Хутка пачнецца ўзвядзенне мемарыялу “Трасцянец”

У карсавіку пачнецца ўзвядзенне мемарыялу "Трасцянец". Пра гэта 28 сакавіка ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай стварэнню гэтага помніку ваеннай гісторыі Еўропы, паведаміла навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекту мемарыялу Ганна Аксёнава.



Фрагменты праекту мемарыялу зправа ад Магілёўскай шашы


Як вядома, з лістапада 1941 па канец чэрвеня 1944 гадоў каля вёскі Малы Трасцянец у Мінскім раёне (цяпер у межах сталіцы) дзейнічаў Трасцянецкі лагер смерці, дзе па афіцыйных дадзеных было знішчана 206.500 вязняў Мінскага гета і ваеннапалонных, палітычных зняволеных нямецкіх турмаў і лагераў, габрэяў з Аўстрыіі, Германіі, Польшчы і Чэхаславакіі. Людзі, што трапілі ў лагер, жылі не больш за 1-2 дні. Сюды рэгулярна прывозілі з Мінску ахвяраў у машынах-душагубках. Масавыя забойствы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына , дзе да кастрычніка 1943 году былі расстраляны 150 тысяч чалавек; ва ўрочышчы Шашкоўка (каля былой вёскі Шабаны, цяпер у межах Мінска), дзе з кастрычніка 1943 году ў спецыяльнай крэмацыйнай яме-печы былі спалены больш за 50 тысяч расстраляных і загубленых газамі ахвяраў, а попел выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі, што належала ўправе паліцыі бяспекі і СД; у былым калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец, дзе напрыканцы чэрвеня 1944 году былі знішчаны 6,5 тысяч чалавек.     

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі  Валянцін Рыбакоў распавёў, што на месцы былога Трасцянецкага лагера смерці будзе ўзведзены нацыянальны мемарыял плошчай 130 гектараў і коштам 9–10 млн.еўра.  Паводле ягоных слоў, галава дзяржавы асабіста курыруе гэты праект, для ажыццяўлення якога дзяржаўным заказчыкам — Мінгарвыканкамам адрыты спецыяльны дабрачынны рахунак. Валянцін Рыбакоў выказаў падзяку  грамадскасці ФРГ за ініцыятыву па збору ахвяраванняў на пабудову мемарыялу.  

Амбасадар Германіі ў Беларусі Вольфрам Маас звярнуў увагу на тое, што мемарыял, які ствараецца дзеля ўвекавечвання памяці бязвінных ахвяраў нацызму, у тым ліку больш за 20 тысяч нямецкіх габрэяў, павінен стаць своеасаблівым папярэджаннем сённяшняму і будучым пакаленням: нельга дапусціць прыярытэту насілля над правам.

Затым удзельнікам канферэнцыі быў прадстаўлены праект мемарыялу, на тэрыторыі якога 8 чэрвеня запланавана закладка капсулы з імёнамі загінулых вязняў. У цырымоніі прымуць удзел прадстаўнікі Аўстрыі, Беларусі, Германіі, Ізраілю, Польшчы, Расіі і Чэхіі.

Мемарыял будзе складацца з дзвух частак, падзеленых шашою Мінск-Магілёў. Зправа ад шашы (распрацоўка інстытуту “Мінскпраект”), дзе  падчас Другой сусветнай вайны ва ўрочышчы Шашкоўка і ў былым калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец было знішчана больш за 56,5 тысяч чалавек, прадугледжана стварэнне галоўнай кампазіцыйнай васі — "Дарогі памяці", якая будзе ісці да плошчы з манументам "Брама памяці". За ім, на тым месцы, дзе фашысты рассейвалі попел спаленых людзей, запраектавана "Поле пахавання": газон, адмежаваны ад вуліцы Сяліцкага пасадкай дрэў. Непасрэдна тэрыторыя канцлагера будзе абазначана мемарыяльнымі плітамі з гістарычнай інфармацыяй. Фундаменты некаторых будынкаў (баракаў, дома каменданта), якія захаваліся з часоў вайны, плануецца закансерваваць і побач з імі ўсталяваць шыльды з адпаведнай інфармацыяй. Існуючыя памятныя знакі ў "Трасцянцы” мяркуецца рэканструяваць такім чынам, каб яны спалучаліся з усёй кампазіцыяй.

Злева ад шашы (распрацоўка творчай майстэрні Леаніда Левіна), дзе ў 1941–1943 гадах нацысты расстралялі 150 тысяч вязняў і дзе знаходзяцца 34 брацкія магілы з парэшткамі ахвяраў нацызму, дэпартаванымі з Заходняй Еўропы, запланавана ўзвядзенне “Пляцу надзеі” белага колеру і зігзагападобнай “Дарогі смерці” чырвонага колеру (з пластычнымі кампазіцыямі – перакуленымі дамамі, разбітай менорай і дрэвамі каранямі дагары, што сімвалізуюць парадокс вайны), па якой наведвальнікі мемарыялу пройдуць да  “Пляцу трвгедыі” чорнага колеру праз стылізаваныя чыгуначныя вагоны з прозвішчамі забітых на сценах.     

Трэба падкрэсліць, што праект не прадугледжвае ўвекавечвання ў Трасцянцы памяці ахвяраў сталінізму, якія, на меркаванне незалежных айчынных гісторыкаў, у даваенны час былі знішчаныя супрацоўнікамі НКУС у той частцы  ўрочышча Благаўшчына, дзе зараз узвышаецца гарадскі сметнік.

Каментаваць