Хто застанецца незадаволеным?

Вось колькі высілкаў мы ўжо паклалі на тое, каб правесці Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску на належным узроўні! Аднак жа знойдуцца людзі, якія створаць нам праблемы на пустым месцы.



Вось кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на тыдні запатрабаваў, каб службы Мінска неадкладна рэагавалі на «ўсе крытычныя заўвагі і пытанні, якія ўзнікнуць у ходзе Чэмпіянату свету па хакеі». «Ёсць такі прынцып: кліент заўсёды мае рацыю. Таму я патрабую ад кіраўнікоў усіх службаў неадкладна рэагавання на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць… Ніякіх пытанняў, якія датычацца функцыянавання сістэмы гарадскога забеспячэння, быць не павінна. Ні адна крытычная заўвага, якая паступіць, не застанецца без увагі», — заявіў Ладуцька.

Пытанне ў тым, калі гэтыя «крытычныя заўвагі» альбо невыканальныя, альбо супярэчаць беларускаму заканадаўству. Напрыклад, расійскія хакейныя ўльтрас захацелі правесці ў Мінску свой Дзень перамогі.

Прэзідэнт клуба расійскіх заўзятараў "Russia Unites" Эдуард Латыпаў заявіў, што плануецца арганізаваць калону расійскіх фанатаў і паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах у Мінску.

Праўда, спачатку планавалася асобнае шэсце пад гістарычнай назвай «Рускі марш». Пад такой назвай расійскія «каларады» спрабавалі захапіць Усход Украіны, а ў Расіі «рускія маршы» даўно сталі сінонімам неанацызму і рускага фашызму.

Мінгарвыканкам на тое санкцыю не даў. Таму расійскія заўзятары хакею заявілі, што прымуць удзел у дэманстрацыі ў гонар Дня перамогі «на агульных падставах» — уліцца ў калоны мітынгуючых ім, нібыта, ніхто не забароніць.

У Расіі такое «ўліванне ў калоны» ледзьве не заўсёды заканчвалася бойкамі. Што зараз будзе рабіць беларуская міліцыя — невядома.

З аднаго боку, замежных турыстаў, хоць яны і расійскія, дадзены загад «аблізваць». З іншага — яны могуць прынесці вельмі шмат непрыемнасцяў. І тут не адхрысцішся, што нібыта міліцыя «не была папярэджаная» — адпаведныя заявы з патрабаваннем забяспечыць беларусам бяспеку падчас правядзення ЧС па хакеі і папярэджанне пра дзеянні расійскіх фанатаў афіцыйна накіравалі ў Мінгарвыканкам і міліцыю Партыя БНФ і кампанія «Гавары праўду!».

Незадаволенымі застануцца не толькі расійскія фанаты, якім «не далі марш», але і розныя абаронцы жывёлаў. Справа ў тым, што ў першыя тры дні чэмпіянату, 9–11 мая, службы адлову безнаглядных жывёл будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Па словах намесніцы дырэктара ГП «Фаўна горада» Тамары Царыкоўскай, гаспадарам хатніх жывёл у дні правядзення ЧС варта быць асабліва ўважлівымі і не адпускаць далёка ад сябе сваіх гадаванцаў. «Таму што яны будуць адлоўленыя і дастаўлены ў наш пункт (часовага ўтрымання жывёл «Фауны горада»). Гаспадары змогуць забраць сваіх жывёл, але за іх захаванне ім прыйдзецца заплаціць. Адзін дзень утрымання ў пункце адлову каштуе 31.700 рублёў», — патлумачыла Царыкоўская.

Вельмі часта службы адлову сустракаюць у горадзе маленькіх сабак, якія ўцяклі ад сваіх гаспадароў. «Мы рэкамендуем гаспадарам абавязкова на нашыйніках сваіх жывёл пісаць нумар тэлефона», — падкрэсліла Царыкоўская, дадаўшы, што так будзе прасцей вылічыць уладальнікаў жывёлінак і вярнуць «прапажу».

Так што горад будуць шчыльна «зачышчаць» і ад бадзяжных жывёлінак. Што, канешне, не дадасць станоўчых эмоцыяў барацьбітам за правы жывёлаў.

Няпросты перыяд у нас наступіў і ў міжнародных адносінах. На фоне канфлікту Расіі і Украіны Аляксандр Лукашэнка задумаўся, што ж будзе з СНД. Яшчэ раней з-за расійскай агрэсіі з арганізацыі выйшла Грузія і вяртацца ў яе не спяшаецца. Зараз па той жа прычыне ад старшынства ў гэтым годзе адмовілася Украіна, і не факт, што «яна застанецца з намі». «Мы справімся з гэтымі праблемамі. Разбураць, хай нават не зусім такую Садружнасць, якую б мы хацелі і да якой мы імкнёмся, тым не менш нельга», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Выканкама СНД Сяргеем Лебедзевым.

Лукашэнка спадзяецца, што «СНД было, ёсць і будзе». Але ўсё ж пытанні, якім яно будзе і навошта яно яшчэ трэба, усё ж стаяць на павестцы дня. Асабліва, калі напрыканцы мая мы маем намер стварыць Еўразійскі эканамічны саюз.

Што ж датычна Украіны, то Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь настойліва рэкамендуе беларускім грамадзянам устрымацца без крайняй неабходнасці ад паездак у Украіну, гаворыцца ў паведамленні МЗС РБ. «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца ў цяперашні час ва Украіне, настойліва рэкамендуецца пазбягаць удзелу ў палітычных акцыях і масавых мерапрыемствах да поўнай нармалізацыі абстаноўкі», — раіць беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Так што беларусам напярэдадні сезона адпачынкаў трэба думаць, куды паехаць. Па відавочных прычынах, адпадаюць Крым, дзе паўвайсковае становішча, няма вады і ежы, і Затока — Адэса з іхнімі нестабільнасцямі і мажлівымі гвалтоўнымі дзеяннямі. Але пры гэтым і наш родны МЗС не падвёў. З 1 чэрвеня гэтага года беларускія грамадзяне могуць ездзіць без віз у Турцыю. Менавіта з гэтага дня набывае моц пагадненне паміж урадамі Беларусі і Турцыі аб узаемнай адмене віз.

Згодна з дакументам, беларускія грамадзяне змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі без візы на працягу 30 дзён за адну паездку. На працягу аднаго года можна будзе заязджаць у Турцыю без візы шматкроць, але агульны тэрмін такога знаходжання не павінен перавышаць 90 дзён.

І гэта прыемная навіна не толькі для адпускнікоў. Зараз беларускія «чаўнакі» будуць «ганяць у Турцыю» самастойна, чым падарвуць эканамічную стабільнасць усялякіх маскоўскіх «чэркізонаў». Будзем спадзявацца, што турэцкі тавар зараз будзе трапляць у Беларусь наўпрост і патаннее, бо не будзе той «накруткі», якую здымаюць з беларускіх прадпрымальнікаў маскоўскія ці ўкраінскія «пасярэднікі». Галоўнае, каб яшчэ «Белавія» ўвяла дадатковыя камерцыйныя рэйсы ў Стамбул — і ўвогуле будзе добра.

Каментаваць