашэўскі, пытанне ў цяперашні час разглядаецца вышэйшым кіраўніцтвам Еўрапейскай Камісіі, і рашэнне пра скарачэнне спіса можа быць прынята на працягу гэтага месяца.

Разгляд пытання, як лічыць Рымашэўскі, звязаны з актыўнай дзейнасцю беларускіх бізнэсмэнаў у еўрапейскіх судах, дзе яны спрабуюць абскардзіць рашэнне аб уключэнні іх у спіс, а таксама ў палітычных колах. Дадатковым фактарам, лічыць палітык, можа паслужыць нядаўняя серыя артыкулаў пра іх у беларускіх незалежных СМІ, дзе гэтыя людзі паказаны людзьмі з гісторыяй поспеху ў развіцці бізнесу, і дзе ні слова гаворыцца аб метадах іх працы і цесных сувязях з беларускімі ўладамі.

На думку Рымашэўскага, неабходна прыцягнуць увагу беларускай грамадскасці да таго, што адбываецца, бо звужэнне спісу неўязных у ЕС не можа быць апраўдана ў той час, калі ў турмах Беларусі ўтрымліваюцца палітвязні.

Тут Рымашэўскі яўна з’еў нешта не тое, і гэта відавочна была не цукерка «Roshen». Па-першае, Савет па замежных справах ЕС і не хавае таго, што гэты спіс рэгулярна пераглядаецца «з улікам развіцця сітуацыі». Па-другое, ужо былі выпадкі, калі ў гэтым спісе заставаліся, напрыклад, памерлыя беларускія чыноўнікі. Дык што, забараняць ім уезд у ЕС нават пасмяротна? А тое, што серыя артыкулаў у беларускіх СМІ можа паўплываць на рашэнне ЕС — гэта ўвогуле нейкая канспіралогія.

Можа, Украіна нам проста дапаможа сябраваць з ЕС, а ЕС проста стварае больш спрыяльную глебу для такога сяброўства?

Каментаваць